Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 ліпеня 1999 г.


Алесь Лазоўскі, Менск

Афіцыйныя і Свабодныя прафэсыйныя зьвязы далі адмоўную ацэнку дэкрэта "прэзыдэнта". Кіраўнік Фэдэрацыі прафзьвязаў Уладзімер Ганчарык лічыць, што на эканамічна моцных прадпрыемствах няма патрэбы ўмацоўваць дысцыпліну. Старшыня Свабоднага прафзьвязу Генадзь Быкаў прагназуе, што праз дэкрэт будзе зробленая чарговая спроба пазбавіцца незалежных прафзьвязаў.

Нормы, якія ўтрымлівае дэкрэт, амаль цалкам былі ўзятыя з апошняга праекту, супраць якога выступалі афіцыйныя прафэсыйныя зьвязы прыкладна месяц таму. Разам з тым заўвагі не паўплывалі на ягоны зьмест. Таму сёньня кіраўнікі афіцыйных і незалежных прафэсыйных зьвязаў выказваліся адмоўна паводле нормаў, што ён утрымлівае. У інтэрвію нашаму радыё старшыня Фэдэрацыі прафзьвязаў Уладзімер Ганчарык заявіў: "У праекце дэкрэту, нажаль, пераважаюць адміністратыўныя мэтоды, маўляў, калі перавесьці людзей на кантракты — будзе дысцыпліна. Але гэта ўтопія. Пры такім нізкім заробку, затрымкамі ягоных выплатаў у калгасах на тры месяцы, нерытмічнай працаю прадпрыемстваў у гарадох раптам можа вырашыцца праблема дысцыпліны й п'янства — чакаць гэтага, у лепшым выпадку, наіўна. Справа ў іншым. У жаданьні вырашаць праблемы не эканамічнымі, а валявымі мэтодамі". Кантракт, на думку старшыні Фэдэрацыі, скасуе многія з правоў наёмных работнікаў, сярод якіх — права на мінімальную аплату працы. Яно было раней у калектыўнай працоўнай дамове, але ці будзе ў кантракце — дэкрэт пра тое не паведамляе.

Акрамя таго, у дакуманце няма мэханізму ўдзелу прафэсыйных зьвязаў у падпісаньні й скасаваньні кантракту. Гэтыя палажэньні пярэчаць міжнародным нормам у галіне працоўных стасункаў, таму мы будзем настойваць на іхнай карэктоўцы, адзначыў кіраўнік ФПБ.

На пытаньне пра бліжэйшыя наступствы, выкліканыя прынятым дэкрэтам, Ганчарык адказаў: "Будзе пакараная вялікая колькасьць людзей, у тым ліку й кіраўнікоў прадпрыемстваў, таму што яны апынуцца пад падвойным прэсам — і дысцыпліны няма й кантракты не падпісаныя. Гэта поле для дзейнасьці кантрольных ворганаў. Мы ставім пытаньне, як рэарганізаваць эканоміку, таму што няма пытаньняў з дысцыплінаю на тых прадпрыемствах, дзе плацяць нармалёвы заробак".

А кіраўнік Свабодных прафэсыйных зьвязаў Генадзь Быкаў ня верыць у масавае пакараньне дырэктарскага корпусу: "Ня думаю, што іх будуць наказваць. Гэта будзе рабіцца выбарачна, а над іншымі будзе вісець гэтая дубіна — у любы час можна скарыстаць гэтыя санкцыі. Абараняць дырэктароў мы будзем, але тых, якія кампэтэнтныя, якія ўсё робяць дзеля працаўнікоў, якія не парушаюць законы. З такім дырэктарамі мы працавалі, а зараз гэта павялічыцца".

Пад дубінаю над галавою дырэктарскага корпусу маецца на ўвазе абавязак своечасова выплачваць заробак, сачыць за паступленьнем выручкі ад бартэру й г.д. А таксама штраф у 100 мін. заробкаў за незаконнае прыцягненьне работніка да адказнасьці.

Даючы агульнаадмоўную ацэнку дэкрэту, Генадзь Быкаў прагназуе пагаршэньне становішча, у тым ліку, і для сяброў Свабоднага прафзьвязу: "Для нашага Свабоднага прафзьвязу гэты дэкрэт вельмі й вельмі небясьпечны. Адміністрацыі даецца рычаг весьці змаганьне з тымі, хто не ў рэчышчы, хто ў Свабодным прафзьвязу. Табе падсоўваюць кантракт і кажуць, што хочуць заключыць кантракт. І такі кантракт, ну... небясьпечны. І калі ты адмаўляешся — па гэтаму дэкрэту працоўныя стасункі сканчаюцца".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG