Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 жніўня 1999 г.


Вольга Казак, Прага

Заўтра, у сераду, брытанскай Каралеве-маці спаўняецца 99 гадоў – юбілей, які будзе сьвяткаваць ўся краіна.

Каралева-маці ўжо пражыла амаль што цэлае стагодзьдзе, якое прынесла ёй радасьць, бяду й бязьмерную любоў ад вялікай часткі публікі. Брытанскі народ далікатна называе яе Каралевай-маці й лічаць яе самым паважаным чальцом каралеўскае сям'і. Яе харызма й чароўнасьць ніколі не зьнікае, і з усьмешкаю каралева заўсёды гатовая выпіць, пайсьці на прыстойную вечарынку ці зрабіць стаўку на скачках. Але за цёплай усьмешкай стаіць моцная жанчына, на якую мелі уплыў дзьве сусьветныя вайны, нечаканае ўзыходжаньне ейнага мужа на каралеўскі трон, яго даволі раньняя сьмерць і тры няўдалыя шлюбы яе ўнукаў.

Яе муж, кароль Джорж, быў ціхім і нясьмелым чалавекам, але дзякуючы падтрымцы жонкі, ён змог кіраваць краінаю ў цяжкія часы другой сусьветнай вайны. Калі нямецкая бомба ўпала на Бэкінгэмскі палац, каралева заявіла: "Зараз я хаця б магу глядзець усходняму Лёндану у вочы!" Гэта заява зрабіла Каралеву-маці яшчэ больш папулярнай. Нават цяпер многія вэтэраны не забываюць той выпадак.

Каралева-маці мела вялікі уплыў на каралеўскую сям'ю і была вельмі традыцыйным і ўпартым чалавекам, з чым не заўсёды згаджаліся іншыя чальцы сям'і, асабліва таксама любімая народам прынцэса Даяна, якая ня доўгі час таму загінула у аўтамабільнай катастрофе. Даяна лічыла, што Элізабэт Боўс-Лаён мала замнога кантролю над сям'ёй, асабліва над Прынцам Чарлзам, і трымала адлегласьць ад старэйшай, больш магутнай каралевы.

Каралева-маці мела незвычайна моцнае здароўе і першы раз за ўсё сваё жыцьцё трапіла у шпіталь у 64 гады з апэндыцытам. Поўная энэргіі Каралева магла ўсю ноч танцаваць, нават пасьля двух апэрацыяў сьцягна.

Гэта незвычайная Каралева, ня толькі перажыла дзьве сусьветныя вайны, але таксама бачыла нараджэньне авіяцыі, аўтамабіля, тэлевізыі, высадку чалавека на Месяцы, халодную вайну і "Бітлс".

Яшчэ адзін год і Каралева-маці зможа атрымаць ад сваёй дачкі, цяперашняй Каралевы Брытаніі Элізабэты ІІ віншавальную паштоўку зь ейным аўтографам, якую атрымлівае кожны грамадзін Брытаніі, які пражыў цэлае стагодзьдзе.

XS
SM
MD
LG