Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 жніўня 1999 г.


Віталь Цыганкоў, Прага

Абедзьве палаты Кангрэсу Злучаных Штатаў прынялі заканадаўчыя акты аб выдаткаваньні мільярдаў даляраў на эканамічную падтрымку замежным краінам. Зразумела, што Беларусь у сьпісе атрымальнікаў фінансавае дапамогі стаіць далёка не на першых пазыцыях.

Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША у аўторак прыняла закон, які ўстанаўлівае выдаткаваньне 12 мільярдаў 600 мільёнаў даляраў для аказаньня эканамічнай, ваеннай і гуманітарнай дапамогі замежным краінам. Вышэйшая палата Кангрэсу – Сэнат – прыняла сваю вэрсыю пакета дапамогі 30 чэрвеня. Цяпер абедзьве палаты Кангрэсу павінны прыйсьці да кампрамісу наконт канчатковай сумы. Пагадненьне будзе пасланае для новага галасаваньня, і ўжо потым закон будзе накіраваны прэзідэнту Білу Клінтану на подпіс.

Палата прадстаўнікоў зьменшыла суму, якую прапаноўваў прэзыдэнт, на мільярд 900 мільёнаў даляраў. Паводле пастановы, 7,4 мільярды даляраў пойдзе на эканамічную дапамогу, 3,6 мільярды на ваенную дапамогу, 1,1 мільярды для міжнародных арганізацыяў і 595 мільёнаў дзеля спрыяньня экспарту.

Галоўнымі спажыўцамі амерыканскіх грошаў па-ранейшаму застаюцца стратэгічныя хаўрусьнікі ЗША: Ізраіль – 2 млрд. 880 мільёнаў даляраў і Егіпет – 2 мільярды. Краінам Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропы палата згадзілася выдаць 393 мільёны – менавіта столькі, колькі прасіў прэзыдэнт. 725 мільёнаў будуць выдаткаваныя для краінаў былога Савецкага Саюзу, што на 307 мільёнаў менш прапанаванага Клінтанам. Трэба зазначыць, што гэта істотна менш за тое, што было напрыклад, тры-чатыры гады таму.

Палата прадстаўнікоў ня вызначала спэцыяльныя сумы для асобных краінаў былога СССР, пакінуўшы гэтыя рашэньні для кампрамісу, які будзе выпрацаваны разам з Сэнатам. Чакаецца, аднак, што канчатковы варыянт будзе супадаць з сэнацкім падыходам. Там прадугледжана 210 мільёнаў даляраў для Украіны, 95 мільёнаў для Грузіі і 90 для Арменіі. У рашэньні Сэнату і Палаты прадстаўнікоў адзначана, што эканамічная дапамога Ўкраіне больш ня будзе зьвязвацца з абяцаньнямі ўкраінскага ўраду ўтаймаваць эканамічную карупцыю, асабліва тую, якая шкодзіць амэрыканскім бізнэс-інтарэсам. У дакладзе, які суправаджае пастанову Палаты, адзначана, што вялічыня дапамогі зьнізілася "з прычынаў змрочнай палітычнай ды эканамічнай сытуацыі ва Ўкраіне".

Як у гэтым сэнсе выглядае Беларусь? Паводле палітыкі "абмежаваных стасункаў", прынятай Злучанымі Штатамі ў дачыненьні да Беларусі пасьля гэтак званага рэфэрэндуму 1996 году, фінансавая дапамога за апошнія гады рэзка зьнізілася. Напрыклад, у мінулым 1998 фінансавым годзе агульная сума дапамогі склала ўжо толькі 17 мільёнаў даляраў, пры гэтым грошы пераважна былі накіраваныя на тэхнічныя і гуманітарныя праекты, а таксама на падтрымку няўрадавых аргіназацыяў і малую прыватызацыю. Так, амаль 8 мільёнаў было выдаткавана на розныя праграмы праекту "Акт у падтрымку свабоды", таксама каля 8 мільёнаў пайшлі на гуманітарныя мэты, пераважна зьвязаныя з Чарнобылем.

У пачатку 90-х гадоў гэтыя лічбы выглядалі зусім інакш. Ад набыцьця Беларусьсю незалежнасьці да канца 1994 фінансавага года Злучаныя Штаты выдаткавалі 268 мільёнаў даляраў дзяржаўнае дапамогі. Але ў 1994 Беларусь абрала свайго першага прэзыдэнта, і празь некалькі месяцаў сытуацыя ў краіне пайшла зусім у іншым кірунку. Таму цяпер пра падобныя лічбы амэрыканскае дапамогі сёньняшняму рэжыму не даводзіцца нават марыць.

XS
SM
MD
LG