Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 ліпеня 1999 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

У берасьцейскіх сябраў БНФ напярэдадні зьезду паўсталі спрэчкі наконт выбару дэлегатаў. Увогуле, у гэтым пытаньні выліваецца шырэйшая праблема разыходжаньня паміж кіраўніцтвам і шэраговымі сябрамі арганізацыі.

Упершыню зьвесткі пра паўсталую ў берасьцейскіх сябраў БНФ канфліктавую сытуацыю сталі вядомыя пад час травеньскае кампаніі па выбарах прэзыдэнта, якую ладзіла беларуская апазыцыя.

Пасьля таго, як адзін з прэтэндэнтаў на гэтую пасаду пад час згаданых выбараў — Зянон Пазьняк — вырашыў зьняць сваю кандыдатуру і заклікаў сябраў БНФ зыйсьці са складу тэрытарыяльных выбарчых камісыяў, далёка ня ўсе прыхільнікі Фронту пагадзіліся са сваім лідэрам. У выніку, бальшыня выбарчых камісыяў, у якіх былі зьяўленыя сябры БНФ, усё ж давяла справу да вызначанага тэрміну галасаваньня 16 траўня. Паводзіны гэтае часткі сяброў Фронту былі рэзка скрытыкаваныя кіраўніцтвам берасьцейскае арганізацыі БНФ. У выніку, найбольш актыўныя сябры Фронту, што бралі ўдзел у выбарчай кампаніі, былі выведзеныя са складу гарадзкой і абласной радаў.

Новая сэрыя ўзаемных папрокаў у шэрагах берасьцейскіх сябраў Фронту была распачатая ў той момант, калі абіраліся дэлегаты на шосты зьезд БНФ, які плянуецца правесьці ў Менску 31 ліпеня й 1 жніўня.

Абвінаваціўшы кіраўніцтва гарадзкой і абласной радаў у недэмакратычнай працэдуры абраньня дэлегатаў на гэты зьезд, некаторыя прыхільнікі Фронту вырашылі правесьці свой адмысловы сход. Уладзімер Вялічкін, які ўзначальвае тэрытарыяльную суполку БНФ у Берасьці пад назовам "Усход-1", паведаміў на гэтым сходзе, што гарадзкая рада сама вызначыла й зацьвердзіла дэлегатаў на зьезд — на што ня мела аніякага права. Пры гэтым было праігнаравана меркаваньне тэрытарыяльных суполак.

Кіраўнік берасьцейскае гарадзкое рады БНФ Сяргей Божык, які таксама прысутнічаў на сходзе, запярэчыў выступоўцам, і, у сваю чаргу, паведаміў нашаму радыё, што некаторыя з пратаколаў аб пацьверджаньнях суполак Фронту былі сфальсыфікаваныя, а таму не браліся да ўліку пры прыняцьці рашэньня аб вылучэньні дэлегатаў на шосты зьезд БНФ.

Спадар Божык лічыць, што канфліктавую сытуацыю спарадзілі амбіцыйныя памкненьні некаторых сябраў Фронту, якія не вызначаюцца сваёй актыўнай дзейнасьцю ў паўсядзённай працы гэтай арганізацыі ды не выконваюць патрабаваньні партыйнае дысцыпліны.

Між тым, берасьцейскія прыхільнікі БНФ, якія нязгодныя з пазацыяй цяперашняга кіраўніцтва Фронту ў сваім горадзе, выступілі зь ініцыятываю прыняць адмысловы зварот і распаўсюдзіць яго сярод дэлегатаў маючага адбыцца зьезду. У звароце, у прыватнасьці, сьцьвярджаецца, што кіраўніцтва гарадзкое рады БНФ адарвалася ад шэраговых сябраў арганізацыі, цалкам ігнаруе меркаваньне апанэнтаў ды імкнецца навязаць толькі свае погляды.

Такім чынам, і цяперашнія кіраўнікі берасьцейскае гарадзкое рады БНФ, і сябры Фронту, якія не задаволеныя ейнай працаю, выказваюць спадзяваньні, што менавіта ад зьезда трэба чакаць прынцыповых ацэнак у дачыненьні да тых спрэчных пытаньняў, што спарадзілі зараз бескампрамісную дыскусыю ня толькі ў рэгіянальных суполках, але і ў кіраўніцтве гэтай арганізацыі.

XS
SM
MD
LG