Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 жніўня 1999 г.


Віталь Тарас, Прага

Выступаючы ў чацьвер Гомлі, Аляксандар Лукашэнка даволі рэзка крытыкаваў расейскі Фэдэральны сход у сувязі з сытуацыяй, якая паўстала пасьля адстаўкі Сьцяпашына. Ён назваў некаторых ягоных сябраў "бунтаўшчыкамі".

Тым часам дэпутат Дзярждумы Мікалай Ганчар выступіў сёньня з крытыкаю Аляксандра Лукашэнкі ў маскоўскім выданьні "Независимая газета". За ўзаемнымі абвінавачваньнямі Лукашэнкі й маскоўскіх палітыкаў праглядаецца той факт, што ідэя аб'яднаньня Беларусі й Расеі, прынамсі адкладаецца.

Як стала вядома, яшчэ 5-га жніўня Маскоўская дзяржаўная выбарчая камісія адмовіла ініцыятыўнай групе начале з дэпутатам Думы Мікалаем Ганчаром у рэгістрацыі рэфэрэндуму з пытаньнем: "ці лічыце вы набходным узьяднаньне Расейскай Фэдэрацыі й Рэспублікі Беларусь у адзіную дзяржаву?"

Сёньня ў інтэрвію "Независимой газете" Мікалай Ганчар заявіў, што супраць ідэі аб'яднаньня выступаюць розныя сілы – ад мэра Масквы Лужкова да Аляксандра Лукашэнкі. Ягоныя паводзіны дэпутат назваў дзіўнымі: "ён правёў у сябе рэфэрэндум, а наконт рэфэрэндуму ў Расеі казаў, што ня трэба сьпяшацца. У аб'яднаньня, дакладней, узьяднаньня Расеі ды Беларусі – бо мы ж былі адзінай дзяржаваю – вельмі шмат ворагаў. Як у нутры нашых краінаў, гэтак і па-за межамі".

Паводле словаў Мікалая Ганчара, галоўным аргумантам супраць рэгістрацыі быў той, што тэрмін "узьяднаньне" не зьяўляецца юрыдычным. Аднак, на ягоную думку, гэта ня важна, бо йснуе, маўляў гістарычная практыка – прыкладам, узьяднаньне Ўкраіны з Расеяй або нямецка-нямецкае ўзьяднаньне.

Мікалай Ганчар, міжволі прызнае, што згодна з расейскай Канстытуцыяй падобны рэфэрэндум ня будзе мець сілы. А дзеля зьменаў у Канстытуцыі неабходна стварыць канстытуцыйны сход. Між тым, Дума ўжо праваліла закон "Аб канстытуцыйным сходзе". Так што сытуацыя ў гэтым пытаньні паўстае тупіковая.

Тым больш, што катэгарычна супраць гэтай ідэі выступае ня толькі Лужкоў, але і ўплывовыя лідэры нацыянальных рэспублікаў – прыкладам, прэзыдэнт Татарстану Шайміеў.

Лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч, які раней неаднаразова спрабаваў правесьці ідэю аналягічнага рэфэрэндуму, сёньня ў інтэрвію "Белорусской деловой газете" заявіў, што адстаўкай Сьцяпашына Ельцын паказаў – ні аб якой "саюзнай" дзяржаве ня можа быць гаворкі да 2001 году. Пры гэтым Гайдукевіч нечакана дадаў, што ЛДП выступала зь ініцыятываю правядзеньня рэфэрэндуму толькі з аднае мэты – людзі ў Беларусі ў бальшыні супраць аб'яднаньня.

XS
SM
MD
LG