Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 жніўня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Закід Аляксандра Лукашэнкі ў бок расейскіх уладаў — маўляў, "можа вы заўтра Шарэцкага запросіце ў Маскву?" — вядома, ня больш чым рытарычная фігура. Аднак, даволі красамоўная, бо дэманструе, што статус Сямёна Шарэцкага як магчымага выканаўцы абавязкаў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, Аляксандру Лукашэнку спакою не дае. Тым часам старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Сямён Шарэцкі, які зараз жыве ў Вільні, праводзіць перамовы з дэпутатамі Вярхоўнага Савету па справе фармаваньня ўраду. Пакуль называецца адное прозьвішча — кандыдата на пасаду прэм'ер-міністра — Анатоля Лашкевіча. Аднак, гэтая кандыдатура выклікала негатыўную рэакцыю часткі дэпутатаў.

Факт кансультацыяў па справе фармаваньня габінэту міністраў і прызначэньня прэм'ера падцьвёрдзіў нашаму радыё кіраўнік аграрнай фракцыі Вярхоўнага Савету Мечаслаў Гіруць. Ён заявіў, што сустракаўся днямі зь Сямёнам Шарэцкім у Вільні, дзе праводзіў са сьпікерам перамовы. Мечаслаў Гіруць заявіў, што асоба Анатоля Лашкевіча сапраўды разглядаецца як кандыдатура на пасаду прэм'ер-міністра. Прозьвішчы іншых кандыдатаў, калі такія ёсьць, Мечаслаў Гіруць не назваў.

Калі можна чакаць прызначэньне Шарэцкім прэм'ера, Мечаслаў Гіруць таксама не сказаў. Анатоль Лашкевіч, вядомы як пасьпяховы бізнэсмэн, які фінансаваў і фінансуе апазыцыйную камуністычную партыю Калякіна. Пасьля перасьледу ў Беларусі Лашкевіч перавёў свой бізнэс у Расею.

Паводле нашай неафіцыйнай інфармацыі, Сямён Шарэцкі зьбіраецца абвесьціць сябе выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта Беларусі адначасна з прызначэньнем прэм'ера. І адбыцца гэта можа бліжэйшым тыднем.

Скантактавацца з самім Сямёнам Шарэцкім немагчыма. У летувіскім Сэйму і ў прыёмнай сьпікера Ляндзбэргіса кажуць, што віленскія каардынаты Шарэцкага — сакрэт.

Ужо зараз можна меркаваць, што асоба Анатоля Лашкевіча будзе неадназначна патрактавана дэпутатамі Вярхоўнага Савету. Лідэр фракцыі "Грамадзянскае дзеяньне", старшыня Аб'яднанай Грамадзянскае партыі Станіслаў Багданкевіч заявіў нашаму радыё, што ён ведае пра кансультацыі, якія ў Вільні праводзіць Сямён Шарэцкі. Аднак, Аб'яднаная Грамадзянская партыя ў гэтых перамовах пакуль удзелу не бярэ. Станіслаў Багданкевіч паведаміў, што ўжо выказваў Шарэцкаму сваё негатыўнае стаўленьне да асобы Анатоля Лашкевіча, як магчымага прэм'ер-міністра. Паводле словаў Станіслава Багданкевіча, Аб'яднаную Грамадзянскую партыю найперш незадавальняе стаўленьне Лашкевіча да беларускага сувэрэнітэту й беларускай дзяржаўнасьці.

Зараз Лашкевіч працуе пад патранажам расейскай камуністычнай партыі Зюганава. І бяз жорсткіх пісьмовых гарантыяў таго, што Лашкевіч будзе абараняць беларускі сувэрэнітэт, дэпутаты Аб'яднанай Грамадзянскай партыі нават ня будуць весьці гаворкі пра кандыдатуру Лашкевіча — заявіў Станіслаў Багданкевіч.

Разам з тым старшыня камісыі ў міжнародных справах Вярхоўнага Савету Анатоль Лябедзька заявіў, што калі Шарэцкі абвесьціць сябе кіраўніком дзяржавы, то ён будзе мець магчымасьць падпісаць указ аб прызначэньні прэм'ера без кансультацыяў зь Вярхоўным Саветам. Наступствы гэтага кроку, — гавораць дэпутаты, нязгодныя з кандыдатураю Лашкевіча, — могуць значна абвастрыць стасункі паміж дэпутатамі й раскалоць Вярхоўны Савет.

XS
SM
MD
LG