Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 жніўня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

(эфір 1 жніўня)
Першая сэсыя шостага зьезду Беларускага Народнага Фронту скончылася сёньня нічыёй — аніводзін з кандыдытаў, вылучаных на пасаду старшыні БНФ, не набраў неабходнай колькасьці галасоў. Вырашана, што ў верасьні адбудзецца другая сэсыя шостага зьезду Фронту.

У нядзелю з раніцы дэлегаты зьезду абмяркоўвалі вельмі важныя працэдурныя пытаньні — як абіраць кіраўніцтва Фронту? Зянон Пазьняк і ягоныя прыхільнікі настойвалі на тым, каб спачатку абраць старшыню, які б потым прапанаваў зьезду склад сойму й сіпіс намесьнікаў кіраўніка. Апанэнты дзеючага старшыні прапаноўвалі, каб лідэр руху й Сойм абіраліся адначасова. Пасьля некалькіх галасаваньняў, якія суправаджаліся гарачымі спрэчкамі, было вырашана спачатку абіраць старшыню. Інакш кажучы, прайшла прапанова Пазьняка і ягоных прыхільнікаў.

Сярод дэлегатаў зьезду былі распаўсюджаны сьпісы сябраў Сойму, якіх мелі намер прапаноўваць зьезду ў выпадку свайго абраньня, Зянон Пазьняк і кіраўнік аргкамітэту зьезду Вінцук Вячорка. Пасьля пачалося вылучэньне кандыдатаў. Было названа 7 прозьвішчаў: Пазьняка, Вячоркі, Баршчэўскага, Хадыкі, Івашкевіча, Сіўчыка і Шыдлоўскага.

Было аб'яўлена, што справаздачны даклад Пазьняка зьяўляецца адначасна ягоным словам кандыдата. Астатнія кандыдаты атрымалі магчымасьць выступіць. Як высьветлілася, такое шматлюднае вылучэньне было палітычнай камбінацыяй. Пяцёра выступоўцаў зьнялі свае кандыдатуры на карысьць Вячоркі й выкарысталі прадстаўлены ім час для агітацыі за свайго кандыдата.

Спадар Вячорка ў сваім выступе сказаў, што дыскусыя, якая разгарэлася ў Фронце сьведчыць аб зьяўленьні ў руху парасткаў дэмакратызму. Ён усклаў віну за магчымы раскол Фронту на Зянона Пазьняка, паведаміўшы, што напярэдадні зьезду дзейны старшыня Фронту заявіў сваім апанэнтам — ўсё вырашана, хто не згодны — мусіць сыйсьці.

Спадар Вячорка заклікаў да пераменаў у руху. Выказаўся супраць таго, каб прапаноўваць людзям сцэнары, узятыя з ХІХ стагодзьдзя. "Мы павінны перамагчы на рэальных выбарах, а не ў нейкай віртуальнай рэальнасьці", — заявіў кандыдат у старшыні Фронту. Некаторыя зь іншых кандыдатаў, зьняўшы свае кандыдатуры на карысьць Вячоркі, зьвярталі ўвагу на тое, што ў сьпісе сябраў Сойму, які прапануе Пазьняк, няма прозьвішчаў а ні воднага зь ягоных апанэнтаў. У той час, як ў соймавым сьпісе Вячоркі ёсьць і Пазьняк, і шэраг прыхільнікаў дзейнага старшыні.

Калі засталося толькі два кандадаты, было вырашана заслухаць па два выступы за Пазьняка й за Вячорку. Прафэсар Мікалай Крукоўскі ў сваёй прамове адзначыў, што толькі Зянон Пазьняк валодае харызмаю, якой няма ў ягоных канкурэнтаў. Мастак Алесь Пушкін выказаўся за перамены ў Фронце, якія, на ягоны погляд, увасабляе Вінцук Вячорка. Ён дадаў, што найлепшым варыянтам быў бы падзел галасоў. Як ні дзіўна, зьдзейсьніўся менавіта гэты, амаль неверагодны варыянт, які ўзгадаў спадар Пушкін.

Пасьля ўсіх прамоваў і выступаў пачалося патаемнае галасаваньне за старшыню. У чатыры гадзіны на трыбуну зьезду выйшаў старшыня падліковай камісыі Барыс Хамайда і паведаміў вынікі галасаваньня.

У ім ўзялі удзел 313 дэлегатаў. За Вінцука Вячорку выказаліся 152 чалавекі, супраць — 160 дэлегатаў. За кандыдатуру Зянона Пазьняка аддалі свае галасы 156 дэлегатаў, супраць роўна ж столькі — 156 чалавек.

Па статуту Фронту старшынёй лічыцца той, за каго выказалася бальшыня дэлегатаў, узяўшых удзел у галасаваньні. Бальшыня ня выказалася ні за воднага кандыдата. Па прапанове выконваючага абавязкі старшыні Фронту Лявона Баршчэўскага, дэлегаты прынялі рашэньне ў верасьні правесьці другую сэсыю зьезду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG