Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 26 ліпеня 1999 г.


Ёнас Лаўрынавічус, Вільня

Афіцыйная Вільня прызнала, што Сямён Шарэцкі ад мінулага чацьверу знаходзіцца ў Летуве. Але адказныя асобы з суседняе дзяржавы дагэтуль пазьбягаюць канкрэтных ацэнкаў таго, што азначае такое знаходжаньне для Летувы й для яе стасункаў з Беларусьсю.

У нядзелю летувіскі дэпартамант памежнае паліцыі афіцыйна падцьвердзіў, што старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі ХІІІ скліканьня Сямён Шарэцкі прыбыў у Летуву 22 ліпеня а 15:30 як пасажыр легкавога аўта праз памежны пункт Мядзінінкай. У звычайным парадку пасьля праверкі пашпарту й накладаньня ў яго візавага штампу, спадар Шарэцкі быў прапушчаны ў Летуву. Усё гэта дэпартамант памежнай паліцыі вызначыў пасьля праверкі кампутаровай базы даных памежнага кантролю.

Сама неабходнасьць у такой даведцы народжаная вельмі супярэчлівай інфармацыяй відавочна сэнсацыйнага характару, якая зьявілася ў летувіскіх СМІ. З аднаго боку, яшчэ ў пятніцу кіраўнік Таварыства беларускай культуры ў Летуве спадар Хведар Нюнька падцьвердзіў мясцовай радыястанцыі "З-над Віліі", што Сямён Шарэцкі знаходзіцца ў Летуве. І што для гэтага, маўляў, ён мае важкія прычыны. Не адмаўляў гэтага і ў інтэрвію агэнцыі Reuters і Станіслаў Шушкевіч, які зь Менску па тэлефоне паведаміў, што напрыканцы мінулага тыдню яны з Шарэцкім у Летуве мелі сустрэчу "з найвышэйшым кіраўніцтвам дружалюбнай нам Летувы". Пасьля гэтых сустрэчаў, маўляў, спадар Шарэцкі застаўся ў Летуве.

Можна толькі здагадвацца, колькі ў гэтым паведамленьні праўды, бо, зь іншага боку, старшыня Сэйму Летувы Вітаўтас Ландзбэргіс заявіў, паводле газэты Lietuvos Rytas, што ня думае, быццам бы Сямён Шарэцкі знаходзіцца ў Летуве. Маўляў, падчас суботняе сустрэчы з маладымі кансэрватармі зь Беларусі яны сьцьвярджалі яму, што спадар Шарэцкі ў Менску.

Аднак, ужо сёньня летувіскія газэты поўныя інфармацыі і аб сьпікеру Вярхоўнага Савету Беларусі, і аб сытуацыі ў гэтай краіне. Газэта Respublika друкуе інтэрвію з Шарэцкім і панарамны агляд беларускіх падзеяў, а Lietuvos Rytas — кароткую рэтраспэктыву абставінаў прыбыцьця Шарэцкага ў Летуву.

Галоўны акцэнт робіцца на тое, што 20 ліпеня скончыліся абумоўленыя Канстытуцыяй Беларусі 1994 году тэрміны кадэнцыі прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, і што з 21-га адзіным легітымным ворганам улады ў Беларусі дзяржавы Захаду прызнаюць Вярхоўны Савет ХІІІ скліканьня. Паводле гэтае Канстытуцыі кіраўніком дзяржавы аўтаматычна становіцца сьпікер Вярхоўнага Савету.

Разам з тым, адзначаецца, што Захад працягвае падтрымваць стасункі з Лукашэнкам. Такая дваістая пазыцыя і вызначыла розначытаньні ў трактоўцы газэтамі статусу спадара Шарэцкага. Lietuvos Rytas называе яго, прыкладам, у адным мейсцы дысыдэнтам, а ў другім нібыта прызнае ягоныя канстытуцыйныя паўнамоцтвы.

У інтэрвію нашай праграме сам Сямён Шарэцкі назваў прычыну свайго прыезду ў суседнюю з Беларусьсю краіну — ён атрымаў, маўляў, дакладныя зьвесткі аб тым, што яму пагражае арышт і таму, каб Вярхоўны Савет мог надалей дзейнічаць, ён мусіў быў выехаць за межы Рэспублікі: "Я думаю, што каб я, не дай Бог, апынуўся ў турме — дык дзейнасьць парляманту была б вельмі абцяжарана. А вось калі я знаходжуся на свабодзе, я маю рэгулярныя сувязі з намесьнікамі старшыні Вярхоўнага Савету, якія, дарэчы, былі абраныя 21 ліпеня, з прэзыдыюмам, з асобнымі дэпутатамі. І парлямант будзе дзейнічаць як і дзейнічаў, толькі з улікам таго, што парлямант мусіць вырашыць пытаньне аб уладзе".

Сямён Шарэцкі абверг чуткі пра нібыта пададзеную ім просьбу аб палітычным прытулку ў Летуве. Дарэчы, гэта ж адмаўляюць і летувіскія ўлады. Ён, маўляў, прыбыў сюды не за прытулкам, а за магчымасьцю далейшага змаганьня за вяртаньне Рэспублікі Беларусь на дэмакратычны шлях разьвіцьця. Хлусьнёй назваў Сямён Шарэцкі й аналягічныя чуткі пра Станіслава Багданкевіча, які цяпер адпачывае ў Паланьзе, але ў хуткім часе вернецца ў Беларусь, каб працягнуць працу ў складзе прэзыдыюму Вярхоўнага Савету.

Пад час свайго знаходжаньня ў Летуве Сямён Шарэцкі мае намер сустрэцца з кіраўніцтвам гэтае краіны для кансультацыяў. Між тым, сам летувіскі істэблішмэнт адносна ўсяго гэтага, відаць, яшчэ не вызначыўся. І міністар замежных справаў Альгірдас Саўдаргас, і дырэктар палітычнага дэпартаманту гэтага ведамства Вітаўтас Ушацкас у адзін голас адмаўляюцца камэнтаваць факт прыбыцьця Шарэцкага ў Летуву. Дарадчык прэзыдэнта Летувы па замежных справах Альбінас Янушка схільны меркаваць, што Сямён Шарэцкі прыехаў сюды ў якасьці прыватнае асобы. Пакуль, маўляў, ён у прэзыдэнтуру не зьвяртаўся, а калі зьвернецца, то прэзыдэнт, вядома, можа яго прыняць, як і іншых людзей. Важна — якія будуць мэты і што будзе ў намерах, тады й паглядзім, гаворыць спадар Янушка.

У прыёмнай старшыні Сэйму Вітаўтаса Ландзбэргіса нам паведамілі, што сустрэча паміж ім і Шарэцкім яшчэ не адбывалася. На думку сябры Сэйму кансэрватара Ўладзімера Ярмоленкі, Летува мусіць паводзіць сябе з Беларусьсю як і іншы сьвет — да ўлады можна патрапіць толькі праз выбары, дэмакратычным шляхам. У тым жа выпадку, калі ты, прыйшоўшы да яе, зьмяняеш умовы гульні — гэта ня мае анічога агульнага з дэмакратыяй. Калі Шарэцкі знаходзіцца ў Летуве — гэта, як лічыць Ярмоленка, вельмі добра, гэта значыць, што Летува ёсьць дэмакратычнай дзяржаваю.

Былы міністар замежных справаў Повілас Гіліс з Дэмакратычнай партыі працы лічыць, што беларускія дэмакраты могуць задаць летувіскім уладам немалую галаваломку. З аднаго боку, ён таксама лічыць, што толькі выбары фармуюць уладу, але зь іншага, маўляў — нам зь Беларусьсю трэба жыць, падтрымліваць стасункі з той уладаю, якая сёньня рэальна прымае рашэньні. Але, зноў жа, любы дэмакрат, паводле ягоных словаў, прызнае толькі абраную людзьмі ўладу.

XS
SM
MD
LG