Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 27 ліпеня 1999 г.


Галіна Айзэнштат, Менск

Сёньня ў беларускай дзяржаўнай прэсе зьявіўся тэкст дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі аб узмацненьні працоўнае дысцыпліны. Больш як два гады йшла падрыхтоўка й размовы аб магчымым прыняцьці гэтага дэкрэту. Больш як два гады Аляксандар Лукашэнка не рашаўся яго падпісваць... Чаму цяпер дэкрэт усё ж такі быў прыняты?

Момант для, так бы мовіць, выбуху выбраны не выпадковы. Гэта своеасаблівы адказ усім, хто лічыць, што легітымнасьць Лукашэнкі як прэзыдэнта скончылася 20 ліпеня.

Дэкрэтам, падпісаным 26-га, Лукашэнка паказаў — хто ў краіне гаспадар. У яго 5-м пункце сказана, што невыкананьне Канстытуцыі, рашэньняў прэзыдэнта, законаў Рэспублікі Беларусь, пастановаў Саўміну й судовых пастановаў пры выкананьні службовых абавязкаў будзе лічыцца грубым парушэньнем працоўных абавязкаў.

Такім чынам, побач з асноўным законам краіны ў адзін шэраг залічаюцца дакуманты, народжаныя чыноўнікамі, хай сабе й "высокага" рангу.

Дэкрэт выдадзены з узгадкаю Часткі 3 Артыкула 101 Канстытуцыі. У ім сказана, у прыватнасьці, "Палата прадстаўнікоў і Савет рэспублікі законам, прынятым большасьцю галасоў ад поўнага складу палат па прапанове прэзыдэнта могуць дэлегаваць яму заканадаўчыя паўнамоцтвы на выданьне дэкрэтаў, якія маюць сілу закона". Гэтыя паўнамоцтвы дэлегаваныя Аляксандру Лукашэнку амаль адразу, як толькі ён сфармаваў тыя "заканадаўчыя" ворганы сваім указам пасьля рэфэрэндуму 96-га году.

Усе чатырнаццаць пунктаў дэкрэту са шматлікімі падпунктамі так ці йначай закранаюць інтарэсы бальшыні беларускага грамадзтва, з улікам, што ўводзіцца кантрактная сыстэма працы. Шмат каго закране й палажэньне аб зьмяншэньні або пазбаўленьні прэміяў, скарачэньне адпачынку нават за аднаразовае парушэньне працоўнае дысцыпліны. За парушэньне ж правілаў нутранога распарадку пагражае паніжэньне ў клясе ці званьні, а гэта тычыцца чыноўнікаў дзяржапарату. Да дысцыплінарнае адказнасьці прыцягваюць за карыстаньне дзяржаўнай маёмасьцю, якой менавіта — не ўдакладняецца: "не ў службовых метах" ці гэтак далей.

Ня соладка будзе й кіраўнікам "высокага" рангу — да адказнасьці іх будуць зараз прыцягваць і за тое, прыкладам, што своечасова ня выплацілі заробак, а самі яны будуць яго атрымліваць пасьля таго, як атрымаюць іхныя падначаленыя. Пры сёньняшнім стане эканомікі — гэта амаль невыканальная задача. Пакараньне іх чакае нават і за тое, што ня ў тэрмін выканаюць прадпісаньне праваахоўных або кантрольных ворганаў.

Кантраляваць жа ўсё і ўсіх будзе камітэт па інспэкцыі працы пры міністэрстве працы. Зразумела — у баку не застанецца й камітэт дзяржаўнага кантролю.

Дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі — гэта стварэньне такой сыстэмы ўлады, пры якой людзі — ня больш чым шрубкі мэханізму, які запускаецца й працуе ўключэньнем кнопкі адным чалавекам, што ўзвышаецца па-над усімі й лічыць сябе непадсудным.

Як тут не ўзгадаць змрочную постаць "правадыра ўсіх народаў" Восіпа Вісарыёныча Сталіна? Падобна, што Беларусь у 90-я гады ХХ стагодзьдзя паўтарае шлях СССР 30-х гадоў.

XS
SM
MD
LG