Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 жніўня 1999 г.


Браніслава Станкевіч, Ворша

У Воршы ў выніку аўтакатастрофы, якая здарылася ў панядзелак увечары, загінуў хлопчык, некалькі чалавек знаходзяцца ў рэанімацыі. Колькасьць ахвяраў перавысіла 20 чалавек. Тым часам улады захоўваюць маўчаньне аб аварыі.

Трагічная аўтакатастрофа здарылася ўвечары 9 жніўня на шашы Ворша — Дуброўна. У аўтобус саўгасу "Дняпро", які вёз людзей з працы, на поўнай хуткасьці ўрэзаўся аўтамабіль "фольксвагэн". Хуткасьць была настолькі перавышаная, што легкавік здолеў перакуліць аўтобус з пасажырамі.

Кіроўца аўтобуса, дарэчы, вельмі дасьведчаны, з 20-гадовым працоўным стажам, не пасьпеў зрабіць нічога. І людзі, якія ехалі зь ім, атрымалі пашкоджаньні рознае ступені цяжкасьці. Але яшчэ цяжэй лёс пакараў неабачлівага кіроўцу "фольксвагэна" — у выніку катастрофы загінуў ягоны трохгадовы сын, а дзьве пляменьніцы, шпіталізаваныя ў рэанімацыйны аддзел, знаходзяцца сёньня ў крытычным стане.

Дзяжурная мэдычная сястра прыёмнага пакою шпіталю імя Сямашкі распавядала, што падобнага ёй не даводзілася бачыць за ўсе трыццаць год працы тут. А 18:30 9 жніўня пачалі масава паступаць ахвяры. Сёньня гэтыя людзі праходзяць курс лячэньня ў хірургічным ды траўматалягічным аддзелах. А дзьвюх дзяўчынак 8-мі й 13-ці год, што атрымалі складаныя чэрапа-мазгавыя траўмы, спрабуюць выхадзіць у рэанімацыі.

Тыя, каму пашэнціла болей, далечваюцца ўжо дома. Усяго ў прыёмны пакой шпіталю імя Сямашкі зьвярнуліся тады 20 чалавек. Усім ім, акрамя лечных працэдураў, патрэбная дапамога псыхатэрапэўта. Зрэшты, як і лекарам, здолеўшым у крытычныя хвіліны зарганізаваць дапамогу.

І, мабыць, дапамога псыхіятра патрабуецца сяму-таму з нашых суграмадзянаў, каго а ні трагедыя на Нямізе, а ні іншы сумны досьвед не навучылі з павагаю ставіцца да чужых жыцьцяў і лёсаў.

Сёньня па факту гэтага дарожнага здарэньня вядзецца сьледзтва, а дзяржаўныя сродкі масавае інфармацыі пра яго дагэтуль маўчаць.

XS
SM
MD
LG