Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 ліпеня 1999 г.


Валянціна Аксак, Менск

Вучні беларускамоўных школаў ды клясаў Менску вымушаны, нягледзячы на летнія вакацыі, змагацца за працяг у новым навучальным годзе адукцыі на роднай мове. Іх, а таксама ўсіх абаронцаў канстытуцыйнага й натуральнага чалавечага права вучыць і вучыцца на сваёй мове, асабістымі подпісамі падтрымліваюць сябры ТБМ са сталічных прадпрыемстаў, у прыватнасьці 62 рабочыя менскага трактарнага заводу.

За гады знаходжаньня ва ўладзе Аляксандра Лукашэнкі вучні беларускамоўных школаў ды клясаў ужо звыкліся штолета змагацца супольна з бацькамі ды грамадзкасьцю за права працягваць адукацыю ў новым навучальным годзе на роднай мове. Настойлівыя ды пасьлядоўныя здабываюць гэткім змаганьнем тое, што належыць ім паводле Канстытуцыі.

Сталыя слухачы нашае праграмы памятаюць, што напрыканцы мінулага навучальнага году вучні дзевятае клясы 191-е менскае школы выйшлі на антырусіфікацыйны пікет, наладжаны Таварыствам Беларускае Мовы. Яны пратэставалі супраць намеру адміністрацыі школы перавесьці ў новым навучальным годзе іхную клясу на расейскую мову навучаньня.

Пратэсты вучняў, падтрыманыя грамадзкасьцю, далі свой плён. На адрэсу ТБМ начальнік управы адукацыі Менгарвыканкаму спадар Пятровіч даслаў ліст, у якім паведамляе, што беларускамоўная кляса 9 "А" у 191-й школе будзе захаваная.

Тым часам пагроза закрыцьця навісла над клясаю 9 "Д" 180-й школы. Вучні разам са сваім клясным кіраўніком Аленаю Дэц пачалі актыўныя захады, каб не дапусьціць зьнішчэньня клясы. Напісалі лісты пратэсту ў ворганы адукацыі, выйшлі месяц таму на антырусіфікацыйны пікет. Копіі сваіх заяваў на навучаньне ў дзесятай клясе на роднай мове даслалі школьнаму міністру спадару Стражаву. Пасьля гэтага школу наведвала чыноўніца з гарадзкой управы адукацыі, якая прасіла клясную кіраўніцу спыніць пратэсты. Тая, аднак, адказала, што спыніць іх толькі пасьля атрыманьня пісьмовых гарантыяў захаваньня клясы.

І вось днямі начальнік управы адукацыі Менгарвыканкаму спадар Пятровіч у афіцыйным лісьце на адрэсу ТБМ паведаміў, што беларускамоўная дзесятая кляса для вучняў 180-й школы будзе адчыненая. На сёньняшні дзен заявы на навучаньне ў ёй падалі 25 вучняў.

Тыя, аднак, клясы, вучні, бацькі й настаўнікі якіх ня выявілі належнае пасьлядоўнасьці ды настойлівасьці, зачыненыя ў гэтай самай 180-й школе ў паралелях пятых ды восьмых клясаў. Зьлітыя ў адзін і два беларускамоўныя шостыя клясы.

У згаданым ужо лісьце начальнік управы адукацыі Менгарвыканкаму спадар Пятровіч запэўнівае Таварыства Беларускае Мовы, што яшчэ ў адной, так бы мовіць, "трывожнай" школе — 115-й будуць захаваныя ўсе клясы з роднай моваю навучаньня. Пра пагрозу зьнішчэньня іх паведамлялі ў ТБМ вучні гэтае школы.

А вось пра пэрспэктывы навучаньня ў сталічнай школе № 37 спадар Пятровіч не адказвае нічога. Тым часам, вядома, што бацькі вучняў клясы 2 "Г" гэтае школы ў сваім звароце да раённага, гарадзкога ды міністэрскага адукацыйнага начальства, а таксама, у адміністрацыю "прэзыдэнта" выказваюць нязгоду зь мяркуемым пераводам іхнае клясы на расейскую мову навучаньня.

"Лічым",-- пішуць спадары Сьнітко, Курылава, Батура ды іншыя бацькі другаклясьнікаў,-- "што пазбаўленьне дзяцей магчымасьці вучыца на роднае мове — гэта духовае абкраданьне маладога пакаленьня, непавага да традыцыяў продкаў, абмежаваньне дзіцячага кругагляду, а таксама дыскрымінацыя па моўнай прыкмеце".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG