Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 жніўня 1999 г.


Уладзімер Кулажанка, Менск

Між іншым, паводле статыстыкі, у Беларусі расьце ўжываньне алькагольных напояў. Сёлета ў беларусаў ёсьць усе шанцы перавысіць паводле ўжывальнасьці алькаголю ўзровень 94-га году. Гэта быў пік, пасьля якога ў краіне наступіў спад паводле гэтага паказчыку. За першую палову 99-га году ў Беларусі па ўсіх каналах рэалізацыі прададзена й, мабыць, ужо выпіта алькаголю на 60% гадавога ўзроўню 94-га году. І, прыкладна, на 65% 97-га. Такім чынам, за паўгодзьдзе ў краіне з разьліку на аднаго жыхара Беларусі ўжыта больш за 20 літраў алькагольных напояў.

Прыняты указ ёсьць чарговым і заключным этапам па ўсталяваньню алькагольнай і тытунёвай манаполіі дзяржавы ў Рэспубліцы Беларусь. Гэта ня мог адмаўляць у сваім выступе па тэлебачаньню ўчора 3 жніўня намесьнік міністра эканомікі Анатоль Кавалёў.

Практыка падцьвердзіла, што раней уведзеная маркіроўка алькаголю акцызнымі маркамі не забясьпечыла поўнага кантролю як над вытвочасьцю, так і над продажам гарэлкі, віна ды цыгарэтаў. Знаходзіліся шляхі абыходу дзяржаўнага кантролю. Не было ў краіне ніводнага воргану, які б кантраляваў рух алькаголю, зараз утвораны адмысловы камітэт па кантролю за вытворчасьцю ды абаротам алькагольнай і тытунёвай прадукцыі. І хоць гэты камітэт пры камітэце (дзяржаўным падаткавым камітэце), але ён будзе разгалінаваны па ўсёй вэртыкальнай сыстэме й манаполія дзяржавы ў азначанай сферы хутка будзе здзейсьненым фактам.

Прыняцьцё ўказу аб кантроле за вытворчасьцю і абаротам алькагольнай і тытунёвай прадукцыі выглядае прысьпешаным актам і гэта не выпадкова, бо краіна адчувае патрэбу ў грашовых ресурсах і валюце – жніво не абяцае важкага ураджаю, і трэба будзе закупіць ня меней за 2 мільёны тонаў харчовага й фуражнага збожжа. Ва ўмовах інфляцыі зноў паўстала пытаньне аб падвышэньні заробкаў, пры тым зь першага верасьня. А пэнсіі, хоць і нязначна, намінальна ўжо падвышаны з 1 жніўня. Дзеля гэтага дзе ўзяць грошы? Вось і зьявіўся указ № 456. Адміністрацыя шляхам жорсткіх захадаў мае намер выціснуць са спажыўцоў алькаголю й тытуню трыльёны рублёў.

Новы камітэт надзелены шырокімі паўнамоцтвамі, ён будзе з усіх бакоў кантраляваць вытворчасьць і абарот алькаголю. У прыватнасьці, стан сьпіртупрыёмнага й сьпіртавымяральнага абсталяваньня сьпіртасховішчаў. Функцыяй новага камітэту будзе таксама ўсталяваньне парадку, выданьне юрыдычным асобам ды індывідуальным прадпрыймальнікам ліцэнзіі на права вытворчасьці, імпартаў, экспартаў, аптовага ды розьнічнага гандлю. Асобная ўвага будзе нададзеная дэкляраваньняў аптовай реалізацыі алькагольнай прадукцыі і тутунёвых вырабаў.

Як бачым, як і ў іншых галінах зробленая стаўка на выцясьненьне галіны пасярэднікаў. Ўсё бярэ у свае рукі дзяржава, а як будуць мяняцца цэны, ва ўказе пра гэта а ні слова. Але пры ўсталяваньні манаполіі ды росьце намінальных пэнсіяў і заробкаў кірунак у іх адзін – рост.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG