Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 ліпеня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Тактыка дзеяньняў буйнейшае апазыцыйнае арганізацыі краіны — Беларускага Народнага Фронту — мусіць быць скарэктаваная пад час чарговага шостага зьезду БНФ. Ён мусіць адкрыцца 31 ліпеня ў Менску. Учора адбылося паседжаньне аргкамітэту, якім кіруе намесьнік старшыні БНФ Вінцук Вячорка.

Арганізацыйныя пытаньні ў падрыхтоўцы маючага адбыцца шостага зьезду БНФ амаль вырашаныя — сфармаваныя сьпісы дэлегатаў (380 чалавек), вырашаныя ўсе пытаньні з памяшканьнем (намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Віктар Чыкін асабіста даў дазвол на арэнду залі Палаца культуры тонкасукнёвага камбінату), вызначаны парадак дня зьезду.

Аб адзінаццатае гадзіне 31 ліпеня прагучыць даклад старшыні БНФ Зянона Пазьняка, даклад выканаўцы абавязкаў старшыні БНФ Лявона Баршчэўскага й справаздачы намесьнікаў старшыні. Далей пачнецца самае цікавае, пра што ўжо зараз у кулуарах вядуцца дыямэтральна супрацьлеглыя размовы — выбары кіраўніцтва.

Старшыня аргкамітэту Вінцук Вячорка настойвае на тым, каб выбары Сойму, старшыні ды намесьнікаў праходзілі адначасова. У кіраўніцтве БНФ, аднак, існуе й іншая думка: спачатку трэба абраць старшыню й намесьнікаў, а потым зацьвярджаць Сойм. Гэтага меркаваньня прытрымліваецца намесьнік старшыні БНФ Сяргей Папкоў.

Ад таго, які варыянт абярэ зьезд (а будзе наладжанае галасаваньне ў гэтым пытаньні), стане зразумелым настрой дэлегатаў. Размовы пра раскол у кіраўніцтве Фронту вядуцца ўжо, як мінімум, год.

Маючы адбыцца зьезд — другі, на якім не прысутнічае лідэр гэтае арганізацыі Зянон Пазьняк. Падвышаная цікаўнасьць да зьезду тлумачыцца менавіта гэтым. Дзе будуць прымацца рашэньні пасьля зьезду? У Беларусі ці па-за яе межамі? Менавіта так артыкулюецца асноўнае пытаньне, даць адказ на якое мусяць дэлегаты зьезду БНФ.

Пра чаканьні, якія ўскладаюцца на зьезд, у кіраўніцтве БНФ гавораць зь відавочнай стрыманасьцю. Заўважу, што прадстаўнікі розных плыняў у кіраўніцтве аднолькава імкнуцца пазьбягаць у размовах з журналістамі слова "раскол". Пакуль выглядае, што асноўныя дзейныя асобы Фронту маюць намер абмежавацца аналізам тактычных памылак Фронту, разумеючы, што раскол Фронту прывядзе да паўстаньня дзьвюх варагуючых арганізацыяў з аднолькавымі статутнымі мэтамі.

Зрэшты й сам старшыня БНФ Зянон Пазьняк пакуль вядзе тактыку злагоджваньня вострых кутоў. Сэнс апошніх заяваў Зянона Пазьняка зводзіцца да таго, што ён гатовы дэлегаваць частку функцыяў кіраўніцтву ў Беларусі, пакінуўшы за сабою прадстаўнічыя функцыі. Верагодней за ўсё, гэтая пазыцыя задаволіць усе бакі ў кіраўніцтве Фронту.

Маючы адбыцца шосты зьезд БНФ мусіць стаць адным з галоўных за 11 гадоў існаваньня гэтае арганізацыі. Беларускі пісьменьнік Уладзімер Арлоў, якога абралі дэлегатам зьезду ад аргкамітэту, выказаў спадзяваньні, што ў Фронта хопіць моцы прыняць пастанову, згодна зь якой рашэньні БНФ будуць прымацца ў Беларусі, а не па-за яе межамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG