Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 ліпеня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня старшыня грамадзкае камісыі ў справе расьследваньня зьнікненьня былога міністра нутраных справаў Юрыя Захаранкі юрыст Алег Волчак зьвярнуўся да пракурора Маскоўскага раёну Менска з просьбай прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці міліцыянтаў, якія перавысілі свае паўнамоцтвы й зьдзяйсьнялі гвалт над затрыманымі маніфэстантамі па заканчэньню акцыі 21 ліпеня.

Былы супрацоўнік пракуратуры й дэпутат Менскага гарсавету Алег Волчак быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным увечары 21 ліпеня ў раёне вуліцы Маскоўскай беларускай сталіцы. Разам з Волчакам міліцыянты схапілі ягоных сяброў — Аляксандра Абрамовіча й дэпутата Вярхоўнага Савету Паўла Знаўца.

Хлопцаў даставілі ў маскоўскі раённы аддзел міліцыі, дзе "ахоўнікі парадку" адразу адвялі Алега ў асобны габінэт і на працягу прыкладна 10 хвілінаў жорстка зьбівалі. Па словах спадара Воўчака, міліцыянты-садысты скончылі катаваньне толькі тады, калі заўважылі, што іхнай ахвяры стала блага.

Алег Воўчак гаворыць, што міліцыянты моцна адбілі яму пячонку, пашкоджаную яшчэ пад час вайны ў Афганістане. Зьбіты Алег прасіў дзяжурнага па пастарунку выклікаць "хуткую дапамогу", а таксама пракурора, паколькі міліцыянты зьбіваюць ні ў чым не вінаватых людзей. Але на ягоныя просьбы ніхто не рэагаваў.

Карэту "хуткай дапамогі" "ахоўнікі парадку" выклікалі толькі праз тры гадзіны, калі заўважылі, што Воўчак пачаў губляць прытомнасьць. У суправаджэньні некалькіх супрацоўнікаў РАУС Алега адвезьлі ў шпіталь хуткай дапамогі, дзе яму быў пастаўлены даволі сур'ёзны дыягназ і зафіксаваныя шматлікія траўмы й пашкоджаньні.

Лекар, паводле словаў спадара Воўчака, настойваў на неадкладнай шпіталізацыі. Аднак міліцыянты заявілі мэдыкам, што не пакінуць Алега ў лякарні, паколькі ён крымінальны злачынца.

Воўчака зноў адвезьлі ў пастарунак, дзе без усялякіх санкцыяў пратрымалі блізу 18 гадзінаў. Паводле словаў Алега, яго няспынна выклікалі на допыты, дзе сьледчыя пагражалі яму вялікім тэрмінам зьняволеньня па Артыкуле 201 частка 2 Крымінальнага кодэксу Беларусі — злоснае хуліганства. Аднак пазьней Алегу Воўчаку абвесьцілі, што ён зьяўляецца сьведкаю па ўзбуджанай па факту несанкцыянаванага шэсьця апазыцыі крымінальнай справе ды адпусьцілі.

Учора ўвечары Алег зьвярнуўся ў судова-мэдычную экспэртызу, якая зафіксавала шматлікія цялесныя пашкоджаньні. І сёньня, напісаўшы адпаведную заяву, Алег ськіраваўся зь ёю ў пракуратуру Маскоўскага раёну Менску.

Спадар Воўчак патрабуе прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці супрацоўнікаў раённага аддзелу міліцыі, бо, на ягоную думку, супрацоўнікі аховы парадку перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы, нематывавана карысталіся фізычнай сілаю і злачынна бязьдзейнічалі, калі пацярпелы прасіў аб мэдычнай і праўнай дапамозе.

Алег Воўчак лічыць, што такое стаўленьне да яго міліцыянтаў не было выпадковым. На ягоную думку, супрацоўнікаў пастарунку найбольш раззлавалі паводзіны Алега пад час мітынгу 21 ліпеня на Кастрычніцкім пляцы. Спадар Воўчак заклікаў тады міліцыянтаў не падпарадкоўвацца больш нелегітымнаму прэзыдэнту й пераходзіць на бок законна абранага Вярхоўнага Савету. Алег таксама абвінаваціў праваахоўныя ворганы Беларусі ў адмысловым зацягваньні пошукаў гэнэрала Юрыя Захаранкі, за што, паводле ягоных словаў, і паплаціўся.

XS
SM
MD
LG