Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 ліпеня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Атрымаўшы паразу на маскоўскім кірунку, Аляксандар Лукашэнка спрабуе наладзіць стасункі зь іншымі часткамі сьвету — з Захадам, з арабскім Усходам, з Украінаю.

"Стасункі з Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі зьяўляюцца адным з прыярытэтаў палітыкі Беларусі на Ўсходзе",-- такую заяву зрабіў беларускі лідэр пад час цырымоніі ўручэньня яму даверчых граматаў амбасадарам Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў Тарыкам Ахмэдам Ібрагімам Аль Хайданам.

Раней адзіным прыярытэтам беларускай палітыкі на Ўсходзе абвяшчалася адзіная Расея, хаця варта адзначыць, што цікаўнасьць да арабскіх краінаў афіцыйны Менск праяўляе даволі даўно — некалькі месяцаў таму Аб'яднаныя Арабскія Эміраты наведваў міністар Латыпаў, а прэзыдэнт Лукашэнка ў той жа час наладзіў сустрэчу з амбасадарамі 14 арабскіх краінаў, акрэдытаванымі ў Менску й Маскве.

Верны свайму стылю геапалітычнага мысьленьня, Аляксандар Лукашэнка заклікаў тады арабскі сьвет аб'яднацца ў супрацьстаяньні Захаду. Вялікага ўражаньня на амбасадараў гэта не зрабіла — арабскія народы, як дарэчы й славянскія, вельмі розныя, і падзяляе іх ня менш чыньнікаў, чым яднае. Ня выклікалі вялікае цікаўнасьці ў гасьцей і прапановы беларускага боку рабіць шматмільярдныя інвэстыцыі ў беларускую эканоміку.

Але варта нагадаць, што Аб'яднаныя Арабскія Эміраты — адзін з найбуйнейшых у сьвеце пакупнікоў зброі. А Беларусь — адзін з найбуйнейшых гандляроў зброяй. Расейскай, зразумела. Магчыма, менавіта таму Аб'яднаныя Арабскія Эміраты аб'яўлены прыярытэтнай для Беларусі краінаю.

Ну, Эміраты — усё ж такі паважаная ў сьвеце краіна. Але вось стасункі Беларусі зь Іракам — як кажуць у спорце, яўна на мяжы фолу. Варта нагадаць нядаўні візыт віцэ-прэм'ера Замяталіна ў Багдад да Саддама Хусэйна. Палітыка падтрымкі адыёзных дыктатараў працягваецца.

У гэтым сэнсе тая ж Расея вядзе больш гнуткую палітыку, не жадаючы быць прайграўшай у войнах, якія яна не вяла. Падцьверджаньне гэтаму зроблена ў ЗША заяваю Сяргея Сьцяпашына аб тым, што ў бомбавых ударах па Югаславіі вінаваты й Слабадан Мілошавіч. Нават Маскве надакучыла выконваць ролю адваката югаслаўскага лідэра. А Лукашэнку — не надакучыла.

У нядаўнім інтэрвію нямецкаму штотыднёвіку ён заявіў: "мяне ніхто не кране, калі толькі ня зрадзіць расейскае кіраўніцтва". Але заўважым, што расейскае кіраўніцтва ніколі не прысягала на вернасьць Лукашэнку, і заява спадара Сьцяпашына ў ЗША наконт Югаславіі павінна выклікаць у беларускага "кіраўніка" вельмі сумныя аналёгіі. Дарэчы, інтэрвію нямецкаму штотыднёвіку, надрукаванае таксама ў "Московских Новостях", выклікала ў Маскве вялікі шум. Дзякаваць Богу, на гэты раз Лукашэнка не хваліў Гітлера, а хутчэй, бэсьціў Ельцына, гаворачы, што ня будзе аб'ядноўвацца з Расеяй, каб працягнуць палітычнае даўгалецьце Ельцына, і што ня будзе пры прэзыдэнце Расеі "хлопчыкам на пабягушках". Ельцын нібыта й сам абвяргае чуткі пра ягоныя прэтэнзыі на "саюзнае" прэзыдэнцтва, але шчыравантні Лукашэнкі яму наўрад ці спадабаюцца.

Апроч арабскага вэктару беларускі "кіраўнік" спрабуе ўмацаваць і ўкраінскі. Як паведаміў сёньня прэсавы сакратар МЗС Беларусі Мікалай Барысевіч, у бліжэйшы час адбудзецца сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прэзыдэнтам Кучмай. Прычым сустрэнуцца яны ў Беларусі. Пасьля 20 ліпеня Кіеў, як і Масква, не заявіў аб сканчэньні легітымнага тэрміну прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Зараз прэзыдэнт Украіны едзе да яго ў госьці, нібыта падцьвярджаючы легітымнасьць беларускага "кіраўніка".

Ці не галоўная прычына гэтага — выбарчая кампанія ва Ўкраіне. Паводле дадзеных сацыялягічных апытаньняў, Леанід Кучма пакуль апераджае сваіх супернікаў, але гэтая перавага не вялікая. І падтрымка з боку "славянскага інтэгратара" дзейнаму прэзыдэнту Ўкраіны будзе вельмі дарэчы. І Лукашэнку гэта дасьць магчымасьць прадэманстраваць, што яго прызнае ня толькі Масква. А з другога боку — крыху й націснуць на Маскву, дзе кантакты паміж Менскам і Кіевам заўжды ўспрымаюць вельмі нэрвова.

Стрэлка компасу беларускае замежнае палітыкі раней увесь час паказвала адзін кірунак — "на Маскву!". Зараз яна пачала мкліва круціцца па коле: Арабскія Эміраты — Кіеў — Багдад — Захад — Масква. У афіцыйным Менску гэта завецца шматвэктарнай палітыкаю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG