Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 ліпеня 1999 г.


Валянцін Жданко, Менск

Рэальная пагроза закрыцьця навісла сёньня над "Белорусской Деловой Газетой", выданьнем, якое вылучаецца сваёй уплывовасьцю й прафэсыйнасьцю на рынку незалежнай прэсы. 22 і 23 ліпеня ў Кастрычніцкім раённым судзе Менску вёўся працэс супраць БДГ па зыску Рэспубліканскай Рады судзьдзяў і судзі Надзеі Чмары з Кіраўскага раёну. Хадайнікі дамагаюцца закрыцьця газэты праз абкладаньне яе шматмільярдавым штрафам.

Судзьдзі незадаволеныя тым, як газэта надоечы асьвятляла гучны працэс над Васілём Старавойтавым, які вяла якраз судзьдзя Чмара. У зыскавай заяве функцыянэр Рады судзьдзяў Мінец сьцьвярджае, што гэзэта распавядала пра суд над Старавойтавым тэндэнцыйна, і што сваімі публікацыямі яна ймкнулася дыскрэдытаваць і беларускую судовую сыстэму цалкам, і судзьдзю Чмару ў прыватнасьці.

Канкрэтнай падставаю для прэтэнзыяў стала адная з публікацыяў журналіста БДГ Віктара Марціновіча. У нататцы Марціновіча памылкова сьцьвярджалася, што ў Кіраўскім раённым судзе няма кампутара, і таму вырок Старавойтаву нібыта пісаўся ад рукі або на машынцы. Аказалася, кампутар для судзьдзі Чмары Міністэрства юстыцыі напрыканцы мінулага году набыло, якраз у працэсе разгляду справы Старавойтава. Газэта прызнала, што дапусьціла недакладнасьць. І ў адным з наступных нумароў зьмясьціла адпаведную інфармацыю. Гэта, аднак, аніяк не паўплывала на далейшую хаду падзеяў.

Судзьдзі настойваюць на сваіх прэтэнзыях, прычым зыходам гэтага працэсу можа стаць спыненьне выхаду "Белорусской Деловой Газеты" на няпэўны тэрмін. Справа ўражвае тым, што ніколі раней сума маральнае кампэнсацыі, якую патрабавалі пакрыўджаныя чыноўнікі ад недзяржаўных газэтаў, не вымяралася такой астранамічнай для Беларусі лічбаю — судзьдзя Чмара вызначыла, што нанесеная ёй маральная шкода каштуе 11 млрд. беларускіх рублёў. 10 млрд. — з газэты й 1 млрд. — з аўтара нататкі Віктара Марціновіча.

Каб зарабіць такія грошы, седзячы ў судзьдзёўскім крэсьле, і жывучы толькі на заробак, Чмары спатрэбілася б больш як 40 гадоў. Дарэчы, будуць яшчэ некалькі параўнаньняў, зьвязаныя з сумаю кампэнсацыі. Яна значна перавышае аб'ём сродкаў, якія накіравала беларуская дзяржава, прыкладам, тысячам людзей на Гомельшчыне й Берасьцейшчыне, што пацярпелі ад вясновай паводкі. Гэтая сума таксама ня йдзе ні ў якое параўнаньне з той кампэнсацыяй, якую атрымалі ад дзяржавы 53 беларускія сям'і, што страцілі сваіх дзяцей пад час нядаўняй трагедыі на Нямізе.

Відавочна, што гэтая справа не зьяўляецца толькі асабістай ініцыятываю кіраўскай судзьдзі Чмары. А мэта ініцыятараў зусім не абмяжоўваецца імкненьнем уладкаваць ейны асабісты дабрабыт. Адвакаты й прадстаўнікі рэдакцыі спрабавалі зьвярнуць увагу судзьдзі Ірыны Ступень на беспрэцэндэнтавасьць працэсу, на тое, што ягонай сапраўднай мэтаю зьяўляецца не выпраўленьне дробнай памылкі ў газэце, а зьнішчэньне самой газэты.

Кіраўнік Рэспубліканскае Рады судзьдзяў Мінец у сваім выступу на судзе падаваў БДГ палітычныя абвінавачваньні і, у прыватнасьці, заклікаў суд высьвятліць — ці патрэбныя ў Беларусі такія газэты? На просьбу хоць як-небудзь абгрунтаваць памер зыску, які можа прывесьці да зьнішчэньня газэты, Мінец згадаў інцыдэнт пяцігадовай даўніны, калі беларускія зьнішчальнікі расстралялі паветраны шар з амэрыканскім грамадзянамі. Маўляў, тады амэрыканцы запатрабавалі ад беларускага ўраду кампэнсацыю ў 100 000 даляраў, а Чмара патрабуе цяпер ад газэты ўсяго 30 000 даляраў.

Канчатковае рашэньне па гэтай справе будзе прынятае ў панядзелак 26 ліпеня. Гэтая ж дата можа стаць вызначальнай для самой газэты і, увогуле, для ўсёй недзяржаўнай прэсы ў Беларусі.

XS
SM
MD
LG