Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 жніўня 1999 г.


Віталь Цыганкоў, Прага

Учора адзінагалосным рашэньнем прадстаўнікоў усіх краінаў NATO чарговым Гэнэральным сакратаром альянсу быў прызначаны міністар абароны Вялікабрытаніі сэр Джордж Робэртсан. Новы кіраўнік паўночна-атлянтычнага блёку адзначыў, што ў якасьці галоўных сваіх задачаў бачыць ваеннае ўмацаваньне Эўропы, прыняцьцё ў NATO новых чальцоў і паляпшэньне стасункаў з Расеяй.

Прадстаўнікі краінаў альянсу дасягнулі кансэнсусу ў Брусэлі ў сераду ўвечары, пагадзіўшыся, што Робэртсан – менавіта той чалавек, які сёньня найлепш падыходзіць дзеля гэтай працы. Брытанскі прэм'ер Тоні Блэр прапанаваў ягоную кандыдатуру ў пятніцу, а ўжо ў панядзелак усе акрамя трох краінаў чальцоў NATO былі гатовыя прагаласаваць за Робэртсана. Толькі Бельгія, Нідэрлянды і Люксэмбург прасілі яшчэ часу на роздум, паколькі Бэльгія спадзявалася, што гэтую пасаду можа заняць яе былы прэм'ер-міністар Жан-Люк Дэгаен.

53-гадовы міністар абароны Вялікабрытаніі Джордж Робэртсан пачынаў сваю працоўную дзейнасьць, арганізоўваючы рабочых у прафэсыйныя зьвязы ў Шатляндыі, адкуль ён родам. Адразу пасьлья свайго прызначэньня сэр Робертсан заявіў:

"Я вельмі ўдзячны ўсім урадам альянсу за аказаньне мне такога даверу. Я разьлічваю прыняць гэтае прызначэньне пазьней сёлета, калі цяперашні гэнэральны сакратар NATO Гаўер Саляна сыходзіць, каб стаць Вышэйшым камісарам Эўразьвязу ў справах бясьпекі й замежнай палітыкі. Гэта для мяне вельмі сур'ёзная пэрспэктыва – заступіць на такую пасаду ды йсьці за такімі папярэднікамі як Саляна. Гэтая праца, адна з найбуйнейшых і найцяжэйшых у сьвеце, цягне за сабой вялікую адказнасьць і абавязкі, якія я буду выконваць як мага лепш ад імя ўсіх краінаў, што складаюць NATO".

Шчырыя і простыя выказваньні Робэртсана, хаця й прамоўленыя з шатляндзкім акцэнтам, зрабілі яго адным з самых уплывовых прыхільнікаў NATOўскай апэрацыі супраць Югаславіі, што не засталося незаўважаным у штаб-кватэры альянсу.

"Пад час косаўскага крызісу, Робэртсан паказаў цьвёрдае і прынцыповае кіраўніцтва", – сказаў пра свайго пераемніка Гаўер Саляна. Саляна адзначыў, што на новай пасадзе ў Эўразьвязе, ён мяркуе шчыльна супрацоўнічаць з Робэртсанам, каб будаваць разам "больш моцную эўрапейскую ролю і адказнасьць у NATO".

Новы Гэнэральны сакратар NATO адзначыў, што ў якасьці галоўных сваіх задачаў бачыць ваеннае ўмацаваньне Эўропы, прыняцьцё ў блёк новых чальцоў і паляпшэньне стасункаў з Расеяй.

"У Косава Злучаныя Штаты ажыцьцявілі больш 60 адсоткаў бамбаваньня і паказалі праз кіраваныя са спадарожнікаў бомбы і антыракетную абарону, як сучасная ваенная тэхналёгія можа прымусіць суперніка капітуляваць, нават не прыбягаючы на наземных баёў", – зазначыў Робэртсан. – "Гэта прымусіла эўрапейцаў зразумець, які доўгі шлях яны маюць прайсьці да такой сыстэмы абароны, якую хацелі мець. Мы трацім каля дзьвюх трацінаў ад таго, што трацяць на абарону ЗША, але непадобна, каб мы мелі хаця б дзьве траціны іхных магчымасьцяў. Гэта адбываецца таму, што мы, эўрапейцы, спаборнічаем паміжсобку, дублюем адзін аднаго, але цяпер гэтая эпоха скончылася".

"Я думаю, Косава дало нам зразумець, што мы мусім больш супрацоўнічаць у тым, што мы робім у Эўропе. І мы мусім разьвіваць свае магчымасьці, якія дазволяць, калі гэта неабходна або, калі гэта пажадана, праводзіць акцыі без удзелу ўсіх чальцоў NATO" – сказаў Робэртсан.

Іншымі словамі, гэта значыць – без Злучаных Штатаў, таму што ЗША могуць не пажадаць увязвацца у чарговае Косава.

XS
SM
MD
LG