Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 жніўня 1999 г.


Віталь Цыганкоў, Прага

"Гады пераменаў былі літаральна сьмяротнымі для многіх людзей" – гэтак застрашальна сказана ў дакладзе, падрыхтаваным экспэртамі адмысловай праграмы разьвіцьця ААН. Даклад аналізуе дэмаграфічныя праблемы ў краінах Усходняй Эўропы й былога Савецкага Саюзу.

У той час, як працягласьць жыцьця ўзрастае ва ўсім сьвеце, гэты паказчык не мяняецца або нават падае ў бальшыні з 23 краінаў Усходняй Эўропы й былога СССР, выключаючы толькі Чэхію ды Ўзбэкістан. А ўзровень нараджальнасьці зьніжаецца з 1980 года ва ўсіх гэтых краінах, адзначаных у дакладзе ААН.

У прыведзенай статыстыцы, бадай, найбольш агаломшвае наступны факт: зьніжэньне на чатыры гады ўзроўню сярэдняй працягласьці жыцьця ў Расеі, якое адбылося з 1980 да 1995 года. Цяпер сярэдні расейскі мужчына, як чакаецца, пражыве 58 гадоў, на дзесяцігодзьдзе менш за сярэдняга кітайца. Рост сьмяротнасьці пасьля Расеі найбольшы ва Ўкраіне, потым ідуць Латвія, Баўгарыя, Румынія, Эстонія, Летува і Беларусь.

Зрэшты, давайце трохі спынімся на беларускай дэмаграфічнай сытуацыі. Добра вядома, што апошнія 5 гадоў у Беларусі назіраецца як рост сьмяротнасьці, так і зьніжэньне нараджальнасьці. Сумарны каэфіцыэнт нараджальнасьці зьнізіўся да 1.3 дзіцяці на адную жанчыну. Варта нагадаць, што для звычайнага аднаўленьня папуляцыі на адную жанчыну мусіць прыпадаць 2.3 дзіцяці. Натуральныя страты насельніцтва ( гэта значыць перавышэньне сьмяротнасьці над нараджальнасьцю) дасягнулі амаль 50 тысячаў чалавек у год. Зараз у Беларусі пражывае столькі ж насельніцтва, колькі было ў канцы 80-х. Агульная працягласьць жыцьця зьменшылася з 1990 года: у жанчынаў – з 75,5 да 74,5 гадоў, у мужчынаў – з 66 да 62 гадоў. Такім чынам, гэты паказчык складае цяпер ў сярэднім для беларусаў каля 68 гадоў.

Але вернемся да дакладу ААН аб'ёмам у сто старонак, які папярэджвае, што дэмакратыя апынулася пад пагрозаю нарастаньня беднасьці й павелічэньня разрыву паміж багатымі й беднымі ў краінах былога савецкага блёку. "Дзесяць гадоў пасьля падзеньня бэрлінскай сьцяны прынесьлі даволі значныя здабыткі ў палітычнай дэмакратыя, але яны застаюцца прыступнымі для рэваншу" – адзначаюць адмыслоўцы ААН. Працэс пераходу эканомікі ад сацыялізму да капіталізму прынёс рост жабрацтва, беспрацоўя, злачыннасьці й самагубстваў, у той час як былая сацыяльная сыстэма, якая забясьпечвала ад калыскі да труны, асабліва ў сфэры аховы здароўя, цяпер практычна не існуе, — гаворыцца ў дакладзе.

Яшчэ адным паказьнікам ёсьць ненармальныя суадносіны ў гэтых краінах колькасьці мужчынаў і жанчынаў, у той час як у сьвеце колькасьць прадстаўнікоў абодвух палоў прыблізна роўная. У 150-мільённай Расеі мужчынаў амаль на 6 мільёнаў менш за жанчынаў, ва Ўкраіне – амаль на 3 мільёны менш.

Даклад сьцьвярджае, што пераход да рынкавай эканомікі суправаджаецца "дэмаграфічным калапсам і ростам самаразбуральных паводзінаў, асабліва сярод мужчынаў". Крызіс прыводзіць да таго, што ўсё менш людзей жэняцца, і ўсё менш сем'яў заводзяць дзяцей.

Прычыны гэтага – зьніжэньне заробкаў, эканамічная няпэўнасьць, беспрацоўе і ўпадак сацыяльных гарантыяў, – адзначаецца ў адмысловым дакладзе ААН.

Аднак у іншым дакуманце – дакладзе, падрыхтаваным групаю навукоўцаў для міністэрства абароны ЗША – адзначаецца, што ня толькі эканамічныя праблемы сталі прычынаю цяперашняга становішча. Аўтары гэтага дакладу мяркуюць, што дэмаграфічныя праблемы нашмат глыбейшыя, і як выглядае, працягнуцца нават пасьля таго, як у постсавецкіх краінах пачнецца эканамічны пад'ём.

Некаторыя з гэтых праблемаў ідуць каранямі ў экалягічную і эпідэміялягічную сытуацыю, якую ўлады не маюць рэсурсаў або нават жаданьня зьмяніць. У дакладзе сьцьвярджаецца, што само па сабе эканамічнае разьвіцьцё ня можа забясьпечыць упэўненае пазбаўленьне ад дэмаграфічных цяжкасьцяў. Узамен, гэтыя праблемы самі ствараюць палітычную напружанасьць на постсавецкім абшары. У славянскіх краінах, прыкладам, старэючае і ўсё больш хворае насельніцтва патрабуе пашырэньня бясплатнай аховы здароўя, у той час як ўлады ймкнуцца зьнізіць дзяржаўныя выдаткі на гэта дзеля спрыяньня эканамічнаму росту.

Гэтыя патрабаваньні забясьпечаць базу для палітычных лідэраў левай арыентацыі, якія зацікаўленыя ў пашырэньні выдаткаў дзяржавы на ахову здароўя за кошт эканамічнае пэрспэктывы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG