Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 ліпеня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Прадстаўнікі амэрыканскае амбасады ў Менску адказалі на пытаньні Радыё Свабода аб пазыцыі Злучаных Штатаў у дачыненьні да Беларусі. МЗС Беларусі асудзіў заявы заходніх краінаў наконт заканчэньня легітымных прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі.

Увесну 1997 года ЗША пачалі праводзіць новую палітыку ў дачыненьні да Беларусі. Гэты падыход прадугледжваў выбарачныя кантакты з прадстаўнікамі беларускае ўлады, а таксама парады амэрыканскім бізнэсмэнам не рабіць інвэстыцыі ў беларускую эканоміку.

Я спытаў у прадстаўнікоў амэрыканскае амбасады, ці адбудуцца зьмены ў пазыцыі Вашынгтону ў зьвязку са зьмяніўшайся сытуацыяй у Беларусі.

Прадстаўнікі амбасады заявілі, што непавага Лукашэнкі да правоў чалавека ўжо шмат часу зьяўляецца перашкодаю ў двухбаковых стасунках. Калі ў гэтай галіне не адбудзецца паляпшэньня, палітыка выбарачных кантактаў будзе працягвацца. ЗША будуць настойваць на тым, каб урад распачаў сур'ёзны й канструктыўны дыялёг з апазыцыяй з мэтаю ўсталяваньня дэмакратычнага праўленьня.

Як вядома, Вярхоўны Савет на падставе Канстытуцыі 1994 году мае намер аб'явіць Сямёна Шарэцкага выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта.

Ці будуць Злучаныя Штаты прызнаваць Сямёна Шарэцкага часовым кіраўніком беларускае дзяржавы? На гэтае пытаньне я атрымаў наступны адказ: "мы будзем працягваць мець справы зь дзеючым урадам. Гэта аніякім чынам ня зьменшыць нашае падтрымкі дэмакратычных прынцыпаў у Беларусі. Вярхоўны Савет прадстаўляе гэтыя прынцыпы й павінен мець права на ўдзел у палітычным працэсе. Пасьля таго, як тэрмін Лукашэнкі скончыўся, Вярхоўны Савет зьяўляецца адзіным дэмакратычна абраным ворганам улады ў Беларусі. ЗША будуць працягваць заклікаць да павагі правоў чалавека, права на свабодныя й справядлівыя выбары, якія зьяўляюцца адзіным выйсьцем Беларусі з палітычнага тупіку".

Сёньня ж на брыфінгу ў МЗС Беларусі была распаўсюджаная заява зьнешнепалітычнага ведамства краіны з крытыкаю пазыцыі заходніх краінаў і міжнародных арганізацыяў. У заяве МЗС Беларусі сьцьвярджаецца, што дзейная Канстытуцыя 1994 году са зьменамі й дадаткамі была прынятая на рэфэрэндуме па двум канкуруючым праектам асноўных законаў. Што лігітымнасьць прынятых законаў вызначаецца воляю беларускіх выбаршчыкаў і ня мае патрэбы ў прызнаньні з-за мяжы. Далей у заяве МЗС Беларусі падкрэсьлена, што правамоцнасьць і пераемнасьць галінаў улады заснаваная на дзейнай Канстытуцыі, якая прадугледжвае правядзеньне чарговых парляманцкіх выбараў у 2000 і прэзыдэнцкіх — у 2001 гадох.

Разам з тым у заяве сьцьвярджаецца, што кіраўніцтва Беларусі выступае за дасягненьне грамадзкае згоды ў інтарэсах правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў у 2000 і 2001 гадох. МЗС сьцьвярджае, што ўнёсак у гэты працэс з боку АБСЭ й іншых міжнародных арганізацыяў, якія дзейнічаюць у межах свайго мандату, будзе вітацца беларускім бокам.

XS
SM
MD
LG