Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 жніўня 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Працягвае расьці колькасьць ахвяраў кампаніі па вяртаньні крэдытаў. На гэтым тыдні ў цэнтар скандалу патрапіў вядомы камэрцыйны банк "Пошук". У сераду паводле інфармаваных дасьведчаных крыніцаў, улады зарыштавалі трох былых кіраўнікоў гэтага банку, якія падазраюцца ў невяртаньні буйных крэдытных рэсурсаў.

Афіцыйная інфармацыя наконт затрыманьня былых кіраўнікоў камэрцыйнага банку "Пошук", як паведамілі нашаму радыё ў прэсавай службе міністэрства нутраных справаў, будзе агучаная ў бліжэйшы панядзелак. Што тычыцца неафіцыйнае, то зьвесткі на гэты конт наступныя — праваахоўныя ворганы краіны арыштавалі 11 жніўня трох асобаў: былога прэзыдэнта банку Валянціну Сурыну, былога старшыню рады дырэктараў гэтае банкаўскае установы Сяргея Каранько і ўладальніка ў мінулым буйнога пакету акцыяў "Пошуку" Анатоля Красоўскага.

Як лічаць назіральнікі, іхны арышт стаўся вынікам сыгналу Аляксандра Лукашэнкі, пададзеным сваім карным структурам пасьля сустрэчы зь Пятром Пракаповічам, што адбылася 9 жніўня. Мяркуецца, што старшыня Нацбанку ў сваёй справаздачы ў гэты дзень па пытаньню нявернутых банкаўскіх крэдытаў закрануў крэдытныя справы "Пошуку", пасьля чаго й пачалася апэрацыя па затрыманьню згаданых вышэй асобаў.

Няма сумневу, што гэтыя арышты яшчэ болей зьнізяць спраўную рэпутацыю ў грамадзтве банку, які ў свой час знаходзіўся ў групе мацнейшых у краіне. Як не зьяўляецца сакрэтам і той факт, што на сёньняшні дзень гэтая ягоная рэпутацыя сярод насельніцтва й бізнэсовых структураў знаходзіцца на вельмі нізкім узроўні. "Пошук" лічыцца абсалютным лідэрам сярод айчынных банкаўскіх установаў па паказьніку, што справакаваў каманію так званых "нявернутых крэдытаў". Гэты паказьнік, "дрэнныя крэдыты" — па іншаму, такія крэдыты, якія маюць нізкую верагоднасьць вяртаньня. У той час, калі цалкам па банкаўскай сыстэме краіны "дрэнных крэдытаў" у сярэднім 11 адсоткаў, то "Пошук" іх мае каля 50 адсоткаў.

Існуюць розныя пункты гледжаньня на прычыны эканамічнага заняпаду згаданага банку. Адныя лічаць, што ў пэрыяд знаходжаньня на чале "Пошуку" зарыштаваных зараз асобаў тут непрафэсыйна ажыцьцяўляўся банкаўскі бізнэс. У прыватнасьці, спадарыня Сурына, якая працавала прэзыдэнтам банку да леташняй восені, публічна выказвалася пра памылковасьць сваёй каманды па выдачы банкаўскіх крэдытаў. Яна казала, што банкзаняпаў з прычыны крэдытаваньня інвэстыцыйных праектаў, якія, у зьвязку з дрэнным агульнаэканамічным кліматам у краіне, фінансава не акупляліся.

Паводле іншае вэрсыі, банкаўскі бізнэс у "Пошуку" наўмысна вёўся гэткім чынам, каб з дапамогаю крэдытаў узбагаціць пэўных ягоных кіраўнікоў. Дзьве іншыя зарыштаваныя асобы, спадары Каранько й Красоўскі, да мінулага году ўваходзілі ў склад найбольш уплывовых акцыянэраў згаданага камэрцыйнага банку. Мяркуецца, што менавіта ў іхных інтарэсах ажыцьцяўлялался крэдытная палітыка скандальнае банкаўскае ўстановы.

Трэба сказаць, што апроч гэтых, вядомых у банкаўскіх колах асобаў, да дзейнасьці "Пошуку" ў апошнія гады меў дачыненьне набліжаны да ўладаў прадпрыймальнік Эйдзін, які ўжо некалькі месяцаў сядзіць за кратамі.

Зразумела, зараз можна толькі гадаць — як складзецца лёс затрыманых 11 жніўня. З другога боку, назіральнікі ўжо зараз адзначаюць, што яны наўрад ці могуць разьлічваць на падвышаную ўвагу да сабе й спагадлівасьць грамадзтва. У адрозьненьні ад спадароў Клімава ці Кудзінава, арыштаваныя зараз прадстаўнікі беларускіх спраўных колаў незаўважаныя ў змаганьні за лепшую долю гэтага грамадзтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG