Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 жніўня 1999 г.


Казімер Яноўскі, Гомля

(эфір 11 жніўня)
Учора ў праграме Беларускае тэлевізыі "Панарама" паведамілі, што "праблема стронцыю для чарнабольскіх раёнаў зьяўляецца набалелай. Ужо ня першы год гаспадаркі пацярпелых ад катастрофы раёнаў нясуць страты на тым, што замест харчовай пшаніцы мусяць прадаваць фуражную. Так у калгасе "Чырвоная ніва" Брагінскага раёну 700 тонаў пшаніцы забруджана па стронцыю вышэй за прынятыя нормы. Вядома, і ёй знойдуць ужытак, аднак, розьніца ў кошце будзе вельмі адчувальная для гаспадаркі". Больш за ўсё ўражвае гэта супакойлівае: "не хвалюйцеся, і стронцыю знойдзем скарыстаньне". Між тым, менавіта цяпер, праз 13 гадоў пасьля Чарнобылю, падцьвярджаецца сумны прагноз навукоўцаў пра небясьпеку так званых, малых дозаў радыяцыі. Малыя дозы нараджаюць жахлівыя праблемы для здароўя.

Заўтра на Гомельшчыну, і канкрэтна, у калгас "Перамога" Кармянскага раёну прыяжджае Аляксандар Лукашэнка. Гаворка зноў пойдзе пра тэмпы бойкі за ўраджай. Нягледзячы на ўстаноўку — зкончыць яе яшчэ да 1 жніўня, ніводзін раён так і ня здолеў выканаць гэтую задачу.

На сёньняшні дзень, мяркуючы па зводках Воблсельгаспроду, убрана толькі 3/4 збожжавых культураў. Яшчэ 95 тысячаў гэктараў збажыны знаходзяцца, як той казаў, на корані.

Але гаворка сёньня не пра тэмпы бойкі за ўраджай, а пра здабыткі ды якасьць збожжа. Па-першае, вобласьць зьбярэ толькі недзе каля 600 тысячаў тонаў збожжа замест заплянаванага мільёну. Па-другое, гаспадаркі рэгіёну сутыкнуліся сёлета зь небывалым пераходам ў збожжа радыянуклідаў цэзыю і стронцыю. І стронцыю — асабліва.

Галоўны радыёляг Воблсельгаспроду Віктар Бабась зьвязвае гэтую акалічнасьць са сьпякотным надвор'ем, якое ў значнай ступені абумовіла міграцыю радыянуклідаў у збожжа. Ня выключаны і агратэхнічныя хібы ў вырошчваньні збожжавых культураў, але асноўная бяда палягае ў тым, што нягледзячы на 13-гадовы тэрмін па Чарнобыльскай катастрофе, пад пасевы па-ранейшаму, скарыстоўваюцца землі з высокім узроўнем забруджваньня радыянуклідамі. Пераспэцыялізацыя сельскай гаспадаркі так і не праведзеная — кіраўнікі дзяржавы надта баяцца, што выключаныя з абароту землі яшчэ больш абвостраць харчовую праблему, а радыянукліды ў хлебе пад зубамі не трашчаць. Таму й засяваюць збожжа там, дзе навукоўцы рабіць гэтага не рэкамэндуюць.

Гутарка йдзе ня толькі пра раёны, бліжэйшыя да атамнай станцыі — Брагінскі, Хойніцкі або Нараўлянскі. Яны ўвесь час вырошчваюць збожжа, якое па забруджанасьці не ўкладваецца нават у нашыя лагодныя дапушчальныя ўзроўні: 11 Бк/кг па стронцыю і 90 Бк/кг па цэзыю. Замест пераспэцыялізацыі сельскае гаспадаркі мяйсцовыя чыноўнікі раз-пораз уздымаюць перад урадам пытаньне аб кампэнсацыі такой вытворчасьці. Вырошчваюць жа сельскія працаўнікі харчовае збожжа, а атрымліваюць — атрутнае фуражнае, значна меншае па кошту. Адсюль і выдаткі.

Заганная практыка асабліва стала бачная сёлета. Апроч згаданых трох раёнаў, стронцый стаў выяўляцца прыкладна ў палове гаспадарак Рэчыцкага раёну, у шэрагу гаспадарак Веткаўскаг, Добрушскага, Калінкавіцкага і нават Лоеўскага раёнаў.

Радыёляг рэчыцкага камбінату хлебапрадуктаў Жана Багацкая ня выключыла, што, нягледзячы на кантроль, няякаснае зерне пры такім наплыве цалкам можа патрапіць на камбінат. А радыёляг гомельскага хлебакамбінату Лідзія Каваленка засьведчыла тры выпадкі, калі саўгасы "Дружба" і "Веткаўскі" Веткаўскага раёну і калгас "Імя Кірава" Добрушскага раёну агулам прывезьлі на прадуктовыя мэты 17,5 тонаў забруджанага цэзыем жыта. Яго вылавілі ўжо пад час кантролю на камбінаце.

Высачыць жа ў збожжы стронцый ня проста цяжэй — немагчыма. Тут патрэбны адмысловы спэктральны аналіз, які могуць зрабіць у вабласным цэнтры толькі чатыры спэцыялізаваныя лябараторыі. Таму апасеньні радыёлягаў хлебакамбінатаў небеспадстаўныя. Гэта тым больш відавочна, калі ўлічыць, што атручанага стронцыем збожжа сёлета з палеткаў рэгіёну будзе сабрана ня менш як 15 тысячаў тонаў. Прынамсі такая лічба была названая адным са спэцыялістаў вабласнога камітэту па сельскай гаспадарцы й харчаваньню.

XS
SM
MD
LG