Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 жніўня 1999 г.


Віталь Тарас, Прага

Новае падвышэньне цэнаў на нафту зьмяніла гандлёвыя стасункі на вялікай прасторы ад Цэнтральнае Азіі да Югаславіі і ад Расеі да Ірану. Але затое вытворцы нафты могуць мець сёлета праблемы.

Многія краіны сутыкнуліся, найперш, з эканамічнымі праблемамі, якія назапашваліся дзесяцігодзьдзямі з-за практыкі субсыдыяў на паліва. Палітычыныя наступствы выявіліся цяпер ў хуткіх зьменах у гандлёвых зносінах з непрадказальнымі вынікамі.

Азэрбайджан, прыкладам, паведаміў аб часовым прыпыненьні продажу ачышчанай нафты Ірану, паколькі яе востра не хапае Ўкраіне, дзе ўсё паліва пайшло на збор ураджаю. Баку пагадзіўся задаволіць просьбу Кіева паставіць 450 000 тонаў дызэльнага паліва, і ўжо адпраўленыя 34 000 тонаў. Экспарт ва Ўкраіну амаль нічога не пакінуў Ірану.

Іран заявіў аб тым, што ўзамен ён зьвернецца да Туркмэністану па ачышчаныя нафтапрадукты. Туркмэнскія пастаўшчыкі ўжо заявілі больш нізкія цэны. Гэтая замена можа падаць прыклад да перайманьня падобных захадаў суседзям Ірана па Цэнтральнае Азіі. Іран ужо імпартуе газ з Туркмэністану і падключыў лініі энэргэтычных сыстэмаў, каб купляць там электраэнэргію.

Расея, якую часам згадваюць як крыніцу рэсурсаў для іншых краінаў, занепакоеная ўласнымі праблемамі, зьвязанымі з дэфіцытам нафтапрадуктаў. Урад афіцыйна папярэдзіў нафтаздабывальныя кампаніі, што яны забароняць карыстаюцца трубаправодамі дзеля экспарту сваёй прадукцыі, пакуль ня будуць задаволеныя заяўкі спажыўцоў на нутраным рынку.

На самой справе, зрыў паставак стаўся прыкметаю нечаканага ажыўленьня на рынку паліва хаця б на ўзроўні рэгіёнаў. І гэта адбываецца пасьля дзесяцігодзьдзяў цэнтралізаванага плянаваньня ды кантролю. Аднак, нягледзячы на прагрэс у заваёве міжнародных рынкаў, усё яшчэ застаецца шмат выдаткаў кепскага плянаваньня, якія засталіся ў спадчыну ад мінулага.

Краіны, якія спажываюць нафтапрадукты, кшталту Ўкраіны, гучна скардзяцца на высокія цэны ўзроўню эўрапейскіх.

Краіны, якія прадукуюць нафтапрадукты, кшталту Расеі, павінныя былі б быць задаволеныя падвышэньнем цэнаў на нафту ў гэтым годзе. Прыкасьпійскія дзяржавы павінныя былі таксама атрымаць выгаду ад падвышэньня цэнаў, паколькі яны не трапляюць пад патрабаваньне АПЕК аб квотах на здабычу нафты. Расея афіцыйна абяцала зьменшыць здабычу, але насамрэч вытворцы пампуюць нафты столькі, колькі магчыма.

Аднак выгада на практыцы аказалася ўяўнай. У Расеі урад ня мае рацыянальнай нафтавай палітыкі. Пакуль на нутраным рынку нафтапрадукты прадаюцца значна таньней, чым ва Ўкраіне, будзе квітнець кантрабанда і ўхіленьне ад падаткаў. У Азэрбайджане апазыцыя патрабуе зьніжэньня цэнаў на нафту дзеля мясцовых спажыўцоў, дэманструючы, што старыя звычкі субсідыяў не адыйшлі ў нябыт.

Паліўныя субсідыі й рынкавыя ўзрушэньні могуць пазбавіць прыбытку ад высокіх цэнаў на нафту краіны, якія яе здабываюць, і адначасна прывесьці да зьбядненьня краінаў-спажыўцоў. Толькі Іран паспрабаваў выйсьці з зачараванага кола субсідыяў – там прайшла масавая палітычная кампанія за падвышэньне цэнаў на нафтапрадукты. Да гэтага часу субсідыі стваралі такую самую як у Расеі сітуацыю: у памежных раёнах кантрабандысты прадавалі паліва за мяжу й атрымлівалі дзесяцікратны прыбытак. А урад змусіў зноў купляць нафту за мяжою, у Азэрбайджане – і часам купляць тую самую нафту, што ужо пабывала ў Іране.

У самым лепшым выпадку сыстэма субсідыяў архаічная. Але у горшым варыянце яна азначае карупцыю і вядзе да эканамічнай і палітычнай нестабільнасьці. Мала якія краіны паспрабавалі разабрацца з праблемаю коштаў на нафту, калі цэны былі нізкія. Цяпер, калі яны вырасьлі, каб вырашыць праблему, запатрабуецца велізарная палітычная воля.

XS
SM
MD
LG