Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 ліпеня 1999 г.


Віталь Цыганкоў, Прага

"СЛАВЯНСКІ РАЗЛАД?" Паставіўшы да гэтага загалоўку запытальнік, аўтарытэтны брытанскі часопіс Economist аналізуе сытуацыю ў Беларусі, пэрспэктывы інтэграцыі з Расеяй ды існуючыя сёньня альтэрнатывы для Аляксандра Лукашэнкі.

Што гэта было — проста віхляньне або сэнсацыйны разварот, які мог зрушыць эўрапейскі цэнтар геапалітычнае ўстойлівасьці? – так брытанскі часопіс Economist інтрыгуе сваіх чытачоў, пачынаючы расповед пра знакамітыя ўжо заявы Аляксандра Лукашэнкі наконт павароту Беларусі на Захад. "Мы зрабілі вялікую памылку, дапусьціўшы дзікі крэн на Усход" – нагадаем, сказаў тады Лукашэнка.

Калі б Беларусь сапраўды пераключыла сваю ўвагу з Усходу на Захад, пачынае свай аналіз аўтар Economistа, – форма й настрой славянскага сьвету зьмяніліся б кардынальна. Расея згубіла б буфэр. Тыя на Украіне, хто змагаецца за выцягваньне сваёй дзяржавы з-пад расейскага ценю, атрымалі б моцны штуршок. Краіны ў Цэнтральнай Эўропе, такія як Польшча й дзяржавы Балтыі, здабылі б шмат упэўненасьці, калі б Беларусь перайшла на новы шлях мысьленьня.

Але ва ўсходнеславянскіх дзяржавах вельмі моцны супрацьлеглы погляд. На працягу апошніх некалькіх гадоў, асабліва падчас кампаніі NATO супраць Сэрбіі, тыя расейцы, беларусы ды ўкраінцы, якія лічаць, што жыцьцё было лепей, калі яны жылі разам у Савецкім Саюзе, узгадваюць з надзеяй магчымасьць аднаўленьня славянскага ядра, якое здолее спыніць або, нават, павернуць назад тое, што яны называюць наступам Захаду. Хаўрус Расеі з Беларусьсю і, магчыма, выбары у кастрычніку прэзыдэнта Ўкраіны, якія могуць зноў злучыць Украіну й Расею, ёсьць тымі двума надзеямі, якія уздымаюць настальгічны дух.

Чаму ж Лукашэнка пачаў сьпяваць у іншым тоне? І ці працягне ён сьпяваць гэтыя песьні? У яго шэраг прычынаў рабіць гэтак, — сьцьвярджае брытанскі часопіс. Калісьці адная з найбольш разьвітых частак Савецкага Саюзу, Беларусь цяпер дыпляматычна й эканамічна ізаляваная, эканамічна блізкая да банкруцтва. Акрамя ўсяго, лукашэнкаўскія вялікія праекты ўзьяднаньня з Масквою штораз ні да чаго не прыводзяць. Расея разглядае аб'яднаньне як доўгатэрміновы палітычны плян, у той час як Беларусь жадае эканамічных выгодаў – і вельмі хутка.

Але Расея ўжо атрымала бальшыню таго, што хацела, асабліва ў ваеннай сфэры, і яна ня бачыць аніякіх прычынаў сьпяшацца ратаваць слабеючую эканоміку суседняе краіны – напрыклад, праз дазвол беларускаму Нацыянальнаму банку друкаваць рублі. Расейцы напэўна ж не жадаюць зьліваць дзьве валюты па курсу, выгоднаму для беларусаў. Паводле падлікаў некаторых эканамістаў, аб'яднаньне валютных сыстэмаў паглыне каля 5% расейскага валавага нутранога прадукту.

Лукашэнка разьлічвае ў выпадку стварэньня адзінае дзяржавы стаць адным зь ейных кіраўнікоў. Аднак прэзыдэнт Ельцын не пажадаў пайсьці на варыянт, паводле якога ён становіцца прэзыдэнтам аб'яднанае дзяржавы, а Лукашэнка – ягоным намесьнікам. Ельцын катэгарычна заявіў, што ён перадасьць уладу ў вызначаны канстытуцыяй Расеі час свайму дэмакратычна абранаму пераемніку.

Усё гэта пакідае Лукашэнку тры асноўныя выбары, — лічыць Economist. Лукашэнка можа на самой справе паспрабаваць запозьнена заляцацца да Захаду. Або цярпліва чакаць, хто ж стане наступным расейскім прэзыдэнтам, і зноў закідваць свае прапановы. Або, нарэшце, заставацца на ўласнай дзялянцы, тым больш, што Лукашэнка ўжо зьмяніў беларускую Канстытуцыю, працягнуўшы свае паўнамоцтвы да 2001 году.

Ніводная з гэтых альтэрнатываў не выглядае вельмі прывабна. Захад, безумоўна, застаецца вельмі скептычным наконт абвешчанае Лукашэнкам прыхільнасьці да яго. Лукашэнка мяняў свае погляды часта – і радыкальна. Ён ня мае аніякае павагі да дэмакратыі, — працягвае Economist, і пералічвае некаторыя моманты ўзаемадачыненьняў Лукашэнкі з Захадам – зьбіцьцё амэрыканскіх паветраплавальнікаў, скандал вакол амбасадаў, ухвальныя словы пра Гітлера.

Што да Расеі, то яна, безумоўна, ня будзе абдымацца зь Беларусьсю на тых роўных умовах, якія патрабуе Лукашэнка. Найбольшае, на што ён можа разьлічваць — гэта паглынаньне па нямецкай мадэлі 1990 года, калі шэсьць беларускіх вобласьцяў далучаюцца да расейскіх 89 рэгіёнаў. Многія расейскія палітычныя лідэры разглядаюць Лукашэнку як пагрозу, паколькі самі жадаюць стаць гаспадарамі Крамлю. Яны зробяць усё магчымае, каб трымаць Лукашэнку далей ад сцэны. І зразумела, што расейскія дэмакраты не жадаюць бачыць яго побач.

Усё гэта пакідае Лукашэнцы трэці шлях – заставацца ў Беларусі, ня маючы сілаў павярнуць сваю краіну ні на Захад, ні на Ўсход. Пад ягоным кіраўніцтвам, Беларусь становіцца ўсё бяднейшаю. Сяляне атрымліваюць 8 даляраў у месяц, настаўнікі – 20. Зьявіўся дэфіцыт, продаж некаторых тавараў абмежаваны. Калі Лукашэнка зажадае захаваць статускво, вельмі верагодна, што ён раскруціць сьпіраль зьбядненьня і рэпрэсыяў. На шчасьце для яго, у Беларусі 120 тысячаў супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў – і гэтае войска большае і лепш аснашчанае за рэгулярную армію.

Па матэрыялох Economist

XS
SM
MD
LG