Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 жніўня 1999 г.


Ганна Навумовіч, Менск

(эфір 10 жніўня)

Паводле прагнозу спэцыялістаў сёлета Беларусь ізноў не зьбярэ патрэбнай колькасьці збожжа. Дзяржаўнае рэгуляваньне дае свой плён — летась Беларусь няспынна адчувала перабоі з палівам. Дынаміка сёлетняга жніва дае падставы меркаваць, што тая ж карціна чакае Беларусь і сёлета.

Жніво знаходзіцца пад асабістым кантролем прэзыдэнта й прэм'ера. Аднак, нэрвовасьць, зь якою сёньня праходзіць "уборачная кампанія", ілюструе, што сёньняшнія паказьнікі жніва будуць ня лепшыя за леташія. У мінулым годзе Беларусь забясьпечвалася падгнілым зернем, у гэтым — высахлым. Спэцыялісты Мінсельгасхарчу заяўляюць, што жыта, ячмень, авёс і пшаніца ня будуць адпавядаць агульнапрынятым нормам.

Першапачаткова жніво плянавалі завершыць да 5 жніўня. Але потым быў прызначаны новы тэрмін — 17 жніўня. На 9-е было ўбрана каля 75 адсоткаў агульных плошчаў збожжавых і збожжабабовых. Паводле афіцыйнае інфармацыі, штодня ўбіраецца каля 4 адсоткаў. Але, чым бліжэй да заканчэньня жніва, тым ніжэй становіцца ўраджайнасьць. Напачатку жніва ўраджайнасьць складала 21 цэнтнэр з гэктару, а цяпер — толькі 18. Зрэшты, у Віцебскай вобласьці яна была менш за 14 цэнтнэраў, у Магілёўскай — каля 15.

На сёньня дзяржаве была прададзена толькі траціна ад плянаванага аб'ёму збожжа. Паколькі зараз апрацавана 75 адсоткаў палеткаў, зь якіх сабрана менш за чатыры мільёны тонаў збожжа, можна прагназаваць, што Беларусь сёньня не забясьпечыць сёлета мінімальную патрэбу ў збожжы, якая складае 7,2 мільёны тонаў.

Арыгінальнай методаю вырашыў падвысіць ураджайнасьць кіраўнік "справамі прэзыдэнта" Іван Ціцянкоў. Ён адказвае за жніво на Берасьцейшчыне. На апрацаваным камбайнамі квадратным мэтры Ціцянкоў назьбіраў 350 зярнят. Гэта, на ягоную думку, сведчыць пра непрадыктыўнасьць працы камбайнэраў. Калі прыклад Ціцянкова скарыстаюць іншыя прэзыдэнцкія кантралёры, дык, можна меркаваць, ураджайнасьць па краіне падвысіцца вядры на тры. А рэшту — 3 мільёны тонаў збожжа Беларусь будзе закупляць за мяжою.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG