Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 ліпеня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Заўтра, 27 ліпеня беларуская апазыцыя зьбіраецца адзначыць чарговыя — дзевятыя — угодкі абвешчаньня незалежнасьці Беларусі. Сёлета арганізатарам санкцыянаванае ўладамі акцыі выступіла Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя Народная Грамада.

У акцыі 27 ліпеня возьмуць удзел усе буйнейшыя апазыцыйныя партыі і арганізацыі Беларусі: Беларускі Народны Фронт, Аб'яднаная Грамадзянская партыя, Сацыял-дэмакратычная партыя Народная Грамада, Кангрэс дэмакратычных прафэсыйных зьвязаў, Асамблея няўрадавых арганізацыяў, Хартыя'97, а таксама, як паведаміў Мікола Статкевіч, партыя "Яблоко", якая да апошняга часу мела на беларускі сувэрэнітэт адмысловы погляд.

Апазыцыйная акцыя санкцыянаваная гарадзкімі ўладамі. Як паведаміў арганізатар — лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч, "акцыя адбудзецца заўтра, 27 ліпеня а 18:00 на пляцы Якуба Коласа".

(Карэспандэнт: ) "Спадар Статкевіч, дазволены вам маршрут ад пляцу Якуба Коласа да пляцу Бангалёр. Ці азначае гэта, што вы будзеце строга прытрымлівацца маршрута?"

(Статкевіч: ) "Мяне вельмі зьдзіўляе гэты палёт менгарвыканкамаўскае ці міліцэйскае фантазыі, якія прыдумалі такі маршрут у такі дзень, такое сьвята, і ў такіх абставінах. Я думаю, што людзі на пляцы Якуба Коласа самі здолеюць вызначыцца — якім маршрутам ім рухацца й куды".

(Карэспандэнт: ) "Спадар Статкевіч, вядома, што арганізатары мінулай акцыі, якая адбылася 21 ліпеня, адмыслова не падавалі заяўкі ў Менгарвыканкам у зьвязку з тым, што пасьля 21 ліпеня Аляксандар Лукашэнка страціў свае легітымныя паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы, а, значыць, што выканаўчая "вэртыкаль" таксама ня можа лічыцца легітымнаю, вы ўсё ж падалі заяўку ў Менгарвыканкам. Чым вы гэта тлумачыце?"

(Статкевіч: ) "Гэта крок "добрай волі". Мы зрабілі гэта, каб міліцыя мела мажлівасьць перакрыць рух транспарту. Калі міліцыя і выканаўчая "ўлада" будуць злоўжываць нашым імкненьнем забясьпечыць такую бясьпеку, то мы, безумоўны, можам надалей і не падаваць такія заяўкі. Таму што, як вы слушна заўважылі, выканаўчая ўлада ў нашай краіне з 21 ліпеня нелігітымная".

У штаб-кватэры Беларускага Народнага Фронту нашаму радыё паведамілі, што адмысловага рашэньня аб удзеле ў акцыі пратэсту не было. Але сябры БНФ на акцыі будуць прысутнічаць. Галоўныя лёзунгі для іх: абарона сувэрэнітэту Беларусі і пратэст супраць узурпацыі ўлады Аляксандрам Лукашэнкам.

Напярэдадні падпісаньня чарговага беларуска-расейскага інтэграцыйнага пляну Дзень Незалежнасьці набывае для апазыцыі знакавае значэньне. Гэтая акалічнасьць і мусіць вызначыць танальнасьць заўтрашняе акцыі апазыцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG