Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 ліпеня 1999 г.


Ірына Курапаткіна, Вашынгтон

З заяваю, прысьвечанай сытуацыі ў Беларусі з нагоды 20 ліпеня, выступіў Крыстафэр Сьміт — старшыня кангрэсавае камісыі бясьпекі й супрацоўніцтва ў Эўропе.

"З моманту абраньня прэзыдэнта Лукашэнкі пяць гадоў таму Беларусь ня зьведала нічога акрамя заняпаду ў сфэры дэмакратыі і правоў чалавека ды пагаршэньня эканамічнае сытуацыі" — гаворыцца ў заяве кангрэсмэна Крыстафэра Сьміта, якая была распаўсюджаная ўчора.

"Беларускі ўрад працягвае парушаць свае абавязацельствы перад Арганізацыяй Бясьпекі й Супрацоўніцтва ў Эўропе датычна выкананьня правоў чалавека, дэмакратыі і забесьпячэньня кіраваньня закону. У аснове гэтых парушэньняў палягае празьмерная ўлада, якую узурпаваў Лукашэнка пасьля ягонага абраньня ў 1994 годзе ды, асабліва, пасьля нелегітымнага рэфэрэндуму 1996 году, калі ён распусьціў Вярхоўны Савет і стварыў новы "заканадаўчы" ворган, які наўпросткі падпарадкоўваецца ягонаму кіраўніцтву"-- сьцьвярджаецца ў заяве.

Кангрэсавая камісыя бясьпекі й супрацоўніцтва ў Эўропе, вядомая таксама як Гэльсынская камісыя, якую ачольвае Крыстафэр Сьміт, праводзіла пільны маніторынг і неаднаразова распавядала пра сумную сытуацыю ў Беларусі. Камісыя таксама намагалася ініцыяваць пазытыўныя зьмены празь беспасярэдні кантакт зь кіраўніцтвам краіны, а таксама праз АБСЭ.

Напачатку ліпеня Парляманцкая асамблея АБСЭ пераважнай бальшынёю галасоў падтрымала рэзалюцыю, у якой заклікала да правядзеньня дэмакратычных пераўтварэньняў у Беларусі, якія б уключалі правядзеньне вольных і справядлівых выбараў у наступным годзе.

Як старшыня амэрыканскае дэлегацыі, Крыстафэр Сьміт заклікаў калегаў-парлямантарыяў далучыцца да патрабаваньня аб вызваленьні экс-прэм'ер-міністра Беларусі Міхала Чыгіра, а таксама, аб забесьпячэньні вольнага неабмежаванага доступу да сродкаў масавае інфармацыі ўсім апазыцыйным групам. Кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт далучыўся й да групы 125 парлямантарыяў, якія прадстаўляюць 37 з 57 краінаў-удзельніцаў і паставілі свае подпісы пад заяваю, у якой выказвалася жорсткая крытыка цяперашняе сытуацыі ў Беларусі, асуджалася ўжываньне гвалту супраць дэпутатаў Вярхоўнага Савету, выказваўся пратэст супраць арыштаў дэпутатаў.

У заяве з нагоды 20 ліпеня Крыстафэр Сьміт гаворыць, што апошнімі днямі зьявіліся пробліскі надзеі ў шэрай і вельмі складанай беларускай сытуацыі. У адпаведнасьці з сумеснай заяваю рабочай групы Парляманцкае асамблеі па Беларусі ды адмысловай назіральнай групы АБСЭ ў Менску (заява гэтая была агучана 17 ліпеня) беларускі прэзыдэнт пагадзіўся на правядзеньне вольных, справядлівых парляманцкіх выбараў, якія будуць прызнаныя міжнародным супольніцтвам.

Кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт падзяляе думку пра важнасьць забесьпячэньня доступу да электронных сродкаў масавае інфармацыі ўсім удзельнікам перамоваў, а таксама палітычнага клімату, пазбаўленага страху й палітычна матываванага перасьледу. Крыстафэр Сьміт зазначае, што трэба вітаць падобныя заявы, аднак ведаючы стыль Лукашэнкі, трэба заставацца падрыхтаванымі.

Кангрэсмэн Сьміт лічыць, што ажыцьцяўленьне беларускім кіраўніцтвам гэтых дамоўленасьцяў можа стаць станоўчым крокам, які вывядзе Беларусь зь міжнароднай ізаляцыі, а таксама стане пачаткам паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека.

XS
SM
MD
LG