Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 жніўня 1999 г.


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня ў Савецкім судзе Менску завершыліся судовыя працэсы над удзельнікамі несанкцыянаванага шэсьця 27 ліпеня з нагоды сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці.

Судзьдзя Іна Шыйко разгледзіла апошнія тры справы, заведзеныя супраць удзельнікаў несанкцыянаванага шэсьця 27 ліпеня. Гэта справа мастака Яўгена Куліка, анархістаў Сяргея Шмялёва й Вадзіма Касьцюкевіча.

Паколькі гэтыя людзі заявілі хадайніцтвы аб праглядзе відэастужкі, судовае паседжаньне адбылося толькі сёньня. Судзьдзя Іна Шыйко, паводле ейных словаў, на працягу пяці гадзінаў глядзела відэастужкі, якія прынесьлі ў суд супрацоўнікі міліцыі ад розных спэцслужбаў. Нягледзячы на дрэнную якасьць запісу з-за нізакага прафэсыйнага ўзроўню спэцапэратараў, на стужкі не было відаць а ні Яўгена Куліка, а ні Сяргея Шмялёва, а ні Вадзіма Касьцюкевіча. Усе гэтыя людзі абвінавачваліся паводле артыкулу 1671 часткі 1 Адміністрацыйнага кодэксу. Гэта парушэньне пад час правядзеньня мітынгаў, сходаў, шэсьцяў ды іншых масавых мерапрыемстваў.

Справа Яўгена Куліка была спыненая за адсутнасьцю склада правапарушэньняў. А вось у дачыненьні Сяргея Шмялёва й Вадзіма Касьцюкевіча судзьдзя прыняла рашэньне спагнаць зь іх штрафы памерам 20 000 000 рублёў з кожнага.

Сваё рашэньне яна патлумачыла тым, што, нават калі хлопцаў і не было пад час правядзеньня шэсьця, яны прыйшлі на пляц Перамогі, калі натоўпу людзей амаль што й не было. Але паколькі яны туды прыйшлі і, нават у судовай залі размаўляюць па-беларуску (!), то яны гэтым дэманструюць сваю салідарнасьць з тымі, хто выходзіць на вуліцы ў знак пратэсту супраць рэжыму. Яна заявіла, што, паколькі гэтыя хлопцы студэнты, і на суд прыйшлі разам з бацькамі, то няхай бацькі й плоцяць грошы, каб у наступны раз не пускалі іх з хаты пад час вулічных акцыяў апазыцыі...

XS
SM
MD
LG