Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 ліпеня 1999 г.


Любоў Лунёва, Менск

Днямі ў менскім сьледчым ізалятары быў расстраляны 19-гадовы Антон Бандарэнка. Ён быў сьпісе асуджаных да вышэйшай меры пакараньня, пра лёс якіх клапаціліся міжнародныя ўплывовыя арганізацыі ды прадстаўнікі розных рэлігійных канфэсыяў. Маці Антона Бандарэнкі надоечы правяла несанкцыянаваны пікет каля будынку адміністрацыі "прэзыдэнта" Беларусі.

Раней Радыё Свабода ўжо паведамляла пра асобаў, якія былі асуджаныя да "вышэйшай меры пакараньня" — расстрэлу. Пры дасьледваньні гэтых справаў былі выяўленыя парушэньні з боку сьледзтва, а таксама адсутнасьць неаспрэчных доказаў віны асобаў, абвінавачаных у забойствах.

Антон Бандарэнка быў шостым і апошнім у сьпісе асобаў, справы якіх выклікалі сумневы ў міжнародных экспэртаў. Нагадаем іх прозьвішчы: Іван Фамін, Сяргей Праціраеў, Ігар Склярэнка, Міхась Вывушонак, Сяргей Забабурын, Антон Бандарэнка.

Антон Бандарэнка быў асуджаны Менскім раённым судом. У справе ёсьць ліст ад "падзельніка", які распавёў, што сам зьдзейсьніў забойствы. Матэрыялы сьледчага экспэрымэнту таксама падцьвердзілі гэта.

Усім гэтым асуджаным у сярэднім 20 гадоў. Мы расказвалі раней аб зьдзеках над імі й невыносных умовах утрыманьня ў камэрах сьмертнікаў. Паколькі адвакаты прайшлі ўсе судовыя і пракурорскія інстанцыі, за справу ўзяліся міжнародныя праваабарончыя арганізацыі Amnesty International, Human Rights Watch, Міжнародная Гэльсынская фэдэрацыя, а таксама прадстаўнікі каталіцкай ды ўніяцкай царквы. Яны разаслалі факсы прэзыдэнту, гэнэральнаму пракурору, старшыні Вярхоўнага суду, старшыні камітэту ў справах памілаваньняў, у камітэт дзяржбясьпекі з просьбаю пераглядзець справы.

Так і не дачакаліся хлопцы й іхныя бацькі перагляду судовых справаў. Калі Антон Бандарэнка адзін з жалобнага сьпісу яшчэ быў жывы, ягоная маці пайшла з адчаю на несанкцыянаваны пікет каля адміністрацыі "прэзыдэнта". Яна такім чынам спрабавала прыцягнуць увагу ўладаў і уратаваць жыцьцё свайго 19-гадовага сына.

У міліцэйскім пастарунку яе ўпэўнілі, што, можа, справа вырашыцца станоўка. Кааардынатар Amnesty International па Цэнтральнай і Заходняй Эўропе Маты Прынгл паведаміў нашаму радыё: "Міжнародная Амністыя выступае супраць сьмяротнага пакараньня ва ўсіх выпадках без выняткаў. Надыйшоў час, каб адмяніць сьмяротнае пакараньне ва ўсім сьвеце. Выпадкі расстрэлаў уяўляюцца з кожным годам усё больш дзікунскімі. Нішто ня сьведчыць аб тым, што сьмяротнае пакараньне памяншае злачыннасьць або палітычную сытуацыю. Ва ўсіх краінах, дзе адбываюцца сьмяротныя пакараньні, няма прапарцыйнасьці паміж колькасьцю бедных людзей, расавых або этнічных мяншыняў. Часьцей сьмяротныя пакараньні карыстаюць як зброю або сродак палітычнага гвалту. Сьмяротнае пакараньне ажыцьцяўляецца свавольна й ня мае зваротнае сілы. У выніку, пазбаўляюцца жыцьцяў невінаватыя людзі. Гэта парушэньне асноўнага права чалавека — права на жыцьцё".

Калі ў суботу маці Антона Бандарэнкі прынесла ў СІЗА перадачу сыну, то яе адмовіліся ўзяць — таму што сын быў ужо мёртвы.

XS
SM
MD
LG