Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 ліпеня 1999 г.


Аляксандар Сердзюкоў, Магілеў

Працягваецца сьледзтва ў справе самазабойства Эдуарда Швэдава, калісьці першага сакратара магілеўскага абкаму КПБ, апошнім часам намесьніка дырэктара ўправы акцыянэрнага банку "Пошук".

Пракуратура па-ранейшаму прытрымліваецца асноўнае вэрсыі: банкір Эдуард Швэдаў пайшоў з жыцьця з-за страху быць прыцягнутым да адказнасьці за парушэньні пры выдачы крэдытаў. На карысьць гэтай вэрсыі прыводзіцца факт яго перамяшчэньня з пасады дырэктара на прыступку ніжэй.

Пракурор вобласьці Анатоль Дудкін сьцьвярджае, што перад сьмерцю Эдуард Швэдаў напісаў яму ліст, у якім прызнаўся ў парушэньнях. Аднак, аніводзін прадстаўнік сродкаў масавае інфармацыі гэтага лісту ня бачыў.

У той жа час у асяродку магілеўцаў зьявілася іншая вэрсыя — на памінальным мітынгу казалі, што спадар Швэдаў быў жыцьцялюбным і энэргічным чалавекам, і ня мог проста так пайсьці з жыцьця. На мітынгу казалі, што ліст, які напісаў спадар Швэдаў, на самай справе быў накіраваны не пракурору, а дырэктару ўправы банку. Нібыта ў ім банкір заявіў, што ён анічога не парушаў, але ў зьвязку з тым, што пракуратура патрабуе ад яго прызнаньня, ён ня можа абразіць сваё імя й мусіць пакінуць гэты сьвет.

Адзін з супрацоўнікаў банку, які пажадаў застацца невядомым, патэлефанаваў карэспандэнту беларускай рэдакцыі Радыё Свабода і падцьвердзіў гэтую вэрсыю. Маўляў, Эдуард Швэдаў застрэліўся, нявытрымаўшы бясконцых праверак. Дырэктар управы банку адмаўляецца камэнтаваць гэтую вэрсыю.

Пакуль што журналісты ня бачылі ніводнага зь перадсьмяротных лістоў у падцьверджаньне той ці іншай вэрсыі, таму зараз складана меркаваць аб прычынах ягонай сьмерці. Аднак, як вядома, там, дзе няма поўнай інфармацыі, а сьледзтва вядзецца ва ўмовах сакрэтнасьці, працэсы абрастаюць чуткамі.

Час ад часу жыхары горада задаюць сабе пытаньне: чаму ў першую чаргу шлях самазабойства выбіраюць жыцьцялюбныя людзі і параўноўваюць сьмерць Валерыя Ткачова й Эдуарда Швэдава. Абодва былі жыцьцялюбнымі людзьмі й буйнымі прадпрыймальнікамі, абодва ў свой час займалі добрыя мейсцы на савецка-партыйнай службовай лесьвіцы, абодва (па афіцыйнай вэрсыі) скончылі жыцьцё самагубствам. Толькі адзін — у пастарунку, а другі — ва ўласным службовым кабінэце.

Можна толькі спадзявацца, што з часам жыхары горада даведаюцца праўду, і ім пададуць дакуманты, якія пральюць сьвет на прычыны сьмерці былога першага сакратара гаркама КПБ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG