Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 жніўня 1999 г.


Віталь Цыганкоў, Прага

Расейскія войскі працягваюць артылерыйскія абстрэлы і авіяцыйныя ўдары па пазыцыях мусульманскіх узброеных груповак на тэрыторыі Дагэстану. Паводле словаў расейскіх афіцыйных асобаў, бліжэйшымі днямі пачнецца "масыраваная апэрацыя". Сытуацыя ў пэрспэктыве пагражае перарасьці ў шырокамаштабную чарговую каўкаскую вайну.

Дагэстан – даволі незвычайная расейская аўтаномія, унікальная перш за ўсё стракатасьцю свайго нацыянальнага складу. У гэтай горнай рэспубліцы няма нейкай адной тытульнай нацыі – Дагэстанскі народ складаюць каля 40 нацыянальных групаў (буйнейшыя – аварцы, лакцы, даргінцы, кумыкі, нагайцы), але ніводная зь іх ня мае колькаснай бальшыні. Улада ў рэспубліцы заўсёды была падзеленая паміж прадстаўнікамі розных нацыянальных кланаў – парушэньне гэтае раўнавагі прыводзіла да звадак і канфліктаў.

Менавіта на гэтую асаблівасьць Дагэстану разьлічвалі баявікі Шаміля Басаева і Хатаба, накіраваўшы свой удар на раён, заселены пераважна аварцамі – прадстаўнікамі самага моцнага на сёньня клану. Да таго ж, гэтыя раёны мяжуюць з аварскімі раёнамі на поўначы Азэрбайджану, што стварае дадатковыя матывы для баявікоў.

Вельмі важным чыньнікам, застаецца, як заўсёды, нафта. Пасьля фактычнага выхаду Чачэніі з-пад улады Масквы, Дагэстан застаецца апошняй магчымасьцю для транспартаваньня касьпійскае нафты праз тэрыторыю Расеі. Безумоўна, баявікі, адным зь лідэраў якіх зьяўляецца іярданскі грамадзянін чачэнскага паходжаньня Хатаб, у пэрспэктыве маюць на мэце й гэты фактар.

Нападнікі спадзяваліся, што пасьля іхнага ўдару выбухне ўвесь Дагэстан. Пакуль, аднак, гэтага ў поўнай меры не адбылося.

Хаця мяйсцовыя ўлады ўжо далі дазвол на выдачу зброі дабрахвотнікам, што, дарэчы, брутальна парушае існуючае расейскае заканадаўства. Некаторыя аналітыкі лічаць, што паўтараецца чачэнскі сцэнар 1994 году, калі Масква выдала тысячы аўтаматаў, 40 танкаў, баязапасы гэтак званай антыдудаеўскай апазыцыі на чале з Аўтарханавым. Пасьля пачатку сур'ёзных баёў праціўнікі Дудаева разьбегліся, а разам зь імі зьніклі і ўсе падараваныя ім фінансава-матэрыяльныя рэсурсы.

Увогуле, роля Масквы ва ўсіх каўкаскіх падзеях вызначальная. "70 адсоткаў прычынаў каўкаскіх канфліктаў трэба шукаць у Маскве" – кажа былы дараднік прэзыдэнта Расеі ў нацыянальных пытаньнях Сяргей Шахрай, намякаючы, што некаторым палітычным і фінансавым групоўкам выгадна такая сытуацыя.

У расейскай прэсе шырока абмяркоўваецца вэрсія, паводле якой абвастрэньне ў Дагэстане патрэбнае Крамлю дзеля падставаў для ўвядзеньня надзвычайнага становішча. Сцьвярджаецца, нават, што адпаведны ўказ прэзыдэнта ўжо гатовы й можа быць падпісаны ў любы момант.

Пакуль жа расейскія войскі наносяць удары з паветра й праводзяць артылерыйскія абстрэлы пазыцыяў ісьлямістаў. Дадзеныя аб стратах абодвух бакоў вельмі супярэчныя. Мало хто давярае легкадумным заявам расейскіх гэнэралаў, якія абяцаюць зьнішчыць баявікоў за некалькі дзён. Заходняя прэса больш увагі надае інтэрвію Шаміля Басаева, якога, як піша "Бостан глоўб", на радзіме называюць чачэнскім Чэ Гэварам. Басаеў заявіў, што будзе "змагацца да поўнай перамогі ісьляму ва ўсім сьвеце".

Зрэшты, у расейскага боку ёсьць свая спэцыфічная зброя. Выконваючы абавязкі прэм'ер-міністра Ўладзімір Пуцін сёньня даў даручэньне кіраўнікам адпаведных ведамстваў забясьпечыць своечасовую аплату расейскім вайскоўцам у Дагэстане. "Калі мы будзем плаціць ім як належыць, яны хутчэй справяцца з задачаю", – сказаў Пуцін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG