Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 жніўня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Усё болш разнагалосьсяў зьяўляецца сярод апазыцыйных партыяў, якія рыхтуюцца да дыялёгу з уладаю пад пасярэдніцтвам АБСЭ. Абнародаваны днямі мэмарандум, падпісаны лідэрамі палітычных партыяў, выклікаў нязгоду ў некаторых зь іх. Сацыял-дэмакраты заявілі, што яны не падпісвалі мэмарандум у тым выглядзе, у якім ён быў надрукаваны. Гэты тэкст, які падпісалі сем палітычных партыяў, прадугледжвае перадачу паўнамоцтваў на вядзеньне перамоваў з уладамі Вярхоўнаму Савету.

Ідэя дэлегаваньня партыі функцыяў па вядзеньню перамоўнага працэсу з уладамі менавіта Вярхоўнаму Савету ставіла на мэту: па-першае, падцьвердзіць легітымнасьць заканадаўчага воргану, па-другое, прымусіць улады размаўляць зь Вярхоўным Саветам і, па-трэцяе, зьняць пытаньне адносна размытасьці апазыцыйнае дэлегацыі.

Да апошняга чау ў кансультацыях бралі ўдзел і буйнейшыя, і малаўплывовыя палітычныя партыі ("і жук, і жаба" — як пісалі назіральнікі). Аднак, гэтая ініцыятыва палітычных партыяў можа так і не ўвасобіцца. І лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч, і выканаўца абавязкаў старшыні БНФ Лявон Баршчэўскі, і нават лідэр лібэрал-дэмакратаў Сяргей Гайдукевіч назвалі адное даволі вядомае ў беларускай палітыцы прозьвішча — Віктара Ганчара, прыналежнасьць якога да перамоўнага працэсу ўжо ператварыла фармаваньне апазыцыйнае дэлегацыі ў брудную палітычную гульню.

Менавіта гэтыя словы ўжыў лідэр Народнае Грамады Мікола Статкевіч, камэнтуючы нашаму радыё сытуацыю. Паводле ягоных словаў, Народная Грамада не падпісала трэці, галоўны пункт мэмарандуму, і не дэлегавала Вярхоўнаму Савету сваіх функцыяў на вядзеньне перамоваў. Разам з тым, мэмарандум быў перададзены ў прэсу з подпісам Міколы Статкевіча.

(Статкевіч: ) "Нас увёў у стан шоку апошні абзац гэтага мэмарандуму, у якім прапануецца, каб партыі перадалі свае паўнамоцтвы Вярхоўнаму Савету. Гэта юрыдычны нонсэнс.

Так, Вярхоўны Савет дае прапановы па складзе дэлегацыі, кардынуе нашую дзейнасьць, але перадаваць паўнамоцтвы, калі гэта ўжо не парлямант, а нейкая палітычная сіла, то, даруйце, палітычная сіла і колькасна, і па сваіх магчымасьцях ня вельмі шматлікая. І зноў жа, яна складваецца з прадстаўнікоў іншых партыяў. Нам гэтае было незразумела.

Адбылася нарада кіраўніцтва партыі, і там аднагалосна было прынятае такое рашэньне, што Вярхоўны Савет мусіць браць удзел, ён можа вызначыць арганізацыі, якія мусяць браць удзел, але асобы, прозьвішчы мусяць называць самі партыі. Але аб ніякой перадачы паўнамоцтваў гаворкі йсьці не магло!

Зараз Вярхоўны Савет рэальна кіруецца чалавекам, рэпутацыя якога, мякка кажучы, зьяўляецца далёка не бездакорнай..."

(Карэспандэнт: ) "Значыць, у прынцыпе, вы згодныя на тое, каб Вярхоўны Савет каардынаваў працу, але свайго прадстаўніка на перамовы вы будзеце вызначаць самі?"

(Статкевіч: ) "Безумоўна".

Выканаўца абавязкаў старшыні БНФ Лявон Баршчэўскі ня ўбачыў у мэмарандуму небясьпекі для Беларускага Народнага Фронту. Ён лічыць, што з дэлегаваньнем Вярхоўнаму Савету функцыяў па фармаваньню дэлегацыі ад апазыцыі, прэвэнтыўна здымаецца пытаньне пра легітымнасьць апазыцыйнае дэлегацыі. Разам з тым, умоваю БНФ зьяўляецца тое, каб склад дэлегацыі зацьвярджаў ня першы віцэ-сьпікер Віктар Ганчар, і нават не прэзыдыюм Вярхоўнага Савету, а ўвесь Вярхоўны Савет:

(Баршчэўскі: ) "Каб мець каардынуючы цэнтар, які вызначыць склад дэлегацыі і, як той казаў, асьвяціць яго фармальна, было вырашана, што такім ворганам можа быць толькі Вярхоўны Савет. Не асабіста спадар Ганчар ці Шарэцкі, ні прэзыдыюм Вярхоўнага Савету, а Вярхоўны Савет. Таму што йначай ня будзе зразумелы статус гэтай дэлегацыі ад апазыцыі — хто мусіць належыць да апазыцыі? У гэтым сэнсе я і падтрымаў гэты мэмарандум, і лічу, што ён вельмі правільны ў гэтай сытуацыі.

І рэакцыя афіцыйнае беларускае прэсы блізкая да гістэрыкі. Іхнай задачаю было — гэтую карту разыграць: што яны ня знаюць, зь кім весьці перамовы, і хто можа прадстаўляць апазыцыю. Гэты крок правільны".

Адчуўшы, што з дэлегаваньнем Вярхоўнаму Савету функцыяў на вядзеньне перамоваў лібэрал-дэмакраты апынуцца па-за межамі перамоўнага працэсу, што, улічваючы малаўплывовасьць гэтае партыі, выглядае цалкам натуральна, лідэр лібэрал-дэмакратаў Сяргей Гайдукевіч пачаў рабіць гучныя заявы. Прычым, ня толькі ад свайго імя. Гайдукевіч заявіў, што ніколі не пагодзіцца перадаць функцыі Вярхоўнаму Савету й Ганчару. Лідэр лібэрал-дэмакратаў спасылаецца на ранейшыя дамоўленасьці зь кіраўніцтвам АБСЭ, згодна зь якім ў перамовах мусяць браць удзел палітычныя партыі, прэзыдыюм Вярхоўнага Савету й грамадзкія арганізацыі:

(Гайдукевіч: ) "Мы прызнаем легітымнасьць Вярхоўнага Савету, але бачым яго толькі як аднаго з удзельнікаў апазацыйнае дэлегацыі, і ня больш — гэта прынцыповая дамоўленасьць зь кіраўніцтвам АБСЭ".

Пакуль што відавочна, што чарговы скандал у шэрагах апазыцыі з нагоды фармаваньня дэлегацыі на перамовы з уладамі, можа, калі бліжэйшымі днямі пытаньне ня будзе зьнятае, зруйнаваць міт адносна кансалідаванае пазыцыі апазыцыянэраў. Назіральнікі задаюцца пытаньнем — "каму ад гэтага горш?"

XS
SM
MD
LG