Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 жніўня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня былі падведзеныя папярэднія вынікі кампаніі па перарэгістрацыі партыяў, прафэсыйных зьвязаў і грамадзкіх аб'яднаньняў. 1 жніўня скончыўся тэрмін падачы заявак на перарэгістрацыю, вызначаны прэзыдэнцкім дэкрэтам. 1 кастрычніка Міністэрства юстыцыі мае намар абвесьціць канчатковыя вынікі перарэгістрацыі.

Як паведаміў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі міністар юстыцыі Генадзь Варанцоў, з 2,5 тысячаў грамадзкіх аб'яднаньняў дакуманты на перарэгістрацыю падалі 1 537. З 27 партыяў згадзіліся перарэгістроўвацца 18. Шэсьць зь іх ужо атрымалі новыя пасьведчаньні. Гэта — Лібэральна-дэмакратычная партыя, Партыя жанчынаў "Надзея", Аб'яднаная Грамадзянская партыя, Партыя працы й справядлівасьці, Партыя камуністаў (Сяргея Калякіна) і Партыя "Зялёны Сьвет".

54-м арганізацыям было адмоўлена ў перарэгістрацыі. Паводле словаў міністра Варанцова, прыкладна палова з гэтых 54-х займалася вытворча-камэрцыйнай дзейнасьцю. І ім было прапанавана зарэгістравацца, як камэрцыйным структурам. Дзейнасьць некаторых іншых насіла рэлігійны характар, а рэлігійныя арганізацыі рэгіструюцца асобным чынам. Спадар Варанцоў падкрэсьліў, што аніводная арганізацыя, якой было адмоўлена, не зьвярнулася ў суд, каб абскардзіць рашэньні міністэрства.

Міністар таксама патлумачыў, што адмова ў рэгістрацыі ня тоесная ліквідацыі. Па ўсім арганізацыям, якім адмоўлена ці будзе адмоўлена ў перарэгістрацыі, мінюст накіруе паперы ў суд, які й будзе прымаць канчатковае рашэньне.

На папярэднім этапе кампаніі па перарэгістрацыі шмат хто выказваў перасьцярогу, што грамадзкія аб'яднаньні будуць прымушаць унесьці ў статут пункт аб прызнаньні лукашэнкаўскай канстытуцыі 96-га году. Але на афіцыйны Менск быў тады аказаны ціск з боку міжнародных арганізацыяў, і ўлады пайшлі на кампраміс: грамадзкім арганізацыям было дастаткова напісаць у статуце, што яны працуюць на падмурку дзейнай Канстытуцыі. А якая дзейная — кожны вырашае для сябе сам. Як сьведчаньне прыхільнасьці мінюсту прынцыпам праўнае дзяржавы міністар Варанцоў назваў наступны факт. Паводле прэзыдэнцкага дэкрэту, наяўнасьць у арганізацыі папярэджаньня ёсьць дастатковая падстава, каб адмовіць ёй у перарэгістрацыі. Але, падкрэсьліў міністар, на гэтай падставе не было адмоўлена нікому, хоць некаторыя арганізацыі, прыкладам, Аб'яднаная Грамадзянская партыя, мела нават некалькі папярэджаньняў.

Але ёсьць іншыя сродкі, каб, як гаворыцца, атруціць жыцьцё рэгіструемым арганізацыям. Прыкладам, "палата прадстаўнікоў" прыняла ў першым чытаньні папраўку ў Грамадзянскі кодэкс, згодна зь якой грамадзкія арганізацыі ня могуць ужываць у сваім назове словы: "народны", "нацыянальны" й "Рэспубліка Беларусь". Як паведаміў міністар юстыцыі, шэрагу арганізацыяў, дакуманты якіх праходзяць перарэгістрацыю, раяць зьмяніць назоў. Ім тлумачаць, што калі адпаведная забарона на словы "народны" й "нацыянальны" стане законам, гэтым арганізацыям прыйдзецца мяняць назву ў абавязковым парадку.

Папярэднія вынікі рэгістрацыйнае кампаніі сьведчаць аб тым, што ейнай мэтаю наўрад ці была татальная забарона ўсіх апазыцыйных ды незалежных структураў. Яна хутчэй стала сродкам ціску й запалохваньня. Гэтая лінія, дарэчы, працягвалася на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі, у якой разам зь міністрам браў удзел кіраўнік управы грамадзка-палітычнае інфармацыі адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Саламаха. Спадар Саламаха пракамэнтаваў рашэньні сямі палітычных партыяў перадаць паўнамоцтвы на вядзеньне перамоваў з уладамі Вярхоўнаму Савету. На думку чыноўніка, гэта сьведчыць аб малым уплыве гэтых партыяў. Маўляў, калі б яны мелі вялікі ўплыў, вялі б перамовы самастойна. Празрысты намёк. Чатыры зь сямі партыяў, падпісаўшых адпаведны мэмарандум, перарэгістрацыю яшчэ не прайшлі.

Так і вядзе ўлада гульню з грамадзтвам, як котка з мышом. Прыцісьне, адпусьціь, ізноў прыцісьне...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG