Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 жніўня 1999 г.


Меркаваньні беларускіх палітыкаў з нагоды падзеяў у Расеі аказаліся даволі блізкія.

Вось што сказаў старшыня Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Сямён Шарэцкі:

(Шарэцкі: ) "Я ведаю толькі адно — хто там будзе ў Расеі: Сьцяпашын, Прымакоў... Я Сьцяпашына ня ведаю, а Прымакоў ці, скажам, Пуцін — гэта імпэрыялісты ў адносінах да Беларусі, па іхных выказваньнях. Я памятаю, што ў свой час Пуцін выказаўся, што гэта іхная стратэгічная нейкая мэта — аб'яднацца з Беларусьсю. Дарэчы, не пытаючыся ў беларускага народу: а якая ж статэгічная мэта ў беларускага народу? Вось гэта я памятаю. Гэта імпэрыялісты ў адносінах да беларускага народу".

А вось меркаваньні выканаўцы абавязкаў старшыні Беларускага Народнага Фронту Лявона Баршчэўскага:

(Баршчэўскі: ) "Анэксыя Беларусі — гэта стратэгічная задача расейскіх спэцслужбаў. І хто б тут не прадстаўляў гэтыя спэцслужбы — Прымакоў, Сьцяпашын ці Пуцін — ва ўрадзе Расеі тэндэнцыя разыгрываць гэтую карту й анэксаваць Беларусь.

Аднак, з улікам таго, што Пуціну ня трэба мець аблічча дэмакрата (да чаго імкнуўся пэўным чынам Сьцяпашын, бо патрэбныя былі крэдыты Міжнароднага Валютнага Фонду), на мой погляд, яны будуць яшчэ больш адкрыта весьці палітыку на далучэньне Беларусі да Расеі. І задача ўсіх незалежніцкіх сілаў Беларусі — даць адпор гэтай палітыцы.

Увосені, безумоўна, нешта адбудзецца. Будуць падпісаныя нейкія чарговыя дакуманты. І нават справа ня ў тым, наколькі яны будуць рэальна выканальныя. А справа ў тым, што любая папера, якая падпісваецца ў палітычнай сфэры, потым грае сваю ролю.

У палітыцы зьмены прэм'ераў анічога мяняць не будуць, бо гэта стратэгічная лінія Расеі й расейскага імпэрыялізму на тое, каб ліквідаваць Беларусь як дзяржаву".

Падобнай думкі прытрымліваецца й старшыня Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі Народная Грамада Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) "Дынаміка беларуска-расейскіх адносінаў мала залежыць ад пэрсаналіяў. Тут значную ролю гуляюць аб'ектыўныя фактары. Першы й галоўны аб'ектыўны фактар у гэтых дачыненьнях — гэта зацікаўленасьць Расеі ў беларускім пляцдарме, "калідоры" — па-сутнасьці, ейныя геапалітычныя інтарэсы. А гэтыя інтарэсы ў тым, каб забясьпечваць кантроль над гэтым калідорам, над сваімі транзытамі, транзытнымі лініямі, забясьпечваць тут, як мінімум, дружалюбны рэжым.

Безумоўна, шмат хто ў Расеі хацеў бы поўнай інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі. Але гэта прывядзе да ўтварэньня дастаткова шырокай мяжы з NATO, а самае галоўнае — гэта вымагае пэўных істотных матэрыяльных выдаткаў. А лішніх грошай зараз у Расеі няма.

І акрамя таго, існуе верагоднасьць жорсткага супраціву інтэграцыі ў нутры Беларусі. Было заўважана, што беларусы значна лягчэй могуць згадзіцца са стратаю дэмакратычных інтстытутаў, чым са стратай незалежнасьці.

Я думаю, што калі нешта тут зьменіцца, то зьменіцца больш у рыторыцы. І акрамя таго, у расейскіх элітаў няма жаданьня пускаць Лукашэнку на расейскае палітычнае поле".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG