Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 06 жніўня 1999 г.


Пра некаторыя аспэкты беларуска-ірацкіх дачыненьняў мы папрасілі распавесьці нашага калегу з ірацкай службы нашага радыё спадара Камрана Карадакі.

(Карадакі: ) "З пункту погляду Іраку, вельмі важна мець эканамічныя пагадненьні з рознымі краінамі. Ірацкаму рэжыму вельмі важна паказаць свайму народу й суседнім арабскім краінам, што Ірак дамагаецца падтрымкі іншых краінаў, і што ёсьць такія дзяржавы, якія хочуць, нягледзячы на міжнародныя санкцыі супраць Іраку, падпісаць розныя пагадненьні. Ірак няспынна заклікае арабскія краіны ігнараваць міжнародныя санкцыі. І можа выкарыстаць такое пагадненьне — прыкладам, зь Беларусьсю — дзеля таго, каб паказаць, што нават неарабскія краіны дапамагаюць Іраку".

(Карэспандэнт: ) "Спадар Камран, ці можна меркаваць пра нейкі вайсковы зьмест беларуска-ірацкага пагадненьня?"

(Карадакі: ) "Шмат якія іракцы лічаць, што рэжым у Багдадзе, нягледзячы на міжнародныя санкцыі, атрымлівае вайсковую падтрымку ад былых рэспублікаў Савецкага Саюзу, асабліва ад Расеі. Але таксама шмат іракцаў лічаць, што Расея, як сталы сябра Рады Бясьпекі ААН, не жадае псаваць стасункі са Злучанымі Штатамі, і таму падтрымку Ірак атрымлівае іншым шляхам: не непасрэдна ад Расеі, а празь іншыя краіны. І тут часта згадваецца, прыкладам, што Ірак атрымлівае вайсковыя запчасткі зь Беларусі й Украіны. Гэта ў свой час згадвалася і ў арабскай прэсе".

(Карэспандэнт) "А якія ёсьць рэсурсы ў Багдада, каб аддзячыць сваім партнэрам? Ёсьць чым разьлічвацца ці гэта ўсё йдзе на пазыку?"

(Карадакі: ) "Вядома, такіх рэсурсаў, як дзеля вайны ў Пэрсіцкай затоцы, у Іраку няма, але, я думаю, што нягледзячы на гэта, Ірак мае дастаткова рэсурсаў, каб заплаціць тым, хто аказвае яму вайсковую ці іншую дапамогу. З другога боку, згодна рэзалюцыі ААН, Іраку дазваляецца падпісаць некаторыя кантракты, разьлікі па якіх будуць выплочвацца са спэцыяльнага рахунку Іраку пры ААН. Так што, шмат якія гандлёвыя пагадненьні будуць аплочаныя праз ААН. Але што тычыцца сакрэтных вайсковых кантрактаў, дык вядома, што Ірак мае прыбыткі і ад кантрабанднага продажу нафты. Так што Ірак можа заплаціць за такія ўгоды. Тым больш, што Іраку вельмі патрэбная зброя менавіта зараз".

XS
SM
MD
LG