Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 жніўня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня ў інтэрвію "Российской газете" Аляксандар Лукашэнка выказаў шэраг прэтэнзыяў да расейскага кіраўніцтва. Гэтае інтэрвію яшчэ неапублікаванае. Аднак, некторыя ягоныя палажэньні сталіся нам вядомымі. Аляксандар Лукашэнка чарговы раз пашкадаваў пра вывад зь Беларусі ядравай зброі ды выказаў перасьцярогу, што Масква можа пачаць наладжваць кантакты зь беларускай апазыцыяй.

Няма ў сьвеце іншай краіны, кіраўніцтва якой беларускі лідэр бэсьціў бы так, як расейскае...

Гэтак і сёньня — у інтэрвію "Российской газете" ён абвінаваціў расейскае кіраўніцтва ў тым, што яно ня хоча ўзгадняць з хаўрусьнікам — Беларусьсю — важнейшыя моманты сваёй замежнай палітыкі.

Лукашэнка заявіў, што ў свой час раіў Ельцыну не сьпяшацца з вывадам ядравай зброі зь Беларусі. Але, паводле словаў Лукашэнкі, Крэмль да яго не прыслухаўся — наадварот, на яго пачаўся моцны ціск з двух бакоў: з боку Ельцына ды з боку Клінтана. Кіраўнік Беларусі патлумачыў, што ягонае нежаданьне выводзіць ракеты грунтавалася не на нейкіх мілітарысцкіх памкненьнях, а на ўпэўненасьці, што як толькі ядравая зброя пакіне Беларусь, краіны Ўсходняй Эўропы адразу ж уступяць у NATO.

Усё так і адбылося, — сказаў Лукашэнка. — Як толькі вывялі ракеты, Усходняя Эўропа ўступіла ў NATO. Кіраўнік дзяржавы таксама абвінаваціў Расею ў нежаданьні праводзіць узгодненную палітыку ў дачыненьні да NATO. На ягоную думку, вынікам гэтай няўзгодненасьці стала ваенная апэрацыя альянсу ў Югаславіі.

Гледзячы па ўсім, Лукашэнка нэрвова ўспрымае паразу Мілошавіча ў вайне й зьмяненьне пазыцыі Расеі ў балканскім канфлікце.

На мінулым тыдні прэм'ер Расеі Сяргей Сьцяпашын пад час свайго візыту ў ЗША заявіў, што сэрбскі народ пакутуе нятолькі ад наступстваў бамбаваньня але й ад Мілошавіча. Вуснамі Сьцяпашына Расея заявіла, што ня мае намру трымацца за югаслаўскага лідэра да апошняга. Гэты паварот расейскае палітыкі меў працяг — на гэтым тыдні ў Маскву з афіцыйным візытам прыбыў прэзыдэнт югаслаўскае рэспублікі Чарнагорыі Мілан Джуканавіч — адзін зь лідэраў апазыцыі Мілошавічу. На Джуканавіча "ставіць" Захад, але нарэшце і ў Маскве прыйшлі да высновы, што трэба наладжваць адносіны з магчымымі пераемнікамі сучаснага гаспадара Белграду.

І ня толькі ў тым справа, што Захад змушае Расею адварочвацца да ейнага белградзкага пратэжэ — Масква навязвае кантакты з югаслаўскай апазыцыяй, зыходзячы са сваіх, расейскіх інтарэсаў. Не жадаючы згубіць усялякі ўплыў на Балканах у выпадку палітычных зьменаў у Югаславіі, якія зараз падаюцца ўжо непазьбежнымі.

Аналёгіі напрошваюцца. І ня толькі ў аглядальнікаў, але як высьвятлілася, і ў самога Лукашэнкі. Сёньня ў інтэрвію "Российской газете" ён, зьвяртаючыся да расейскага кіраўніцтва, заявіў "можа вы заўтра Шарэцкага запросіце ў Маскву, як Джуканавіча? Дзе гарантыі?". Кіраўнік Беларусі цалкам мае рацыю — гарантыяў няма. Ён сам заявіў у інтэрвію нямецкаму штотыднёвіку "Вог" — "мяне ніхто й пальцам не кране, калі ня зрадзіць расейскае кіраўніцтва".

Такая залежнасьць ад настрою расейскага кіраўніцтва — справа небясьпечная. І зьмены палітыкі Масквы ў дачыненьні да Югаславіі яскрава дэманструюць, што дзяржаўныя інтарэсы той ці іншай краіны ня зводзяцца да падтрымкі пэўных асобаў.

XS
SM
MD
LG