Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 26 ліпеня 1999 г.


Алег Жукоўскі, Віцебск

"Славянскі базар" у Віцебску праходзіў у вельмі складанай атмасфэры.

Напружанасьць у горадзе адмоўна ўзьдзейнічае на гарадзкія ўлады — мясцовыя міліцыянты на ўсялякі выпадак затрымліваюць усіх, хто па іхных меркаваньнях выяўляе хоць нейкую апазыцыйнасьць. Так, былі дастаўленыя ў пастарунак журналісты "Народнага Слова" Сяржук Кавалеўскі і "Віцебскага Кур'еру" Аляксандар Букшанскі. Справа ў тым, што ў Сяржука ў рукох быў нумар злашчаснага дайджэсту "Свабоднае Слова", за які ўжо пацярпела пяць чалавек. І журналісты былі вымушаныя даваць тлумачэньні — чаму насілі з сабою гэтае выданьне. Як сказаў спадар Букшанскі — ён упершыню адчуў сябе палітычным чалавекам.

Міліцыянтаў можна зразумець, бо ім даводзіцца ўвесь час быць пільнымі — то здымаць вывешаны нацыянальны сьцяг, то зафарбовываць шматлікія графіці, што, дарэчы, яны робяць ня вельмі "адказна". Так, у вялізным надпісе на ўзьбярэжжы Дзьвіны "Лука — СТОП. 20.07.99 Finita" замалявалі толькі першыя чатыры літары й лічбы "20" і "99".

А ўчора суполка БНФ правяла каля помніка паэту Аляксандру Пушкіну несанкцыянаваны пікет, на якім распаўсюджваліся ўлёткі ў абарону ягонага вядомага беларускага цёзкі мастака Алеся Пушкіна. Асноўная ідэя пікету — "творцу нельга судзіць за творчасьць".

Галаўны боль прынесла міліцыянтам і акцыя віцебскае моладзі, якая добра аздобіла "Сьвята гораду". Плынь Заходняе Дзьвіны пранесла дзесяткі бел-чырвона-белых сьцяжкоў, прыбіваючы іх да берагоў. А над цэнтрам сьвята ад самога амфітэатру непасрэдна з тысячнага натоўпу ўчора ўвечары а палове на дзевятую гадзіну на паветраных шарах колераў нацыянальнае сымболікі ўзьвіўся ў неба гістарычны беларускі сьцяг.

XS
SM
MD
LG