Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 жніўня 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Як падаецца, беларускаму грамадзтву ў бліжэйшыя месяцы не абмінуць новых крымінальных справаў, заведзеных на вядомых у краіне людзей. Яшчэ ня скончылася кампанія па спагнаньню т.зв. "нявернутых крэдытаў" як выказанае жаданьне ўладаў распачаць новую. Выступаючы 5 жніўня па дзяржаўнай тэлевізыі, Аляксандар Лукашэнка абвясьціў, што мае намер "ачысьціць ад крыміналу эканамічную сфэру, зьвязаную з энэргаразьлікамі". Між тым, варта зьвярнуць увагу менавіта на тое, хто ж спрычыніўся да ўтварэньня гэтага крымінальнага асяродку...

Знакаміты "нулявы" варыянт чатырохгадовай даўніны па скасаваньні Масквою фінансавых даўгоў Беларусі за пастаўленыя ёй энэрганосьбіты, як сьведчыць гісторыя беларуска-расейскіх дачыненьняў, не прынёс ім чаканага аздараўленьня. Пляны Аляксандар Лукашэнкі пасьля "нулявога" варыянту перайсьці да энэргетычных стасункаў з Расеяй без утварэньня новых запазычанасьцяў за спажываньне ейнага газу, нафты й электрычнасьці, зноў жа, як сьведчыць гэтая гісторыя, з гучным трэскам праваліліся. У 95-м, 96-м ды ў наступныя гады беларуская дзяржава пад кіраўніцтвам Лукашэнкі аказалася ня ў стане ня толькі своечасова разьлічвацца за расейскі энэргетычны тавар, але й галоўнае, фінансавымі рэсурсамі — іхны дэфіцыт у дзяржаўнай казьне, які назіраецца й па сёньняшні дзень, спрычыніўся да палітыкі афіцыйнага Менску, што прадугледжвае таварную кампэнсацыю за энэргетычныя пастаўкі.

Трэба сказаць, такая форма эканамічных зносінаў партнэраў па інтэграцыі ў энэргетычнай сфэры прыйшлася Лукашэнку даспадобы. Неканкурэнтаздольныя на міжнародных рынках тавары Беларусі ў залік за пастаўкі энэрганосьбітаў знаходзілі й знаходзяць попыт у вялізнай Расеі. Узамен прадукцыі таго ж "Газпрому" на ўсход кіруюцца цягнікі зь беларускім трактарамі, халадзільнікамі, тэлевізарамі, абуткам, прадукцыяй аграрнага сэктару.

Рэч, аднак, у тым, што такая безграшовая форма разьлікаў за расейскія энэрганосьбіты стварае спрыяльныя ўмовы для злоўжываньняў. Удзельнікі так званага працэсу энэргазалікаў атрымліваюць выдатны магчымасьці дзеля ўласнага ўзбагачэньня — гіганцкія памеры бартэру спарадзілі вялізныя ценявыя прыбыткі ў сфэры энэргазалікаў. Вось чаму яна стала сфэраю канкурэнцыі як бізнэсовых структураў, што непасрэдна рэалізуюць у Расеі беларускія тавары, так і дзяржаўных чыноўнікаў, якія курыруюць гэты бізнэс за дзяржаўны кошт. Прыкладам, у 1997 годзе энэргазалікі паміж Газпрамам і Рэспублікаю Беларусь ажыцьцяўлялі 33 кампаніі.

Летась камітэт дзяржаўнага кантролю паводле ўказаньня Лукашэнкі правяраў іхную дзейнасьць і выявіў, паводле зьвестак з добра інфармаваных крыніцаў, мноства парушэньняў. У прыватнасьці, удзельнікі энэргазалікаў рэалізоўвалі тавар у Расеі значна даражэй за лічбы, дакумантальна аформленыя ў Беларусі. Другі распаўсюджаны від парушэньняў, калі пасярэднікі афармлялі адную прадукцыю ў лік паставак Расеі за газ, а вывозілі зь Беларусі зусім іншыя тавары. Нарэшце, кантралёры адзначаюць выпадкі, калі беларускія тавары навогул, зьнікалі ў Расеі бясьсьледна і, зразумела, аніякіх залікаў за энэрганосьбіты не рабілася.

Усялякія спробы Лукашэнкі наладзіць у гэтай сфэры дакладны ўлік таварных паставак і мінімізаваць страты беларускай дзяржавы посьпехаў ня мелі. Дзяржаўны канцэрн "Белрэсурсы", якому была пастаўленая задача замяніць сабою недзяржаўных пасярэднікаў, як канстатаваў надоечы ўрад, зь ёю ня справіўся. Таму беларуска-расейскія энэргетычныя стасункі, як лічаць назіральнікі, працягваюць прыносіць вялізныя прыбыткі ўплывовым дзялкам.

Здаецца, аднак, што Аляксандар Лукашэнка на некаторых зь іх вырашыў у бліжэйшы час надзець кайданкі. Ва ўсялякім разе, як вынікае зь ягонага тэлевізыйнага выступу 5 жніўня, арганізаваных ім чарговых спэктакляў на крымінальныя тэмы чакаць засталося нядоўга.

XS
SM
MD
LG