Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 ліпеня 1999 г.


Міхал Стэльмах, Менск

Як адзначаюць назіральнікі, з дапамогаю дэкрэту № 29 Аляксандар Лукашэнка мяркуе ўмацаваць выканальніцкую дысцыпліну свайго кадравага корпусу. У дакуманце гэтай мэце ўдзеленая значная ўвага. Задумка аўтараў дэкрэту відавочная — зьвязаць кіруючую эліту больш жорсткай падпарадкаванасьцю, а таксама забясьпечыць яшчэ больш кантроль над шэраговымі працаўнікмі.

Дырэктарскі корпус Беларусі маўкліва адрэагаваў на, так званыя, дадатковыя меры па ўдасканаленьні працоўных асдносінаў і ўмацаваньні працоўніцкай і выканальніцкай дысцыпліны. Ва ўсялякім разе аб'яднаньні наймальнікаў пакуль што ня выказалі публічных ацэнак мерам, з дапамогаю якіх Аляксандар Лукашэнка зьбіраецца ўсталёўваць новыя парадкі ў працоўных калектывах.

У прыватнасьці, Вольга Бекасава — выканаўчы дырэктар Беларускага зьвязу прадпрыймальнікаў і арандатараў — паведаміла на гэты конт наступнае: "Спосабам даведацца пра болевыя кропкі любога дакуманту, які выходзіць у сьвет, для мяне зьяўляецца зваротная сувязь зь сябрамі нашага Зьвязу. І на сёньняшні дзень яшчэ не было аніводнага тэлефанаваньня ад кіраўнікоў суб'ектаў гаспадараньня. Таму кіраўніцтва Зьвязу мяркуе на працягу бліжэйшага часу болей грунтоўна вывучыць сытуацыю, што складзецца ў выніку прыняцьця дэкрэту".

Стрыманасьць айчыннага дырэктарату — рэч зразумелая. Як патлумачыў сёньня адзін зь ягоных прадстаўнікоў, які пажадаў застацца неназваным, беларускіх гаспадарнікаў навогул цяжка зьдзівіць нейкімі наваўвядзеньнямі, нават, самага жорсткага характару. Рэч у тым, што кожны з кіраўнікоў, паводле майго суразмоўцы, пад час кіраваньня краінаю Аляксандрам Лукашэнкам выдатна засвоіў для сябе наступнае: ягоныя дэкрэты, указы й законы мала ўплываюць на асабісты лёс эліты. Гарантам ейнае бясьпекі ў першую чаргу зьяўляецца палітычная ляяльнасьць да цяперашніх уладаў. Прынамсі, як лічаць незалежныя экспэрты, на забесьпячэньне такой ляяльнасьці й палітычнае падтрымкі якраз і зарыентаваны новы дакумант Аляксандра Лукашэнкі.

Рэч у тым, што згаданы дэкрэт надзвычай вяла заахвочвае адміністрацыю прадпрыемстваў на дасягненьне імі высокіх эканамічных паказьнікаў. Як лічаць спэцыялісты па кіраваньню, эфэктыўная дзейнасьць прадпрыемстваў у найвялікшай ступені залежыць ад стымуляваньня працы кіруючага пэрсаналу. Калі ён задаволены гэтымі стымуламі, то кіраўнікі самі дбаюць аб належнай выканальніцкай дысцыпліне ў працоўных калектывах.

Добрае фінансавае заахвочваньне працы кіруючага пэрсаналу служыць тут ці не самым эфэктыўным сродкам аздараўленьня працоўных стасункаў. Ва ўсялякім разе, з шэрагу наймальнікаў за пяць гадоў кіраваньня краінаю Аляксандрам Лукашэнкам да яго аніколі не зыходзіла ініцыятыва аб неабходнасьці дадатковых мераў па ўзмацненьню выканальніцкае дысцыпліны для плённага разьвіцьця айчыннае эканомікі.

Зьяўленьне дэкрэта № 29 — гэта, безумоўна, ініцыятыва самога Лукашэнкі ды ягонага бліжэйшага палітычнага атачэньня. Як вынікае з тэксту дакуманта, кіруючы пэрсанал закліканы перагледзець працоўныя стасункі між сабою ў бок узмацненьня падпарадкаванасьці. Прыкладам, кантракт з кіраўніком можа быць разарваны з прычыны прыхоўваньня ім фактаў парушэньня выканальніцкае дысцыпліны падначаленых і за непрыцягненьне да адказнасьці за такія парушэньні вінаватых асобаў.

На практыцы, як зазначаюць экспэрты, гэта будзе выглядаць наступным чынам — калі рабочы на заводзе не падтрымлівае цяперашнюю Канстытуцыю краіны й гэты факт будзе прыхаваны майстрам, начальнікам участку або начальнікам цэху, то такім кіраўнікам, паводле дэкрэту, ня мейсца на сёньняшнім прадпрыемстве. У працоўных калектывах, трэба меркаваць, Аляксандру Лукашэнку патрэбнае іншае начальства.

XS
SM
MD
LG