Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 жніўня 1999 г.


Галіна Айзэнштат, Менск

Учора, даючы інтэрвію "Российской газете" Аляксандар Лукашэнка запрасіў яе прадстаўнікоў прыехаць у Беларусь праз год на парляманцкія выбары. Ён падкрэсьліў, што тады на свае вочы можна будзе пабачыць – наколькі дэмакратычна гэтыя выбары пройдуць. На самай справе ўлады робяць усё, каб выбары прайшлі толькі паводле іхнага сцэнару, што выклікае абурэньне апазыцыі.

Вось ужо два дні запар бюро Радыё Свабода атрымлівае факсы заяваў ці прэс-рэлізаў розных партыяў і асацыяцыяў, у якіх выказваюцца адносіны да будучых парляманцкіх выбараў і перамоваў, аб парадку іх правядзеньня з місыяй АБСЭ.

Справа ў тым, што многія партыі лічаць, што у афіцыйным друку падаецца скажоная пазыцыя. Яна трактуецца як нібыта саступка ўладам. Насамрэч, апазыцыйныя партыі вылучылі шэраг умоваў, безь якіх правядзеньне свабодных дэмакратычных выбараў проста немагчымае. Гэта спыненьне палітычных рэпрэсіяў, вызваленьне палітычных вязьняў, рэальны доступ да электронных мас-мэдыяў, недапушчэньне спалучэньня выбараў у Беларусі зь інтэграцыйнымі рэфэрэндумамі й выбарамі ў нейкія "саюзныя" ворганы, пасьлядоўнае непрызнаньне "пасьляліпеньскага" лукашэнскага рэжыму з боку міжнароднае супольнасці.

Акрамя таго, абвяшчэньне мараторыя на абмеркаваньне канстытуцыйных пытаньняў магчыма толькі тады, калі будзе накладзены мараторый на выкарыстаньне антыдэмакратычных законаў і дэкрэтаў, якія вынікаюць з Канстытуцыі 96-га году.

Пра гэтыя прынцыпы найбольш рашуча й акрэсьлена заявілі Вінцук Вячорка й Лявон Баршчэўскі ад імя БНФ. Аднак, і іншыя апазыцыйныя партыі падтрымалі іх, і нават Лібэральна-дэмакратычная, якую АБСЭ таксама запрасіла да ўдзелу ў кансультацыях.

Паўстала і яшчэ адно надзвычай важнае і прынцыповае пытанне: у які ворган маюць адбыцца выбары? Бо цяперашнюю палату прадстаўнікоў легітымнай ніхто не прызнае. Між тым, апазыцыйныя партыі атрымалі ліст ад старшыні камісыі па дзяржаўным будаўніцтве палаты прадстаўнікоў "нацыянальнага сходу" Анатоля Красуцкага з запрашэньнем паўдзельнічаць у дапрацоўцы выбарчага кодэксу і ўсе нават не палічылі неабходным адказаць яму, не жадаючы, па-першае, супрацоўнічаць зь нелегітымнай палатаю, а па-другое – удзельнічаць у фарсе, якім зьяўляецца праца над выбарчым кодэксам.

Тая ж місыя АБСЭ разгледзеўшы праект выбарчага кодэксу, падрыхтаванага ЦВК Лідзіяй Ярмошынай разам з цэнтрам заканапраектаваай дзейнасьці пры адміністрацыі прэзыдэнта, зрабіла заключэньне, што ён "не падыходзіць да выбараў, якія б забясьпечылі дэмакратычную легітымнасьць любой абранай асобе ці воргану".

Тым ня менш, гэта не перашкодзіла Ярмошынай з Красуцкім правесьці прэс-канфэрэнцыю і ўсяляк нахвальваць выбарчы кодэкс і загадзя заявіць, што выбары ў парлямант пройдуць так, як прайшлі выбары ў мяйсцовыя саветы. Іх жа за так званую "дэмакратычнасьць" асудзіла й місія АБСЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG