Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 03 жніўня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

(эфір 2 жніўня)
Сёньня ў судзе Ленінскага раёну Менску аднавіўся разгляд крымінальнае справы дэпутата Вярхоўнага Савету Андрэя Клімава. Нагадаем, што вядомы беларускі бізнэсмэн і апазыцыйны палітык знаходзіцца ў турме ўжо амаль паўтары гады. Улады абвінавачваюць Клімава ў фінансавых махінацыях і злоўжываньнях.

У суд, дзе адбываецца працэс над Андрэем Клімавым, сёньня прыйшло каля дваццаці дэпутатаў Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня на чале зь першым намесьнікам старшыні Віктарам Ганчаром. Такім чынам парлямантары дэманстравалі сваю салідарнасьць са зьняволеным калегам.

Разгляд справы Андрэя Клімава пачаўся яшчэ 22 ліпеня, але судзьдзя Вера Тупік дала галоўнаму падсуднаму 10 дзёнаў дзеля азнаямленьня з усімі матэрыяламі папярэдняга сьледзтва. Гэтыя матэрыялы сабраныя у 33 тамы і ўяўляюць сабою 17 тысячаў старонак машынапіснага тэксту. Натуральна, што за такі кароткі час чалавек проста ня ўстане ня тое што прачытаць, а нават перагартаць гэты аб'ём дакумантаў. Таму сам Андрэй Клімаў і ягоныя абаронцы папрасілі ў суду даць адзін месяц для поўнага азнаямленьня з матэрыяламі справы.

Асабліва бляскучай была прамова грамадзкага абаронцы Клімава Гары Паганяйла. Вядомы адвакат юрыдычна абгрунтавана прасіў спадарыню Тупік вызваліць Андрэя Клімава з-пад варты, паколькі ён мае дэпутацкі статус недатыкальнасьці й накіраваць ягоную справу на дадатковае расьледваньне.

На думку Гары Паганяйлы, кіраўнікі сьледчай групы, якія вялі справу Клімава, Кужаль і Алёшкін, дапусьцілі шмат памылак і недакладнасьцяў. З сабраных імі матэрыялаў цяжка зразумець — у чым жа канкрэтна абвінавачваецца Андрэй Клімаў. Спадар Паганяйла таксама нагадаў суду й пра неканстытуцыйныя дзеяньні Аляксандра Лукашэнкі па разгоне Вярхоўнага Савету й пазбаўленьні парлямантароў дэпутацкага імунітэту.

Іншыя абаронцы дэпутата прасілі вызваліць Клімава з-пад варты яшчэ й таму, што Андрэй мае вельмі кепскае здароўе, хутка стамляецца й ня можа ў турме працаваць з матэрыяламі справы больш за дзьве гадзіны ў дзень. Адвакаты нагадывалі суду, што ў Андрэя Клімава выяўленыя шматлікія хваробы сэрца й печані (што засьведчана ў заключэньнях мэдычнай экспэртызы й мінулагоднім лячэньні падсуднага ў шпітале).

Калі ж суд адмовіць Клімаву ў вызваленьні, то адвакаты настойваюць на неадкладнай шпіталізацыі Андрэя. На іхную думку, толькі пасьля лячэньня галоўнага падсуднага, магчымы далейшы працяг прасэсу.

Адвакаты таксама прасілі дапусьціць да ўдзелу ў працэсе ў якасьці грамадзкага абаронцы Клімава дэпутата Вярхоўнага Савету Анатоля Лябедзькі. Супраць гэтага рэзка выступіла пракурор Радкевіч. На яе думку Лябедзька ня меў дастатковых паўнамоцтваў, каб абараняць Клімава. А выдадзены Анатолю Вярхоўным Саветам зварот да суду, з просьбаю дазволіць дэпутату абараняць Андрэя, назвала дакумантам невядомага воргану.

І тут ня вытрымаў першы намесьнік сьпікера Віктар Ганчар. Устаўшы з свайго мейсца, ён папярэдзіў пракурора аб адказнасьці за абразу вышэйшага заканадаўчага воргану краіны. За гэты несанкцыянаваны выступ судзьдзя Вера Тупік выдаліла Віктара Восіпавіча з залі. Вось як патлумачыў свой учынак сам Віктар Ганчар:

"Што тычацца маёй заявы, то яна проста выцякае з таго відавочнага факту, што нарэшце трэба ў дробязях нагадваць усім пасадным людзям, што яны мусяць выконваць законы, Канстытуцыю, а ў выпадку нявыкананьня — будуць несьці адказнасьць".

А тым часам суд адхіліў усе просьбы праваабаронцы й дазволіў яму знаёміцца з матэрыяламі справы толькі да 6 жніўня. А калі Андрэй Клімаў за адведзеныя яму чатыры дні не прачытае сваю шматтомную справу, суд, паводле Веры Тупік, будзе лічыць яго сымулянтам, які наўмысна зацягвае працэс.

XS
SM
MD
LG