Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 30 ліпеня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Менская гарадзкая пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу супраць лідэра Сацыял-дэмакратычнай партыі Народная Грамада Мікалая Статкевіча. Ён знаходзіцца цяпер пад адміністрацыйным арыштам за арганізацыю і правядзеньне 27 ліпеня несанкцыянаванага шэсьця з нагоды Дня Незалежнасьці Беларусі. Аднак, кіраўніцтва сталічнай міліцыі, відаць, палічыла, што дзесяцідзённы арышт — занадта мяккае пакараньне для Статкевіча, які ўжо ня раз арганізоўваў у Менску недазволеныя апазыцыйныя мерапрыемствы, і зьвярнулася ў пракуратуру з просьбаю прыцягнуць лідэра сацыял-дэмакратаў да крымінальнай адказнасьці.

Менская гарадзкая пракуратура павінна была разгледзець перададзеныя зь міліцыі матэрыялы на Статкевіча і вызначыць: ёсьць у дзеяньнях галоўнага сацыял-дэмакрата склад злачынства ці не? Супрацоўнікі сталічнае пракуратуры зацягваць разьбіральніцтва надоўга ня сталі — як паведамілі мне ў прэс-цэнтры пракуратуры, 28 ліпеня (гэта значыць — у той жа дзень, калі дакуманты на Мікалая толькі паступілі зь міліцыі) пракуроры ўзбудзілі супраць Статкевіча крымінальную справу па артыкуле 186 частка 3 Крымінальнага кодэксу Беларусі — "арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяньнях, што парушаюць грамадзкі парадак". Паводле гэтага артыкулу, лідэру беларускіх сацыял-дэмакратаў пагражае да трох гадоў пазбаўленьня волі.

Справу Статкевіча вядзе сьледчы менскай пракуратуры Валеры Каранец. Ён адмовіўся паведаміць нашаму радыё якую-кольвек інфармацыю адносна гэтае справы, спаслаўшыся на таямніцу сьледзтва. На маё пытаньне: "ці няма ў дзеяньнях пракуратуры парушэньня юрыдычных нормаў, паколькі за адзін і той жа ўчынак Мікалай Статкевіч быў спачатку пакараны адміністратыўна, а цяпер яшчэ й крымінальна?", спадар Каранец заявіў, што ніякіх парушэньняў няма, бо "адкрыліся новыя, абцяжарваючыя віну Статкевіча, акалічнасьці". Што гэта за акалічнасьці — сьледчы не гаворыць. Няма чаго сказаць Валеру Каранцу й наконт таго, чаму Статкевічу, як крымінальнаму падсьледнаму, не адмянілі адміністратыўнае пакараньне і ён да гэтага часу знаходзіцца ў камэры спэцпрыймальніка.

А вядомы ў Беларусі юрыст, былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхал Пастухоў — наадварот лічыць, што ў дзеяньнях міліцыянтаў і супрацоўнікаў пракуратуры ў дадзеным выпадку прысутнічае шмат парушэньняў заканадаўства. Зрэшты, у справе Статкевіча добра бачны й палітычны падтэкст. І гэтым усё сказана,-- лічыць Міхал Пастухов.

А вось што думаюць адносна крымінальнага перасьледу Мікалая Статкевіча ягоныя таварышы па партыі. Гаворыць прэсавы сакратар Сацыял-дэмакратычнай партыі Народная Грамада Лявон Дзейка: "Калі ж гарадзкая пракуратура сапраўды ўзбудзіла крымінальную справу па гэтаму выпадку, то мне падаецца, што ўказаньне па ўзбуджэньню такой справы йдзе з самых высокіх кабінэтаў з будынку, дзе знаходзіцца адміністрацыя "прэзыдэнта".

(Карэспандэнт: ) "Што вы ў сваю чаргу будзеце рабіць па вызваленьню лідэра партыі?"

(Дзейка: ) "Мы зьвернемся да сацыял-дэмакратычных урадаў краінаў Эўропы. Калі Лукашэнка мкнецца надаць сабе выгляд чалавека, які згодны на нейкія перамовы, згодны да нейкіх кампрамісаў з аднаго боку, а з другога боку такім вось жорсткім чынам падаўляючы асноўныя палітычныя правы грамадзянаў сваёй краіны, то гэта толькі яшчэ раз пакажа сапраўдны кошт ягоных абяцаньняў, ягоных рэвэрансаў перад людзьмі, якія зь ім сустракаюцца, фатаграфуюцца, прыгожа пасьміхаючыся, як у прадстаўніцтве АБСЭ на чале са спадаром Вікам... Я думаю, што ясна, што не павінна застацца ілюзыі — ну ня можа адзін і той жа чалавек быць розным. Ён можа на свой сапраўдны твар імкнуцца нацягнуць нейкую маску, але пад ёю ён усё роўна застанецца такім, якім ён ёсьць ад прыроды".

Такім чынам, у Беларусі стала яшчэ адным палітвязьнем больш.

XS
SM
MD
LG