Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 жніўня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Аляксандар Лукашэнка, які пасьля 21 ліпеня страціў сваю легітымнасьць у вачох міжнароднае супольнасьці, працягвае, тым ня менш, паводзіць сябе, як паўнавартасны прэзыдэнт. І, нават, дазваляе сабе зьвяртацца з заклікамі й раздаваць ацэнкі кіраўніцтву іншых дзяржаваў. Дакладней, не дзяржаваў, а дзяржавы — аднэй, дзе гэта пакуль што церпяць. Аляксандар Лукашэнка выказаў шкадаваньні з прычыны адстаўкі прэм'ера Расеі Сяргея Сьцяпашына. Беларускі кіарўнік пабачыў у гэтай адстаўцы "дзейнасьць пэўных сілаў", якія хочуць, паводле ягоных словаў, пасеяць смуту ў Расеі. Неўзабаве пасьля таго, як было абвешчана аб адстаўцы Сьцяпашына, яму патэлефанаваў Аляксандар Лукашэнка. Ён заклікаў Сьцяпашына не драматызаваць сытуацыю і запрасіў яго наведаць Беларусь у любы зручны час. Лукашэнка вельмі высока ацаніў дзейнасьць габінэту Сьцяпашына й заявіў, што дасягненьні маглі б быць яшчэ большымі, калі б урад карыстаўся неабходнай падтрымкаю Барыса Ельцына.

У паведамленьні прэзыдэнцкай прэсавай службы тлумачыцца, што Лукашэнка тэлефаніў Сьцяпашыну й камэнтаваў ягоную адстаўку ня толькі як кіраўнік Беларусі, але й як старшыня Вышэйшага савету хаўрусу Беларусі й Расеі. Лічыцца, відаць, што гэтая апошняя пасада дае Лукашэнку магчымасьць не зважаць на тое, што Расея — усё ж такі замежжа, і даваць ацэнкі тамтэйшым падзеям, не абцяжарваючы сябе дыпляматычным этыкетам. На гэты раз кіраўнік Беларусі ня толькі выказаў шкадаваньні з прычыны адстаўкі замежнага прэм'ера, ён заявіў, што яго непакоіць "падводная частка айзбэргаў" — пэўныя сілы, якія хочуць пасеяць смуту ў Расеі.

Кіраўнік Беларусі застаўся верным сваёй звычцы ва ўсім бачыць змову. Ён, праўда, не патлумачыў, якіх змоўшчыкаў меў на ўвазе на гэты раз — ці то прэзыдэнцкую сям'ю, ці то свайго "любімца" Анатоля Чубайса. Вядома, што выконваючы абавязкі прэм'ера Ўладзімер Пуцін і Чубайс — ня толькі землякі. Чубайс садзейнічаў палітычнай кар'еры Пуціна ў Санкт-Пецярбургу. Зразумела, спадар Пуцін ніколі не даваў клятву на вернасьць Чубайсу. Ды й сам Чубайс ніколі не абяцаў змагацца з Лукашэнкам да апошняга. Але ўсё ж такі палітычныя сувязі выконваючага абавязкі прэм'ера Расеі і Анатоля Чубайса, відаць, непакояць афіцыйны Менск.

І ўсё ж такі, гледзячы па ўсім, Лукашэнка працягвае гульню менавіта з Крамлём. Хаця ён фактычна асудзіў рашэньне Ельцына аб адстаўцы Сьцяпашына, але кінуў каменьчык і ў гарод апанэнтаў прэзыдэнта Расеі. Лукашэнка заявіў аб наяўнасьці сілаў у Расеі, якія спрабуюць загнаць Ельцына ў кут. Беларускі лідэр патлумачыў, што аснову гэтых сілаў складаюць тыя, хто мае ўладу ў Расеі на розных узроўнях і нясе ня меншую адказнасьць за прэзыдэнта, але сёньня спрабуе адмежавацца да гэтай адказнасьці.

Гэты намёк тычыцца нядаўна створанага блёку "Айчына — уся Расея", які ўзначальваюць расейскі мэр Юры Лужкоў і прэзыдэнт Татарстану Мэйцімер Шайміеў. Шмат хто з аналітыкаў лічыць менавіта стварэньне гэтага блёку адным з чыньнікаў урадавае ракіровачкі, зробленай Ельцыным.

Пакуль цяжка спрагназаваць, як адаб'ецца зьмена ўраду ў Расеі на беларуска-расейскіх адносінах, але чыста тэхнічна, падпісаньне новай хаўруснай дамовы хутчэй за ўсё будзе пераненсена зь верасьня на больш позьні тэрмін. Такую перасьцярогу ўжо выказаў віцэ-сьпікер лукашэнкаўскае палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў. Нават калі спадар Пуцін будзе зацьверджаны прэм'ерам зь першага заходу, спатрэбіцца пэўны час дзеля сфармаваньня ўраду й расейскім паітыкам будзе проста не да беларуска-расейскай хаўруснай дамовы.

Але, з другога боку, ў пэрспэктыве адстаўка Сьцяпашына робіць беларуска-расейскае аб'яднаньне справаю больш верагоднай. Хаця Ельцын аб'явіў Пуціна сваім, так бы мовіць, пераемнікам, але як трапна заўважана ў сёньняшніх "Известиях", зрабіць Пуціна прэзыдэнтам будзе значна цяжэй за Сьцяпашына. Цяжэй проста ўжо таму, што менш часу засталося на раскрутку новага кандыдата ад "партыі ўлады". А калі Ельцын звольніць і Пуціна, — пішуць далей "Известия", — шанцаў на прэзыдэнцтва ў ягонага пераемніка будзе яшчэ менш. А чым менш будзе шанцаў у кандыдата ад "партыі ўлады", тым больш будзе ў Ельцына спакусы паспрабаваць захаваць кантроль над сытуацыяй пры дапамозе іншых варыянтаў.

Тут і можа зноў аб'явіцца сцэнар аб'яднаньня зь Беларусьсю, як сродак працягнуць палітычнае даўгалецьце сучаснага гаспадара Крамля.

Дарэчы, на мінулым тыдні ў "Московских Новостях" зьявіўся артыкул "Крэмль ставіць на Пуціна", у якім была абсалютна дакладна спрагназавана замена Сьцяпашына на шэфа ФСБ. У артыкуле таксама выказвалася меркаваньне, што пасьля гэтай крамлёўскай ракіровачкі можа адбыцца аб'яднаўчы рэфэрэндум.

Ад сябе заўважым, што зараз правесьці рэфэрэндум пры наяўнасьці палітычнае патрэбы, будзе значна прасьцей, чым да 20 ліпеня. Зараз улада Лукашэнкі ў значнай ступені заснавана на прызнаньні з боку Расеі. І таму, калі ён запросіць за аб'яднаньне занадта многа, яму могуць нагадаць пра ягоны няпэўны статус.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG