Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 ліпеня 1999 г.


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня працягваюцца судовыя працэсы над тымі, хто быў затрыманы пасьля заканчэньня шэсьця з нагоды Дня Незалежнасьці ў Менску. Як выяўляецца на судох, гэта былі, як правіла, ня ўдзельнікі, але сьведкі падзеяў.

Сёньня ў будынку ДАІ Савецкага раёну судзьдзя па адміністрацыйных справах Іна Шыйко разглядала справы вядомага беларускага мастака Яўгена Куліка, анархістаў Сяржука Шмялёва і Андрэя Касьцюкевіча. Усе гэтыя людзі сьцьвярджаюць, што яны ня ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным шэсьці 27 ліпеня, а толькі падыйшлі на пляц Перамогі, дзе аніякіх мерапрыемстваў апазыцыя не праводзіла.

Нагадаем, што ў Дзень Незалежнасьці калёна дэманстрантаў дайшла да пляцу Перамогі, і адтуль людзі пачалі разыходзіцца. Калі пачаўся так званы "хапун", людзей хапалі нават у крамах, а ў першую чаргу хапалі тых, хто быў бліжэй да патрульнай машыны.

На ўсіх затрыманых складаліся аднолькавыя пратаколы, на якія прымацоўваліся фотаздымкі. Сёньня на судовым паседжаньні паўстала пытаньне: ці можа фотаздымак, на якім чалавек проста стаіць на вуліцы, быць дакумантальным доказам віны? Таму Яўген Кулік, Сяргей Шмялёў і Андрэй Касьцюкевіч патрабавалі прагляду відэастужкі, якую мусяць падаць супрацоўнікі міліцыі.

На запыт судзьдзі ў Савецкім РАУСе паведамілі, што аніякае відэастужкі няма. Гэта вельмі цікава — усе бачылі шмат апэратараў ад міліцыі ды ад КГБ. Яны актыўна здымалі, а ў выніку няма аніводнае відэастужкі! Магчыма, гэта таму, што міліцыянты сьведчылі аб тым, што гэтыя людзі ўдзельнічалі ў шэсьці, а відэаматэрыялы могуць гэта абвергнуць.

Мастак Яўген Кулік паведаміў нашаму радыё: "У нас судовая і праваахоўная сыстэма ў нейкай ступені "павязаныя". Фактычна, яны не абараняюць грамадзянаў, а імкнуцца давесьці, што сёньня праўда на іхным баку. Гэта, натуральна, ня так. Работнікі правахоўных ворганаў паводзяць сябе цынічна, ілжыва. Тое, што мы гэта сустракаем у судох нашае краіны — сьведчыць якраз пра гэтую "павязанасьць", пра тое, што рэжым практычна ва ўсіх сфэрах жыцьця ўсталёўвае свае парадкі. Безумоўна, усе гэтыя захопы — гэта менавіта з тым, каб прыглушыць пратэставую актыўнасьць грамадзянаў Беларусі. Дзякуй Богу, што сёньня гэта ўдаецца ўсё менш і менш. І нават тыя бесчалавечныя ўмовы абыходжаньня з грамадзянамі Беларусі, якія мы назіраем — яны не запалохваюць людзей. Людзі падымаюцца з каленаў і ў рэшце рэшт перамогуць".

У судзе Сяргей Шмялёў заявіў: "Нас з маім другам Андрэем Касьцюкевічам узялі, так бы мовіць, за актыўны няўдзел у шэсьці, бо ў шэсьці мы ня ўдзельнічалі — што сьведчыць аб тым, што рэжым зараз бярэ нават не за канкрэтную віну — калі гэта й можна назваць віною — а за нейкі імідж, створаны асобнымі людзьмі. А зараз рэжыму, мабыць, ужо й ня важна — каго хапаць, абы хапаць і запалохваць народ. Таму мы настойваем на судовым працэсе, на праглядзе відэастужкі й далейшым разьбіральніцтве".

Судзьдзя Іна Шыйко задаволіла хадайніцтвы наконт прагляду відэастужкі. Яна запатрабавала ад супрацоўнікаў міліцыі прынесьці відэастужку ў суд, таму разгляд справаў перанесены на 5 жніўня.

XS
SM
MD
LG