Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 жніўня 1999 г.


вядучая Алена Радкевіч, Прага

(эфір 31 ліпеня)
Зараз з намі на сувязі Варшава, старшыня Беларускага Народнага Фронту Зянон Пазьняк.

(Вядучая: ) "Зянон Станіслававіч, вы чулі рэпартаж з працы зьезду. Калі ласка, як бы Вы пракамэнтавалі закіды вашых апанэнтаў?"

(Пазьняк: ) "Гэта працяг "дыскусыйнага клюбу". Зь неўласьцівымі фармулёўкамі, зь неўласьцівымі крыўдамі. Ва ўсякім разе, тое, што я чуў па рэпартажы.

Сытуацыя тут даўно вызначылася. Спачатку гэта былі амбіцыі. І ўплывы пэўных людзей, можа быць, пэўных арганізацыяў — гады тры-чатыры назад. А цяпер гэтая сытуацыя дастаткова ясна была вызначана як сытуацыя ператварэньня Фронта ў грамадзкую арганізацыю з апораю на трэці сэктар. Гэта яўна пастаноўка на раскол, на падзел арганізацыі, бо Фронт адначасна й палітычная арганізацыя, і грамадзкая — адначасна й партыя, і грамадзкі рух. І гэта невыпадкова — Фронт адлюстроўвае становішча беларускай нацыі на сёньняшні дзень, якая вымушана вырашаць постсавецкія праблемы, праблемы ўлады, і праблемы посткаляніяльныя, праблемы мовы, нацыянальнай сьведамасьці, школаў — тое, што не было вырашана ў 1918 годзе. Вось таму само жыцьцё паклікала такую арганізацыю, як Беларускі Народны Фронт.

Натуральна, супраць гэтай арганізацыі, супраць Фронту дзесяць гадоў ідзе барацьба. Білі па ягоным старшыні, білі на ягоны раскол. І я ўпэўнены, калі б я быў бы на Беларусі, то не было б сёньняшняй сытуацыі".

(Вядучая: ) "Вы лічыце, што гэтая сытуацыя заўдзячаецца перадусім вашай адсутнасьці там, на Беларусі?"

(Пазьняк: ) "У значнай ступені. Таму што гэтая праблема, якая існуе — яна была пераведзеная ва ўзаемаадносіны, у эмоцыі людзей. Пры тым, ішла такая барацьба — хто больш важны, хто больш разумее. Гэта звычайна бывае тады, калі зсоўваюцца нейкія паняцьці. І зараз, безумоўна, распалавіньваньне — гэта дрэнна, бо, па-першае, будзе згублены час, але сытуацыя насьпела".

(Вядучая: ) "Зянон Станіслававіч, але ў тых умовах, якія на сёньняшні дзень склаліся, у той сытуацыі расколу Вы думаеце, што падзяленьне арганізацыі на дзьве — гэта ўсё ж такі цяпер канструктыўны, прадуктыўны падыход?"

(Пазьняк: ) "Ён можа быць і канструктыўным і можа быць неканструктыўным. Гэта сытуацыя на падзяленьне Фронту па такіх пазыцыях — па палітычнай і грамадзянскай. І гэта сур'ёзная сытуацыя, яе стымулявала ці выклікала гэтая выбарчая кампанія, якая ўцягнула Фронт... І тут выявіліся адносіны і палітычныя, і маральныя. Ўсё гэта ня толькі суб'ектыўныя інтарэсы. І таму мы павінны вызвольны рух перавесьці ў новую сыстэмную структуру.

Могуць быць і розныя тэндэнцыі — можа й арганізацыйна аформленыя. Яны павінны каардынавацца. Яны не павінны варагаваць між сабою і зьвяртацца да трэціх асобаў тыпу мінюсту й г.д. Гэта мы ў стане зрабіць. Павінны быць не раскол, а пераход у новую сыстэмную структуру. Калі, скажам, хопіць розуму ў нашых людзей, якія зараз увайшлі, так бы мовіць, у эмацыйны штопар. Калі хопіць розуму й наладзіць такім чынам усе справы, то будзе добра".

(Вядучая: ) "Але вы лічыце, што ўсё ж такі арганізацыю самую па сабе раскалываць на дзьве й арганізацыйна афармляць гэтае разыходжаньне — ня варта?"

(Пазьняк: ) "У прынцыпе — ня варта. І я кажу: калі б я быў на Беларусі, то мне было б гэта лягчэй сказаць. Таму што я мог бы ня толькі прапанаваць — што рабіць, але закасаць рукавы й рабіць што трэба. Бо сытуацыя стала такая, што зараз ужо цяжэй утрымаць гэтую рассохлую бочку. Таму што гэтыя выбары — дрэнныя выбары з пункту гледжаньня й палітычнага й маральнага — гэта авантура, у якую ўцягнуліся некаторыя нашыя людзі, нарабілі памылак і вымазаліся. І вымушаныя зараз сябе апраўдваць — ня кожны зможа прызнаць памылкі..."

(Вядучая: ) "Вы маеце на ўвазе травеньскія альтэрнатыўныя выбары?"

(Пазьняк: ) "Так, так. Я маю на ўвазе менавіта гэтую ганчароўскую авантуру. І тут праблема чалавечая таксама. Ня толькі палітычная, а яшчэ й чалавечая — яны перапляліся. І вырашаць гэтыя праблемы ня можна толькі адміністраваньнем. Трэба кантактаваць, зь людзьмі размаўляць. Трэба весьці тую палітычную работу, якая называецца ўменьнем размаўляць зь людзьмі.

(Вядучая: ) "Дзякуй, Зянон Станіслававіч! Я думаю, Вы, таксама як і ўсе нашыя слухачы, чакаеце заўтрашняга дня зьезду Беларускага Народнага Фронту. Заўтрашні дзень, нагадаю — гэта будзе дзень выбараў кіраўніцтва Фронту. Мы паведамім, як ён будзе адбывацца ў рэпартажах, і ад Вас заўтра таксама папросім ваш камэнтар".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG