Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 жніўня 1999 г.


Віталь Тарас, Прага

Сытуацыя ў Дагэстане, выглядае, ўсё больш выходзіць з-пад кантролю ўладаў. А Расея ўсё больш незваротна рухаецца да новай вайны на Каўказе. Такая выснова напрошваецца з публікацыяў у многіх мэдыях. З аглядам на гэтую тэму – Віталь Тарас.

Пачну з паведамленьня агэнцыі "Інтэрфакс", якой даў сёньня інтэрвію кіраўнік групы судзеяньня АБСЭ ў Чачні нарвэскі дыплямат Од Гунар Кагэстад. АБСЭ, заявіў ён, "занепакоеная разьвіцьцём падзеяў у Дагэстане". Сытуцыі ў Чачні і Дагэстане, сказаў дыплямат, ўзаемазьвязаныя. Ён дадаў таксама, што, на ягоную думку, "пэўныя фундаманталісцкія колы хочуць стварыць мадэль грамадзтва, якая не адпавядае інтарэсам захаваньня правоў чалавека".

Вось некаторыя загалоўкі сёньняшніх газэтаў: ГАРАЧЫ КАЎКАЗ
Дагэстан набліжаецца да стану газавату
Расея апынулася перад пэрспэктываю другой Чачні
Пуцін заняў жорсткую лінію адносна хваляваньняў у Дагэстане Газета "Індэпэндэнт" называе Дагэстан мультыэтнічнай парахавой бочкаю. Яна нагадвае, што на ягонай тэрыторыі ў 50 000 квадратных кілямэтраў жывуць 32 этнічныя групы. Упершыню гэтая горная краіна была далучаная да Расейскай імпэрыі ў 1722 годзе, аднак узброены супраціў народаў Дагэстану супраць Расеі працягваўся аж да сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя.

"Файнэншл Таймс" лічыць, што акцыя ісьлямскіх паўстанцаў на поўдні Дагэстану, якая працягваецца ўжо чацьверты дзень, пагражае перарасьці ў вайну на Каўказе кшталту чачэнскай.

Сытуацыя ў Дагэстане, эканоміка якога ўвесь час пагаршалася цягам апошніх гадоў, і дзе беспрацоўе дасягнула вялікіх памераў, абцяжараная яшчэ й этнічнымі супярэчнасьцямі – піша "Файнэншл таймс". У апошняе дзесяцігодзьдзе тут адбылося поўнае разбурэньне інфракструктуры, а ў местах, дзе пераважае рускае насельніцтва, узрасла дыскрымінацыя ў прыёме на працу адносна каўказцаў. Між тым, як паведаміў газэце супрацоўнік Расейскай акадэміі навукаў Сяргей Аруцюнаў, 85 адсоткаў багацьця Дагэстану сканцэнтраванае ў рукох дзьвюхсот сем'яў.

Што тычыцца актуальнай палітыкі Расеі ў дачыненьні Дагэстану, дык аўтар маскоўскае карэспандэнцыі ў згаданай ужо газэце "Індэпэндэнт" піша, што апошнія заявы новага прэм'ера Пуціна аб неабходнасьці навесьці дысцыпліну й парадак і абяцаньні нармалізаваць сытуацыю ў Дагэстане цягам бліжэйшых двух тыдняў, нагадваюць стыль старых савецкіх прамоваў. У той час як Дагэстан апынуўся на грані вялікай вайны, паведамляецца ў якасьці галоўнай навіны аб пасьмяротным узнагнароджанні гэнэрала Навумава, які загінуў разам зь яшчэ чатырма вайскоўцамі.

Калі прэзыдэнт Ельцын, устрывожаны ростам папулярнасьці сваіх апанэнтаў, шукае выйсьця у прызначэньні выбараў і пакуль ён зьвяртаецца да шырокай грамадзкасьці Расеі толькі ў парадку выключэньня, пачатак новае вайны ня выключаны – робіць выснову газета.

ПАДЗЕІ Ў ДАГЭСТАНЕ МОГУЦЬ КАНЧАТКОВА РАЗВАЛІЦЬ РАСЕЮ – піша газета "Ізвестія".

У Дагэстане пачалося тое, чаго так доўга баяліся ў Маскве – адкрытае фармаваньне ўласных узброеных атрадаў ды стыхійная незадаволенасьць насельніцтва махачкалінскім урадам. Альтэрнатыва незайздросная: або Махачкала займае жорсткую сэпаратысцкую пазыцыю і перакладае свае грахі на плечы Масквы, або цяперашні склад дзяржаўнай рады і ўраду проста зьмятуць – робіць выснову газета.

Паўзучая ісьлямская рэвалюцыя ўжо пачалася – піша маскоўская "Камэрсант–дэйлі". На чачэнска-дагэстанскай мяжы цэлы год ідзе неабвешчаная вайна паміж фэдэральнымі сіламі ды вахабітамі. У жнівені-верасьні баявікі плянуюць арганізаваць узброены мяцеж у рэспубліцы, у тым ліку ў Махачкале.

Узгадаўшы сытуацыю ў суседняй Карачаева-Чэркесыі, дзе працягваюцца хваляваньні ў зьвязку з непрызнаньнем вынікаў тутэйшых прэзыдэнцкіх выбараў, "Камэрсант–дэйлі" робіць прагноз, што ў такой сытуацыі засталося толькі паднесьці запалку да парахавой бочкі, калі толькі ў Крамлі на самой справе рыхтуюцца да ўвядзеньня надзвычайнага стану – прыкладам, з мэтаю адмены выбараў. Але Масква мусіць усьведамляць, што маштабы новае вайны на Паўночным Каўказе могуць пераўзыйсьці ўсе ейныя чаканьні – піша газэта.

XS
SM
MD
LG