Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 жніўня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

(эфір 3 жніўня)
Сёньня ў Менску ў нямецкім Адукацыйным цэнтры IBB адбылася нарада апазыцыйных палітычных партыяў, прысьвечаная тактыцы будучых мажлівых перамоваў з уладамі. Лідэры партыяў рашуча адхілілі інфармацыю, якая зьявілася ў друку, нібыта яны згадзіліся узяць удзел у выбарах у палату прадстаўнікоў "нацыянальнага сходу".

У сёньняшняй нарадзе бралі ўдзел кіраўнікі Беларускага Народнага Фронту, Аб'яднанай Грамадзянскай партыі, дзьвюх сацыял-дэмакратычных партыяў — БСДП НГ і БСДГ, Лібэральна-дэмакратычнай партыі, Партыі камуністаў (Калякіна), Партыі Жанчынаў і руху "Яблоко". Інтарэсы Вярхоўнага Савету прадстаўляў на нарадзе дэпутат Анатоль Лябедзька.

Як паведаміў Радыё Свабода Станіслаў Багданкевіч, які старшыняваў на сходзе, сёньня палітыкі абмяркоўвалі пераважна працэдурныя пытаньні будучых перамоваў. Вырашана стварыць кансультацыйную Раду апазыцыі ў склад якой увойдуць Вярхоўны Савет і апазыцыйныя партыі. Удзельнікі нарады пастанавілі лічыць апазыцыйнымі тыя партыі, якія не прызнаюць вынікі рэфэрэндуму 96-га году. Менавіта кансультацыйная Рада апазыцыі будзе распрацоўваць і каардынаваць тактыку перамоваў. У прыватнасьці, фармаваць дэлегацыю на перамовах. На сёньняшняй нарадзе быў таксама прыняты пратакол аб папярэднім парадку дня перамоваў.

Паводле словаў Станіслава Багданкевіча, апазыцыйныя палітыкі вырашылі сабрацца празь дзесяць дзёнаў і перайсьці да абмеркаваньня сутнасных пытаньняў перамоваў — якія папярэднія ўмовы выстаўляць, якія пазыцыі адстойваць прынцыпова, а ў чым можна саступіць. Станіслаў Багданкевіч ня выключыў, што афіцыйным перамовам можа папярэднічаць нефармальны дыялёг з уладамі.

У папярэднім парадку дня перамоваў, які прапануе апазыцыя, фігуруюць наступныя пункты: стварэньне спрыяльнага палітычнага клімату (гэта значыць — вызваленьне палітзьняволеных), доступ апазыцыі да электронных сродкаў масавае інфармацыі, роля й функцыі будучага парляманту й новы закон аб выбарах.

Напярэдадні сёньняшняй нарады ў "Белорусской газете" й "Народнай Волі" зьявіліся артыкулы Міхала Падаляка, у якіх распавядалася пра перамовы апазыцыянэраў з кіраўніком групы АБСЭ у Беларусі Гансам-Георгам Вікам. Аўтар сьцьвярджаў, што пад час гэтых перамоваў усе апазыцыйныя партыі нібыта згадзіліся ўзяць удзел у выбарах у палату прадстаўнікоў "нацыянальнага сходу".

Я папрасіў удзельнікаў сёньняшняе нарады пракамэнтараваць гэтыя публікацыі. Спадар Багданкевіч назваў згаданыя тэксты "ахінеяй" і патлумачыў, што адным з галоўных пытаньняў, якое абмяркоўвалася са спадаром Вікам, была якраз праблема структуры й паўнамоцтваў будучага парляманту. Прычым, рашэньне гэтае праблемы, паводле словаў Багданкевіча, павінна папярэднічаць пытаньню аб правядзеньні выбараў. Лідэр АГП сказаў, што ягоная партыя ня згодная на выбары паводле Канстытуцыі 96-га году.

Лідэр Партыі камуністаў Сяргей Калякін назваў публікацыю ў "Белорусской газете" й "Народнай Волі" домысламі, які маюць на мэце дыскрэдытацыю палітычных партыяў і дэзарыентацыю грамадзтва. Сакратар ЦК ПКБ адзначыў, што АБСЭ не прапаноўвае праводзіць выбары а ні па Канстытуцыі 94-га году, а ні па Канстытуцыі 96-га году. На думку прадстаўнікоў гэтае арганізацыі, пытаньне — у які парлямант павінны адбывацца выбары — ёсьць рэч перамоваў. Спадар Калякін заявіў, што парлямант мусіць быць адзіным заканадаўчым ворганам. Каб ніхто акрамя яго ня мог выдаваць законы ці адмяняць законы, прынятыя парлямантам.

Намесьнік старшыні Беларускага Народнага Фронту Вінцук Вячорка лічыць публікацыі спадара Падаляка наконт сустрэчы апазыцыі са спадаром Вікам поўнай няпраўдай. Ён адзначыў, што выбары могуць адбывацца ў парлямант ці ў канстытуцыйную асамблею, але ў любым выпадку — гэта мусіць быць ворган, які прымае канчатковае рашэньне. Спадар Вячорка зьвярнуў увагу на тое, што пэўны час таму з палаты прадстаўнікоў партыям быў дасланы праект выбарчага кодэксу дзеля ўнёску прапановаў па ягонаму зьместу. Але ўсе партыі, нават, не згаворваючыся, адказалі, што ня будуць браць удзел у распрацоўцы законаў нелегітымнымі ворганамі. Намесьнік старшыні Фронту падкрэсьліў, што БНФ ня будзе ўдзельнічаць ні ў якіх выбарчых ініцыятывах, якія б маглі легалізаваць створаныя рэжымам інстытуты. У тым ліку й гэтак званы "нацыянальны сход".

Такім чынам, прадстаўнікі кіраўніцтва трох вельмі ўплывовых палітычных партыяў Беларусі рашуча абверглі інфармацыю аб згодзе іхных арганізацыяў ўдзельнічаць у выбарах у палату прадстаўнікоў "нацыянальнага сходу".

XS
SM
MD
LG