Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 жніўня 1999 г.


Рада міністраў Беларусі, імкнучыся яшчэ больш скараціць імпарт і зэканоміць валюту, вырашыў заахвоціць тых, хто займаецца імпартазамяшчальнымі праектамі. Такія праекты згодна з новай урадавай пастановаю, на 80 адсоткаў будуць фінансавацца дзяржаваю. Раней бюджэт выдаткоўваў прадпрыемствам на такія мэты толькі трэць патрэбнае сумы.

Гэтая заманлівая ідэя ўжо не адзін год турбуе ўрадавых чыноўнікаў. Звонку такі шлях эканоміі валюты выглядае бяспройгрышным. Сапраўды: грошы застаюцца ў краіне, айчынныя вытворцы атрымліваюць заказы, рабочыя ня губляюць працу… Праблема, аднак, у тым, што гэтая ідэальная схэма вельмі рэдка спрацоўвае.

Ня толькі за апошнія гады, а нават і раней, на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў беларускім прадпрыемствам шмат разоў даручалася ствараць аналягі імпартнай прадукцыі. У наладжваньне новых вытворчасьцяў укладваліся вялізныя сродкі. І мэта ўрэшце рэшт нібыта дасягалася: айчынныя тэлевізары камплектаваліся гомельскімі, а не японскімі кінескопамі; альтэрнатывай амэрыканскім кампутарам станавіліся менскія ЭВМ; будаваліся новыя гіганцкія заводы па вытворчасьці сельгастэхнікі. Аднак гэтая вялізная натуральная гаспадарка магла йснаваць толькі пры закрытых дзяржаўных межах. Як толькі зьнікла манаполія дзяржавы на зьнешні гандаль, ураз выявілася сапраўдная цана гэтых намаганьняў. Сотні айчынных прадпрыемстваў ня здолелі вытрымаць канкурэнцыі з заходнімі вытворцамі. Непрыкметна адышлі ў нябыт ЭВМ, зьнік Гомельскі завод тэлевізыйных кінескопаў, толькі на дзяржаўную падтрымку спадзяюцца прадпрыемствы, якія выпускаюць сельгастэхніку.

І справа ня толькі ў тэхналягічнай адсталасьці нашых заводаў і, адпаведна, нізкай якасьці іхнае прадукцыі. Аказалася, што й сабекошт многіх з гэтых вырабаў настолькі высокі, што нашмат таньней было б купіць іх за мяжою.
Уласна, перавагі вытворчай спэцыялізацыі даўно ўжо ня маюць патрэбы ў доказах. Тым ня менш, ідэя імпартазамяшчэньня ва ўмовах Беларусі вельмі папулярная і ўсплывае кожны раз, як толькі ўскладняюцца праблемы з валютаю. Эканамісты выдатна ўсьведамляюць тупіковасьць гэтага шляху, аднак чыноўнікі ад яго не адмаўляюцца. Галоўным чынам з-за адной вельмі істотнай прычыны: любы праект, які абяцае эканомію валюты й адмову ад імпарту, сустракае аўтаматычную падтрымку з боку Аляксандра Лукашэнкі.
На шчасьце, сёньня ў Беларусі ўжо не спрабуюць вынайсьці ўласны кампутар або на савецкай базе аднавіць вытворчасьць гомельскіх кінескопаў. Але сутнасьць праектаў застаецца той жа. Пад Пінскам, паводле ініцыятывы кіраўніка ўправы справамі "прэзыдэнта" Івана Ціцянкова, пачалі вырошчваць тытунь, каб замяніць ім імпартовыя пастаўкі з Турцыі ды Баўгарыі. Калгасы ў масавым парадку прымушаюць сеяць рапс, каб у пэрспэктыве мець уласны рапсавы алей замест імпартовага сланечнікавага. Нешматлікія фармацэўтычныя прадпрыемствы вымушаныя засвойваць сотні новых найменьняў лекаў, ня маючы дзеля гэтага а ні належнае вытворчае базы, а ні вопыту, а ні ўпэўненасьці ў тым, што гэтыя лекі будуць якасныя.

Беларусь ня здольная захінуцца ад вонкавага сьвету й стварыць у рамкох сваіх дзяржаўных межаў натуральную гаспадарку. Гэта безсэноўна й беспэрспэктыўна: вопыт Паўночнае Карэі ды Кубы выразна пра гэта сьведчыць. Але да таго часу, пакуль гэтае ўсьведамленьне ў краіне пераможа, нас, напэўна, чакае яшчэ нямала экспэрымэнтаў зь ператварэньнем Беларусі ў вытворцу тытуню або пераходам на поўнае забесьпячэньне ўласнай кукурузаю ці кок-сагызам для патрэбаў Бабруйскага шыннага камбінату.

Валянцін ЖДАНКО, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG