Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 ліпеня 1999 г.


Валянцін Жданко, Менск

26 ліпеня судом Кастрычніцкага раёну Менску "Белорусская Деловая Газета" была аштрафаваная на 2 млрд. 100 млн. беларускіх рублёў за адную з сваіх публікацыяў пра суд над Васілём Старавойтавым.

Да 26 ліпеня самы буйны зыск, які калі-кольвек падаваўся беларускім незалежным выданьням, складаў 1 млрд. 100 млн. беларускіх рублёў. Такую кампэнсацыю вымушаная была заплаціць тая ж "БДГ" напрыканцы мінулага году былому міністру спорту й турызму Ананьеву. Цяпер гэтая планка паднятая ў два разы.

Працэс у Кастрычніцкім судзе паказальны ня толькі рэкорднай сумаю зыску, але таксама й тым, што судзілася з "БДГ" не канкрэтная асоба, а Рэспубліканская рада судзьдзяў — па сутнасьці, уся судзьдзёўская супольнасьць.

Рэдакцыя спрабавала давесьці абсурдовасьць сытуацыі, пры якой арганізацыя судзьдзяў высьвятляе адносіны з газэтаю, выкарыстоўваючы ў якасьці пасярэдніка аднаго зь сяброў сваёй супольнасьці. Ці можна казаць у такім выпадку пра незацікаўленасьць і аб'ектыўнасьць судзьдзі? Але й гэтае, і ўсе іншыя хадайніцтвы газэты былі праігнараваныя і адхіленыя.

Прадметам судовага разгляду стала публікацыя журналіста Віктара Марціновіча пра суд над Васілём Старавойтавым. У нататцы сьцьвярджалася, што ў Кіраўскім раённым судзе няма кампутара, між тым як вырок Старавойтаву набраны якраз на кампутары. Зыходзячы з гэтага журналіст зрабіў выснову, што, магчыма, вырок давядзецца перапісваць ад рукі або друкаваць на машынцы.

У сваёй наступнай публікацыі, калі ў газэту зьвярнулася з прэтэнзыямі кіраўская судзьдзя Надзея Чмара, рэдакцыя паправілася і, спасылаючыся на словы Чмары, напісала, што кампутар у Кіраўскім судзе ўсё ж ёсьць. Тым ня менш гэта аніяк не паўплывала на далейшае нарастаньне канфлікту.

Судовы працэс над "БДГ" уяўляе вялікую небясьпеку для ўсёй недзяржаўнай прэсы найперш тым, што створаны прэцэдэнт, прытым адразу ў некалькіх аспэктах. Па-першае, за нязначную недакладнасьць газэта пакараная штрафам амаль у восем тысячаў даляраў паводле афіцыйнага курсу Нацыянальнага банку, што здольна прыкметна падарваць фінансавае становішча выданьня. Па-другое, упершыню з газэтаю судзілая Рэспубліканская рада судзьдзяў, якая вызвалена ад уплаты дзяржаўнай пошліны, а таму, тэарэтычна, можа замаўляць любую суму зыску ў залежнасьці ад уласных фантазыяў. Вельмі можа здарыцца, што гэтым самым апробавалася новая схэма змаганьня ўлады зь недзяржаўнай прэсаю, выкарыстоўваючы астранамічныя сумы зыскаў за найменшыя недакладнасьці і падкантрольную судзьдзёўскую арганізацыю, эканамічна зьнішчыць усіх, хто адважваецца не пагаджацца зь дзеяньнямі ўлады й крытыкаваць ейную палітыку.

Варта адзначыць, што першапачаткова судзьдзя Чмара й Рада судзьдзяў патрабавалі спагнаць з газэты й журналіста 11 млрд. беларускіх рублёў. Гэта 41 тысяча даляраў паводле афіцыйнага курсу Нацбанку. Аднак, у выніку памер кампэнсацыі быў прыкметна паменшаны. Магчыма, сваю ролю адыграла тое, што пад час суду было прыведзена нямала паказальных прыкладаў таго, наколькі фантасмагарычна выглядаюць гэтыя прэтэнзыі на фоне сёньняшняе беларускае рэчаіснасьці. Тым ня менш, і пакінутая судом сума кампэнсацыі за нібыта зьняважаны гонар судзьдзі Чмары беспрэцэдэнтавая для Беларусі. 2 млрд. рублёў — гэта роўна ў 20 разоў болей, чым атрымалі паводле прэзыдэнцкага ўказу ў якасьці кампэнсацыі ад дзяржавы апанаваныя горам маці пасьля трагічнае сьмерці сваіх дзяцей на Нямізе.

XS
SM
MD
LG