Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 ліпеня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

21 ліпеня розныя грамадзяне па рознаму выказвалі сваю грамадзянскую пазыцыю. Беларускія "ўлады" вырашылі не распачынаць новы палітычны скандал, зьвязаны з асобаю трыццацітрохгадовага мастака зь мястэчка Бобр Алеся Пушкіна. Ён 21 ліпеня вывярнуў тачку гною каля ганку адміністрацыі "прэзыдэнта". Пратрымаўшы Пушкіна 12 гадзінаў у пастарунку, міліцыянты выпусьцілі яго на волю пад падпіску аб нявыезьдзе.

Паводле словаў самога мастака, прыехаўшы зь Менску, ён адмыслова на некалькі дзён адключыў тэлефон і адпачываў — схадзіў у царкву й займаўся гаспадаркаю, каб зьняць нэрвовае напружаньне мінулых дзёнаў.

А напружаньне, відаць, і сапраўды было вельмі моцным. Ды яшчэ б! Прывезьці ў дзень заканчэньне паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі да адміністрацыі падарункі ў выглядзе гною, вілаў, выбарчых і рэфэрэндумных плякатаў першага прэзыдэнта, ды іншай падобнай сымболікі, і вываліць усё гэта каля ганку — дзеля гэтага трэба быць надзвычай сьмелым чалавекам.

Дарэчы, паводле словаў Пушкіна, гэтую сьмеласьць ацанілі й міліцыянты ўжо пасьля ягонага затрыманьня. Як паведаміў мне Алесь, літаральна празь некалькі хвілінаў пасьля таго, як міліцэйскі нарад даставіў яго ад "прэзыдэнцкай" адміністрацыі ў гарадзкі аддзел па вуліцы Маркса, туды прыбег нейкі палкоўнік — начальнік аховы галоўнага аб'екту краіны. "Высокага" міліцэйскага афіцэра цікавіла толькі адное: як мастаку ўдалося незаўважаным правезьці свой груз да прэзыдэнцкай адміністрацыі? Там жа, маўляў, такая ахова...

Пушкін распавёў, як яму ўдалося перахітрыць міліцыянтаў. Аказваецца, на нанятым мікрааўтобусе ён спакойна падвез гной, тачку ды іншыя "падарункі" і выгрузіў усё гэта каля тэатру Янкі Купалы. Ахоўнікі парадку, відаць, прынялі аўтара ўдалага пэрфомансу за рабочага-азяляняльніка, які ўпарадковываў тэрыторыю вакол "прэзыдэнцкай" адміністрацыі, і не зьвярнулі на яго асаблівае ўвагі.

Міліцэйскі начальнік адразу ўхапіўся за гэтую вэрсыю і пачаў даводзіць іншым афіцэрам, якія знаходзіліся ў пастарунку, што ягоныя падначаленыя не вінаватыя, маўляў, гэта Пушкін сваім выглядам увёў усіх у зман. Пасьля начальнік аховы "прэзыдэнцкага" палацу пачаў дакараць мастака за неразважлівасьць. Паводле словаў палкоўніка, згодна інструкцыі ахоўнікі парадку маглі адкрыць па Пушкіну агонь на паражэньне, прыняўшы яго за тэрарыста. Маўляў, хто ведае, што ляжала ў вазку ў мастака? А можа пад гноем была схаваная бомба? Пасьля начальнік аховы самага важнага дзяржаўнага аб'екту доўга спрачаўся зь іншымі палкоўнікамі й падпалкоўнікамі — на чыёй жа тэрыторыі адбылося надзвычайнае здарэньне?

Іншыя ж міліцыянты, як сьцьвярджае Алесь, адкрыта выказвалі сваё захапленьне сьмеласьцю ягонага ўчынку. Аднак трымалі яго ў пастарунку даволі доўга. Справа ў тым, што мастак наадрэз адмаўляўся называць дзеля пратаколу сваё імя й прозьвішча. І на ўсе пытаньні "хто ж ты такі?" адказваў: "грамадзянін Беларускае Народнае Рэспублікі".

Аднак пратаколы на Пушкіна ўсё ж такі аформілі, адбіткі пальцаў зьнялі, а тачку, гной ды іншыя аксэсуары запісалі як рэчавыя доказы. Пасьля, паводле словаў Алеся, сьледчыя доўга вялі зь ім дыскусыі на тэму легітымнасьці Аляксандра Лукашэнкі як прэзыдэнта. Міліцыянты нават прызналі, што першы прэзыдэнт пасьля 20 ліпеня знаходзіцца на сваёй пасадзе незаконна. Аднак выказалі й свае прэтэнзыі да апазыцыі — маўляў, хто ж возьме цяпер на сябе паўнату ўлады? Калі Пазьняк у эміграцыі, а Шарэцкі ходзіць па замежных амбасадах і місыях ды ўсяго баіцца...

Пушкін ужо думаў, што выйсьці з пастарунку на свабоду яму не ўдасца. Аднак позна ўвечары адзін са сьледчых заявіў мастаку, што вязьнем сумленьня ён ня стане. І ўзяўшы з Алеся падпіску аб нявыезьдзе, адпусьціў яго на волю. Праўда, перад гэтым, паводле словаў Пушкіна, міліцыянт доўга раіўся па тэлефоне адносна яго зь нейкім "высокім" начальствам. Пасьля гэтага мастака выставілі за дзьверы пастарунку, але ўвесь час, пакуль Алесь ішоў да вакзалу, за ім няспынна сачылі з машыны.

Цяпер Пушкін адпачывае ў сваім Бабры й нават ня ведае — заведзеная на яго крымінальная справа ці не? Мы, аднак, спрабавалі высьвятліць — ці йснуе на яго справа й па якім артыкуле Крымінальнага кодэксу? Але, на ўсе спробы высьвятліць гэта, міліцыянты даваць камэнтары адмовіліся. На думку мастака, "уладам" цяпер не патрэбныя аніякія палітычныя скандалы й гучныя судовыя працэсы, паколькі гэта можа ўскладніць стасункі Лукашэнкі з Захадам. І толькі гэтым ён тлумачыць сваё хуткае вызваленьне.

XS
SM
MD
LG