Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 ліпеня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня ў падмаскоўных Хімках на сходзе заснавальнікаў міжрэгіянальнае асацыяцыі эканамічнага ўзаемадзеяньня "Цэнтральная Расея" у склад Асацыяцыі былі прынятыя чатыры вобласьці Беларусі: Менская, Гомельская, Віцебская і Магілеўская.

Падзея, якая адбылася сёньня ў падмаскоўным горадзе Хімкі — беспрэцэдэнтавая. Аб тым, што некалькі вобласьцяў Беларусі маюць намер далучыцца да расейскай міжрэгіянальнай асацыяцыі, было заяўлена некалькі тыдняў таму.

Але тады было невядома, у якой форме адбудзецца гэтае далучэньне. У маскоўскім офісе асацыяцыі "Цэнтральная Расея" паведамлялі, што пытаньне статусу арганізацыі, у складзе якой будуць беларускія і расейскія вобласьці, прапрацоўваецца на ўзроўні МЗС дзьвюх краінаў. Выказвалася меркаваньне, што асацыяцыя набудзе статус міжнароднай — беларуска-расейскай. Але сёньня ўсё адбылося проста і надзвычай небясьпечна. Ня сталі мяняць нават назву: чатыры ўсходнія вобласьці Беларусі ўвайшлі ў склад цэнтральнае Расеі. Пакуль што — у склад асацыяцыі "Цэнтральная Расея", але зьява вельмі сымбалічная.

Некалькі тыдняў таму кіраўнік асацыяцыі, яраслаўскі губэрнатар Анатоль Лісіцын, запэўніваў журналістаў, што ў далучэньні беларускіх вобласьцяў да расейскай міжрэгіянальнай асацыяцыі няма аніякай палітыкі, мэта — толькі пашырэньне эканамічнага супрацоўніцтва...

Але сёньня, на паседжаньні "Цэнтральнае Расеі" спадар Лісіцын ужо заяўляў, што ўступ беларускіх вобласьцяў у асацыяцыю стварае перадумовы дзеля палітычнага аб'яднаньня Расеі ды Беларусі.

Магчыма, далучэньне чатырох вобласьцяў да расейскай асацыяцыі ёсьць мадэль такога аб'яднаньня: чатыры вобласьці Беларусі — цэнтральная Расея, а ўся Беларусь, відаць — проста Расея.

Гэтыя небясьпечныя аналёгіі ня выклікалі аніякага непакою ў беларускіх прадстаўнікоў, якія бралі ўдзел у паседжаньні. Віцэ-прэм'ер Беларусі Леанід Козік заявіў, што кіраўніцтва краіны вітае ўваходжаньне шэрагу рэгіёнаў у асацыяцыю.

Праўда, на вышэйшым узроўні працягваецца палітычны гандаль — расейскі міністар па справох СНД Леанід Драчэўскі, які выступіў на паседжаньні "Цэнтральнае Расеі", заявіў, што думаць аб прэзыдэнце "саюзнай" дзяржавы і аб уводзе адзіных грошай пакуль рана. Ён нагадаў, што падрыхтаваная да падпісаньня "саюзная" дамова прадугледжвае, што адзінай дзяржаваю будзе кіраваць вышэйшы "Савет", а адзіная валюта будзе ўведзеная ў аддаленай пэрспэктыве...

Учора Аляксандар Лукашэнка ў чарговы раз выказаў незадавальненьне пазыцыяй Крамля, ягоным нежаданьнем мяняць расейскую Канстытуцыю і йсьці на стварэньне наднацыянальных ворганаў улады. Кіраўнік Беларусі нават выказаў пагрозу, што не падпіша "саюзную" дамову, калі яна ня будзе прадугледжваць кардынальных зьменаў у параўнаньні зь існуючым становішчам.

Гэтая пагроза, як і ўваходжаньне беларускіх вобласьцяў у расейскую асацыяцыю, зьяўляюцца элемэнтамі адзінай стратэгіі беларускага лідэра — прарвацца ў Маскву, пасьпець на адыходзячы цягнік перадзелу ўлады ў Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG